Top.Mail.Ru

Маладыя спецыялісты Гомельшчыны абмеркавалі з кіраўніцтвам вобласці магчымасці прафесійнага росту, умовы для працы і жыцця ў рэгіёне

Насычаная праграма сустрэчы маладых спецыялістаў з розных прафесійных сфер з кіраўніцтвам паўднёва-ўсходняга рэгіёна аб’яднала некалькі важных тэм. У абласным цэнтры маладыя людзі ўшанавалі памяць герояў, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць Айчыны, усклалі кветкі і вянкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў на плошчы Працы.



У рамках сустрэчы старшыні аблвыканкама Івану Крупко прадставілі адукацыйныя праекты і ініцыятывы моладзі і грамадскіх арганізацый рэгіёна. У экспазіцыі знайшлі адлюстраванне ваенна-патрыятычная работа, валанцёрская і сацыяльна значная дзейнасць, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, развіццё лідарства. Свае магчымасці таксама прадставілі прадпрыемствы харчовай прамысловасці і брэнды Гомельшчыны.

Асноўнай часткай праграмы стала сустрэча Івана Крупко з нядаўнімі выпускнікамі навучальных устаноў, якія прыйшлі ў працоўныя калектывы вобласці. У фармаце жывых зносін маладыя спецыялісты ўзнімалі пытанні настаўніцтва, умоў працы і адпачынку, стварэння бытавых умоў, забеспячэння жыллём і заработнай платы. Асобная ўвага была нададзена падтрымцы маладых кадраў, выкананню заканадаўства, ахове працы і замацаванню спецыялістаў на першых працоўных месцах.

Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, сёлета ў Гомельскую вобласць прыбылі 5700 маладых спецыялістаў. 

— Трэць скончылі ВНУ, амаль 4 тысячы маладых спецыялістаў — установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 13 % ад агульнай колькасці прыбылі па мэтавых дагаворах, — удакладніў кіраўнік рэгіёна.

Большасць маладых спецыялістаў папоўніла калектывы прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна. Каля тысячы маладых кадраў — працаўладкавана ў сельскай гаспадарцы, столькі ж у сістэме адукацыі і каля 800 чалавек — маладых медыкаў.

— Для нас прынцыпова важна, каб кожны з вас знайшоў сябе ў прафесіі, адчуў упэўненасць у заўтрашнім дні і захацеў назаўжды застацца ў Гомельскай вобласці, — звярнуўся да маладога працоўнага папаўнення Гомельшчыны Іван Крупко.


Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу і на забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў. Па яго даручэнні, былі прадметна вывучаны ўмовы пражывання маладых спецыялістаў, якія прыбылі на работу сёлета ў вобласць. 

— Мушу сказаць, што тут ёсць яшчэ над чым працаваць. Але сёння жыллё ад арганізацыі атрымалі 20 % маладых спецыялістаў. Менш за 5% атрымліваюць ад прадпрыемстваў поўную ці частковую кампенсацыю за здымнае жыллё. Не буду казаць, што жыллёвая праблема вырашаецца хутка і проста, але гэта не вызваляе кіраўнікоў ад абавязку займацца ёй. Трэба ведаць патрэбнасці кожнага маладога работніка, разумець, якія магчымасці ёсць у прадпрыемства, раёна, якія механізмы дзяржаўнай падтрымкі можна выкарыстоўваць, — нацэліў кіраўніцтва прадпрыемстваў на вырашэнне гэтага важнага для моладзі пытання старшыня аблвыканкама.

Кіраўнік рэгіёна нагадаў аб такім важным працэсе падтрымкі моладзі на першым працоўным месцы як настаўніцтва. Па словах Івана Крупко, у гэтым плане ў Гомельскай вобласці ёсць добрыя прыклады. 

— У кожным раёне, у кожнай арганізацыі павінна быць выбудавана сістэма, пры якой малады спецыяліст не застаецца сам-насам з вытворчымі задачамі. За ім замацоўваюць вопытнага работніка, які дапамагае асвоіцца, разабрацца ў асаблівасцях работы, падказвае, падтрымлівае, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА 
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю