Top.Mail.Ru

Маладому спецыялісту не прыйдзецца чырванець, калі за яго чырванее дыплом

Інжынерная эліта

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылася ўрачыстая цырымонія «Інжынерная эліта», прысвечаная ўшанаванню выпускнікоў, якія завяршылі навучанне з чырвоным дыпломам. Менавіта гэтыя маладыя людзі ў час вучобы асвоілі 

складаныя тэхнічныя дысцыпліны, праявілі настойлівасць, працавітасць і высокі ўзровень ведаў, пацвердзіўшы сваё права называцца інтэлектуальнай будучыняй Беларусі.

Сярод тых, хто атрымаў дыплом з адзнакай, — выпускніца факультэта інфармацыйнай бяспекі Аляксандра ШЧУКІНА. Яна навучалася па спецыяльнасці «Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях» і атрымала кваліфікацыі спецыяліста па абароне інфармацыі і інжынера па тэлекамунікацыях.

Па словах выпускніцы, самым складаным для яе стаў першы курс. Менавіта тады студэнтам давялося прывыкаць да новага рытму жыцця, самастойнасці і адказнасці. З цягам часу вучоба стала больш зразумелай, з’явіліся сябры, новыя знаёмствы і магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці ўніверсітэта.

— Наш факультэт сапраўды выдатны. Выкладчыкі былі патрабавальнымі, але справядлівымі. Яны далі нам і веды, і сапраўдную школу жыцця. Сёння я добра разумею, навошта нас дысцыплінавалі і наколькі гэта было важна для будучай прафесіі, — сказала Аляксандра.

Падчас вучобы дзяўчына актыўна займалася грамадскай дзейнасцю і ўзначальвала прафсаюзны камітэт факультэта. Сваю прафесійную кар’еру яна пачала яшчэ падчас вучобы ў адной з профільных кампаній, дзе спачатку праходзіла стажыроўку, а пасля была афіцыйна працаўладкавана спецыялістам па абароне інфармацыі.

Аляксандра падкрэсліла, што вялікае значэнне ў падрыхтоўцы будучых кадраў мае практыка-арыентаваны падыход. Асабліва карыснымі для яе аказаліся дысцыпліны, звязаныя з сеткамі і інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія дапамаглі ўпэўнена пачаць працоўную дзейнасць. Яна таксама адзначыла, што БДУІР актыўна развівае супрацоўніцтва з вядучымі кампаніямі і адкрывае новыя сучасныя лабараторыі для студэнтаў.

Чырвоны дыплом у гэты дзень атрымала і выпускніца факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Аляксандра ГРЫБОЎСКАЯ. Яна навучалася па спецыяльнасці «Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі». Дзяўчына прызналася, што свядомы выбар зрабіла яшчэ на этапе паступлення:

— Прывабіла магчымасць вывучаць як праграмнае, так і апаратнае забеспячэнне. А вучыцца было няпроста, асабліва пасля з’яўлення профільных прадметаў на трэцім курсе. Але я вельмі ўдзячная гэтаму часу і ўсім людзям, якія мяне навучалі. Тут я набыла не толькі веды, але і сапраўдных сяброў, а таксама сустрэла сваё каханне.

Акрамя вучобы Аляксандра займалася навуковай дзейнасцю: рыхтавала даследчыя матэрыялы па фізіцы, эканоміцы, інфармацыйных тэхналогіях, бізнесе і праве, прадстаўляючы іх у розных універсітэтах.

Сёння выпускніца ўжо пачала свой прафесійны шлях у адной з кампаній у якасці Java-распрацоўшчыка. Паводле яе слоў, універсітэцкая падрыхтоўка стала трывалай асновай для старту кар’еры, а атрыманыя веды дапамаглі хутка адаптавацца да новых задач.

Урачыстая цырымонія «Інжынерная эліта» яшчэ раз прадэманстравала высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў БДУІР. Маладыя спецыялісты ўжо сёння паспяхова працуюць у перспектыўных галінах, займаюцца даследаваннямі, распрацоўваюць сучасныя тэхналогіі і ўносяць свой уклад у развіццё беларускай эканомікі.

Дарэчы, сёлета «Інжынерную эліту» Беларусі папоўніць 171 выпускнік гэтай ВНУ. 

А ўсяго выпускнікамі ўніверсітэта сталі 1986 студэнтаў дзённай формы навучання, 61 — дыстанцыйнай, 70 завочнікаў і 70 студэнтаў дзённай магістратуры. Філіял БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» у 2026 годзе выпускае каля 330 спецыялістаў.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю