Лёгкая ўсмешка, ямачкі на шчочках, строгі і адначасова цёплы погляд карых вачэй — Вікторыя Пазняк вітае з кабіны вялізнага МАЗа. Гэтым летам яна падключылася да ўборачнай кампаніі ў КСУП «Бывалькі» Лоеўскага раёна — першай у яе жыцці. І адразу заўважны старт. Па-першае, яшчэ ніколі ў гаспадарцы ў прамым сэнсе не кіравала перавозачным працэсам 19-гадовая дзяўчына. Па-другое, уладальніца пераможнага імя ўжо перавезла ў засекі больш за паўтары тысячы тон збожжа. Карэспандэнты БелТА даведаліся больш пра юную ўладарку велікагруза і яе сям’ю.
19-гадовая Вікторыя Пазняк — адзіная ў Лоеўскім раёне дзяўчына — вадзіцель грузавіка. Яна тут свая літаральна. У Бывальках
нарадзілася, вырасла, тут і працуе. Пасля заканчэння школы Вікторыя паступіла ў Лоеўскі педагагічны каледж, потым малады спецыяліст па размеркаванні працаўладкавалася ў школу ў Брагіне, дзе ёй выдзелілі аднапакаёвую кватэру. Першы школьны год настаўніка пачатковых класаў праляцеў незаўважна. Вікторыя Ігараўна адразу знайшла з малымі гарэзамі агульную мову. Зрэшты, для маладога педагога гэта быў не першы досвед. Была і практыка, а на апошнім курсе яна ўладкавалася на працу, адначасова працягваючы вучобу.
Педагагічную спецыяльнасць выбрала за яе шматфункцыянальнасць. «Можна працаваць хоць у сферы адукацыі, у школе, напрыклад, ці ў міліцыі — у інспекцыі па справах непаўналетніх», — разважае Вікторыя.
Па сіле волі і цвёрдасці характару гэта мініяцюрная дзяўчына дасць фору любому вопытнаму чалавеку. Гэтым летам яна вырашыла прымяніць свае навыкі па вадзіцельскіх катэгорыях — стаж хоць і невялікі, але навык асвоены на выдатна. Гэта само жыццё і змены на ўборачнай паказваюць. Да таго ж, далёка не кожная аўталэдзі была за рулём такой колькасці машын — легкавых і велікагрузных, — як Віка ў свае 19. «На катэгорыю „В“ вучылася на „ладзе прыёры“, на „С“ — на МАЗе. А наогул мая першая машына — шостая мадэль „лады“. Потым сабе „джылі“ набыла», — адказвае яна
«Калі сказала маці, што буду працаваць на МАЗе, яна не паверыла, — усміхаецца Вікторыя. — А калі паверыла, стала падлічваць разам са мной кожны вечар, колькі тон перавезла». І тата падтрымаў рашэнне дачкі. «Сказаў: вядома, ідзі — і вопыт атрымаеш, і заробак», — расказвае дзяўчына.
Кіроўца грузавіка ўпэўненая ў сабе і ў тэхніцы, таму і шматтонны МАЗ лёгка яе слухаецца. Зрэшты, пачынала сезон дзяўчына на меншай машыне, але абставіны склаліся так, што перасела на гэту. Па прасёлкавых дарогах МАЗ імчыць лёгка. А калі раптам узнікаюць пытанні па тэхнічнай частцы, заўсёды на сувязі яе родная каманда — бацька і браты, якіх у Вікі чацвёра.
Авантурай змену амплуа дзяўчына не лічыць. Праца ў полі ніколі яе не палохала. Спецыфіку работы і яе графік, асабліва ў летні перыяд, цудоўна разумела, бо яе бацька Ігар ужо 25 гадоў працуе механізатарам у гэтай гаспадарцы. Дарэчы, і для яго сёлетняе жніво стала першым — у якасці старшага камбайнера.
- Трэба адзначыць, сямейны падрад на жніве падтрымаў яшчэ адзін член дружнай сям’і Пазняк. Брат Вікторыі Руслан вучыцца ў кадэцкім вучылішчы ў Гомелі, на лета прыехаў дадому і не застаўся ў баку ад надзённых аграрных пытанняў. Дужыя рукі і свежыя сілы ў гарачую пару — знаходка для гаспадаркі. Руслан дапоўніў экіпаж бацькі, стаўшы памочнікам камбайнера. Яны спрытна манеўруюць на кліне збожжавых на айчынным GS12.
Часцей за ўсё цяпер родныя людзі бачацца ў полі. Зрэшты, паспявае Вікторыя сустрэцца поглядам і з мамай, калі праязджае міма роднай хаты. Падворак ні з якім іншым не пераблытаць. Тут усё патанае ў кветках і іх водарах. Гэта справа таленавітых рук, а таксама густу і фантазіі гаспадыні Людмілы, якая з душой добраўпарадкоўвае тэрыторыю.
Дом як маяк для шматдзетнай сям’і, якая кожны вечар збіраецца ў ім разам. «Так, дзякуючы маме летам тут усё ў кветках, а зімой — ззяюць агеньчыкі», — з гонарам гаворыць дзяўчына.
Вікторыя падыходзіць да справы з максімальнай адказнасцю. Свае абавязкі, правілы і патрабаванні ведае.
«Мне вельмі падабаецца, вось праўда. Дні пралятаюць вельмі хутка. Нават стамляцца не паспяваю. Проста па душы мне гэта справа», — усміхаецца яна. У сярэднім за дзень робіць дзесяць рэйсаў, калі ў маршруце аддаленыя палі — да некаторых і 30 кіламетраў. А часам і да 20 рэйсаў даходзіла. Максімальна за дзень перавозіла 165 тон. «Гэта быў авёс. І цяпер завяршаем убіраць гэту культуру, наступныя — пшаніца і трыцікале. Да дзвюх тысяч тон павінна дацягнуць. Гавораць, што ў нашай гаспадарцы яшчэ не было двухтысячнікаў», — расказвае дзяўчына.
Калі надвор’е дажджлівае і вызваляецца крыху часу, Вікторыя накіроўваецца ў Брагін, дзе крок за крокам наводзіць утульнасць у кватэры, а на заробленыя на жніве сродкі плануе набыць мэблю.
Вікторыя ўжо зрабіла дастойны ўнёсак у агульнарэспубліканскі каравай і прадаўжае работу. Яе мэтанакіраванасць і адказнасць ацанілі і ў адміністрацыі прадпрыемства, і ў раёне, і ў прафсаюзным актыве.
На днях выказаць падзяку прыязджалі з упраўлення адукацыі. У калектыве маладога вадзіцеля сустрэлі цёпла. А яе поспехі сталі падставай для добрых жартаў ад старэйшых калег, якія не паспяваюць услед за «малой».
«Другой такой разумнічкі няма, напэўна, ва ўсёй краіне», — гавораць хлебаробы.
У тэму
-
Аграрыі Мінскай вобласці выйшлі на штодзённыя тэмпы жніва 5 % ад агульнай плошчы збожжавых каласавых. За дзень намалочваецца больш як 100 тысяч тон збожжавых з улікам ураджайнасці больш як 48 ц/г.
-
У Брэсцкай вобласці засталося ўбраць 10 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. У паўднёва-заходнім рэгіёне намалацілі 1 млн 367 тысяч тон збожжа. Гэта на 50 тысяч тон больш, чым аграрыі атрымалі летась. Дзесяць раёнаў ужо пераўзышлі вынікі мінулага года як па валавым зборы, так і па ўраджайнасці.
-
У Гомельскай вобласці ўбрана больш за 76 % плошчаў збожжавых, зернебабовых культур і рапсу. Валавы збор склаў 768 тысяч тон. 255 экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа, 12 экіпажаў — больш за дзве тысячы тон. Рубяжа ў тысячу тон на адвозцы збожжа дасягнулі 198 вадзіцеляў, 36 з іх перавезлі больш за дзве тысячы тон, 7 — больш за тры тысячы тон.
Фота Белта