Хасэ Кантрэрас і Габрыэла Эрнандэс зладзілі вясельную фотасесію ў надзіманых касцюмах тыраназаўраў у мэрыі Сан-Францыска. Выпадковы наведвальнік зняў іх на відэа, якое набрала больш за 4,3 млн праглядаў у Інстаграме. Маладыя расказалі, што збіраліся трымаць вяселле ў сакрэце ад блізкіх.
34-гадовы Кантрэрас і 37-гадовая Эрнандэс пажаніліся 8 кастрычніка. Прыбрацца дыназаўрамі прапанавала нявеста: яна любіць гэтых жывёл і касцюміраваныя вобразы. Пара замовіла касцюмы на Amazon, але на саму цырымонію прыйшла ў звычайным вясельным адзенні — дзень выдаўся гарачым, і ў надзіманых уборах было б нязручна.
Пасля рэгістрацыі маладыя пераапрануліся для здымкі. Вобраз нявесты-тыраназаўра дапоўнілі фата, букет і туфлі на абцасах, якія выглядалі з-пад касцюма. Жаніх надзеў белую бабачку.
Пару заўважыў Рыа дэ Леон, які разглядаў архітэктуру мэрыі з верхняга паверха. Ён апублікаваў ролік з подпісам: «Выпадкова стаў сведкам таго, як два дыназаўры жэняцца ў мэрыі Сан-Францыска». Відэа набрала амаль паўмільёна лайкаў.
Карыстальнікі хутка знайшлі ў інтэрнэце вясельнага фатографа пары. На наступны дзень яна апублікавала сваё відэа з маладымі, якое таксама стала вірусным і набрала каля 280 тыс. праглядаў.
Кантрэрас і Эрнандэс планавалі аб’явіць аб вяселлі на сваёй хэлоўінскай вечарынцы. Для гэтага жаніх прапанаваў зняць відэа, у якім яны знімаюць касцюмы дыназаўраў і раскрываюць свае твары. Папулярнасць у сацсетках стала для іх нечаканасцю: муж і жонка не ведалі, што іх здымае нехта з наведвальнікаў.
Пры гэтым нават сваякі, якім трапілася віруснае відэа, не пазналі пару. «Некаторыя пераслалі нам ролік яшчэ да таго, як даведаліся, што на ім мы, са словамі: „Падобна на тое, што вы маглі б арганізаваць на сваім вяселлі!“» — расказалі маладыя.
Кантрэрас і Эрнандэс разам пяць гадоў. Абое працуюць кансультантамі па аўтакрэдытаванні.