Top.Mail.Ru

Малады механізатар з сям’і працаўнікоў быў занесены на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства

Сёлета Дошка гонару сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Хаціслаўскае» адкрываецца партрэтам Юрыя Блышчыка. Усяго за пяць гадоў работы ў гаспадарцы Юрый атрымаў прызнанне як спецыяліст у механізацыі і майстар сваёй справы. Праўда, менш сціплым ад гэтага не стаў. Пра сябе гаворыць стрымана, адзначае, што біяграфія яшчэ зусім кароткая: скончыў базавую школу ў роднай вёсцы Замшаны, паступіў у Маларыцкі сельскагаспадарчы каледж, атрымаў прафесію механізатара і вярнуўся ў сваю гаспадарку. Вось ужо пяты сезон працуе на нарыхтоўцы кармоў.


Размову падхоплівае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства «Хаціслаўскае» Аляксандр Нікіцюк: «Юра нарыхтоўвае два ўкосы траў на сваім „Ягуары“, затым бярэ камбайн, ідзе ўбіраць збожжавыя ў экіпажы з братам. Збожжавыя сабраў, зноў сядае на „Ягуар“, дабірае травы, што падраслі, потым убірае кукурузу і пераходзіць на свой трактар МТЗ-1221, для якога таксама работы хапае. Заканчвае сезон падрыхтоўкай тэхнікі да зімы. Такім чынам ён у нас майстар уборкі».

Пасля Аляксандр Васільевіч дадае, што і Юрый, і тры яго браты — Аляксей, Канстанцін, Аляксандр — адказныя, дысцыплінаваныя працаўнікі: «Трэба быць у сем раніцы на полі — значыць, будуць у сем. Трэба — у шэсць, два разы нагадваць не прыходзіцца. І ў рабоце акуратныя, старанныя, не трэба хадзіць ды правяраць якасць выканання задання».

Вырас Юрый Блышчык у шматдзетнай сям’і. Яго бацькі Пётр Уладзіміравіч і Валянціна Міхайлаўна выгадавалі дзевяць дзяцей. Змалку прывучаныя да працы, чацвёра хлопцаў сталі механізатарамі. Косця і Саша яшчэ жывуць з бацькамі. А Юра і Аляксей ужо маюць свае сем’і. Юрый з жонкай гадуюць дзвюх дачушак, жывуць у арэнднай кватэры шматкватэрнага дома ў Хаціславе. Юрый сказаў пра вялікую верагоднасць з часам атрымаць свой дом ад гаспадаркі, так што ёсць стымул добра працаваць.

Пра сельскае жыццё ён разважае як сапраўдны сталы вясковец. На яго думку, хоць работа тут нялёгкая, у сезон працоўная змена пачынаецца з 7 раніцы і працягваецца да 20-21 гадзіны, ён, напрыклад, не разглядае для сябе перспектывы пераезду або змены работы. 

Тут жылі дзяды з прадзедамі, тут жывуць бацькі, і гэты малады чалавек лічыць, што яго справа — трымацца сваёй зямлі, спрыяць росквіту свайго краю. 

10-4 копия.jpg

«Цяпер маем кватэру з усімі выгодамі, спадзяёмся, што неўзабаве будзе дом. А мясціны нашы прыгожыя, кругом лясы, азёры. І Хаціслаў, і Замшаны, і іншыя вёскі добраўпарадкаваныя, усё для жыцця ёсць. Засталася спадчына былога калгаса-мільянера, ды і цяпер шмат чаго робіцца. У нас Дом культуры такі, што не кожны райцэнтр мае. А працаваць трэба ўсюды — куды б ні паехаў. Толькі лепш дома».

Старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Эдуард Паўлаў адзначае, што вырашальным фактарам выхавання ў гэтай сям’і стаў прыклад бацькоў. Галава сям’і працаваў механізатарам, маці гадавала дзяцей і займалася хатняй гаспадаркай: «Дзеці выхаваны менавіта працавітымі. Малодшы з пяці сыноў гэтай сям’і, Коля, які яшчэ не працуе, нядаўна вызначыўся на суботніку, што арганізавалі ў вёсцы. Вось і Юра, малады яшчэ чалавек, ды годны прадаўжальнік механізатарскай дынастыі, якім можа ганарыцца не толькі сям’я, але і сельгаспрадпрыемства, дзе ён працуе».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Маларыцкі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю