Top.Mail.Ru
59

Маладыя спецыялісты расказалі пра перавагі адпрацоўкі ў сельскай мясцовасці пасля вучобы ў ВНУ

«Умовамі працы і аплатай задаволены»

Тэма размеркавання і адпрацоўкі для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў заўсёды хвалюючая і актуальная. Некаторыя юнакі і дзяўчаты мараць застацца жыць і працаваць менавіта ў сталіцы ці ў абласным цэнтры. Але ёсць і тыя, для каго вярнуцца на малую радзіму ці прыехаць на адпрацоўку ў пакуль зусім чужы невялікі населены пункт з буйнога горада — свядомы выбар. Чаму б і не, улічваючы, што Прэзідэнт, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і парламента падчас другога пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу, падкрэсліў неабходнасць стварэння новага нацыянальнага падыходу, з канкрэтнымі ўмовамі, якія заматывуюць людзей да пераезду ў сельскую мясцовасць. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з маладымі спецыялістамі, якія ўжо жывуць і працуюць на сяле, і даведалася падрабязней пра іх вопыт.

«Школа маленькая, і ў гэтым ёсць плюс: я магу папрацаваць з кожным дзіцем»

Настаўніца Ірына МІШКЕВІЧ нарадзілася ў аграгарадку Валевачы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З выбарам прафесіі малады спецыяліст вызначылася яшчэ ў школьныя гады. Прыкладам для пераймання стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры — Святлана Вольская. «Я ёй захаплялася, таму і выбрала такую прафесію, — расказвае Ірына. — Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка вярнулася працаваць у мясцовую школу настаўнікам пачатковых класаў».

Вучыць дзетак у сваёй роднай школе Ірыне вельмі падабаецца. «Школа маленькая, і ў гэтым ёсць плюс: я магу папрацаваць з кожным дзіцем. Акрамя таго, на мой погляд, людзі ў сельскай мясцовасці больш добрыя. Тут утульна жыць і працаваць».

На думку дзяўчыны, першачарговае пытанне, якое хвалюе кожнага маладога спецыяліста, які выбірае жыць у сельскай мясцовасці, — жыллёвае. «Каб было дзе жыць сям’і, расціць дзяцей, — удакладняе Ірына. — Пакуль што я пражываю з бацькамі, але, спадзяюся, у хуткім часе гэта пытанне вырашыцца».

«Мы не прыехалі жыць у сельскую мясцовасць, а вярнуліся дадому»

Ягор ДУБІНА працуе інжынерам-хімікам у ААТ «Парахонскае», што на Піншчыне. Малады чалавек — прадстаўнік сямейнай дынастыі. Тут, на прадпрыемстве, працуюць яго родныя браты, бацькі, бабулі і дзядулі.

«Я працую тут ужо 8 гадоў, — расказвае малады чалавек пра свой шлях. — Склалася ў маім жыцці так: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Вялікія гарады не вельмі люблю. Працуем з членамі сям’і ўсе ў адным месцы, дапамагаем адно аднаму».

Брат Ягора — Павел ДУБІНА — малады спецыяліст. Працуе ў ААТ «Парахонскае» інжынерам-механікам. Умовамі працы дакладна не крыўдзяць, прызнаецца Павел. «Для мяне дом — гэта заўсёды добрае месца. Мы не прыехалі жыць у сельскую мясцовасць, а вярнуліся дадому. Сельская гаспадарка — гэта не тая галіна, дзе можна дазволіць сабе расслабіцца. Але і пра адпачынак, вядома, не трэба забываць, Наш кіраўнік таксама пра гэта ведае. І нават у перыяд напружанай працы, калі ідзе ўборачная кампанія, імкнецца даць выхадны хоць бы адзін раз на тыдзень».

«Планую тут затрымацца надоўга»

Ветэрынарны ўрач ветэрынарнай службы ААТ «Гомельская птушкафабрыка» Уладзіслаў ЛАСТАЎКА родам з невялікага горада Клецк Мінскай вобласці. 

«У школе я вучыўся добра, — дзеліцца малады чалавек. — Планаваў выбраць для сябе профільнымі прадметамі для паступлення гісторыю і грамадазнаўства, але ў сярэдзіне дзясятага класа зразумеў, што мне бліжэй хімія і біялогія — стаў дадаткова займацца па гэтых прадметах. Вучыцца пайшоў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. З выбарам прафесіі мне дапамагла сястра, якая таксама вучылася тут, але на іншай спецыяльнасці».

На першую вытворчую практыку малады чалавек прыбыў у Цярэшкавічы, дзе размяшчаецца «Гомельская птушкафабрыка». «Само прадпрыемства вялікае, і аб’ёмы працы адпаведныя. Спачатку быў страх і неразуменне таго, што чакае наперадзе. Але калектыў і настаўнікі дапамаглі набыць практычныя веды і навыкі».

У маладога чалавека таксама была добрая падтрымка ў выглядзе сваякоў, якія пражываюць у гэтым аграгарадку. Падчас практыкі Уладзіслаў гасцяваў у іх.

«Як малады спецыяліст, калі выйшаў на адпрацоўку, я атрымаў усе прадугледжаныя дзяржавай гарантыі, — адзначае Уладзіслаў. — У першы месяц прадпрыемства выплаціла мне грашовую дапамогу ў памеры апошняй стыпендыі і тарыфнага акладу — гэта каля 350 рублёў. Таксама мяне забяспечылі жыллём — добраўпарадкаваны пакой са свежым рамонтам у інтэрнаце. Што датычыцца працы, у поўным аб’ёме выдаецца неабходнае абсталяванне і спецвопратка».

Прадукцыю ўласнай вытворчасці малады чалавек набывае па льготных цэнах, што дазваляе эканоміць грошы. «За шэсць месяцаў мой сярэдні заробак склаў каля 2,2 тысячы рублёў — аклад залежыць ад аб’ёму выкананых работ. У кастрычніку 2025 года я нават сумяшчаў сваю пасаду і пасаду брыгадзіра падраздзялення маладняку, меў у падпарадкаванні каля васьмі чалавек, — дзеліцца малады спецыяліст. — Умовамі працы і аплатай задаволены, таму планую тут затрымацца надоўга».

«Тут ёсць усё, што патрэбна маладой сям’і»

Лізавета ЗЫЛЬ працуе начальнікам лабараторыі электрафізічных і аэрадынамічных выпрабаванняў на агракамбінаце «Дзяржынскі». «Я скончыла Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт у 2024 годзе і прыйшла на адпрацоўку ў агракамбінат. Спачатку працавала інжынерам, а нядаўна стала начальнікам лабараторыі».

Дзяўчына вырасла ў сельскай мясцовасці. Яна любіць цішыню, спакой і стабільнасць. Напэўна, таму і выбрала прафесію менавіта гэтай накіраванасці. «Для маладых спецыялістаў нямала насамрэч робіцца, — падзялілася меркаваннем Лізавета. — Для мяне было важна, што ўсе мяне падтрымлівалі: і кіраўніцтва, і настаўнікі. Забяспечылі таксама жыллём — атрымала нядаўна службовую кватэру ў Фаніпалі».

Што датычыцца ўмоў працы, дзяўчыну ўсё задавальняе. «Мне вельмі падабаецца працаваць у агракамбінаце. Было пэўнае хваляванне пасля вучобы, што я не маю вопыту. Але людзі тут добрыя і шчырыя, заўсёды гатовы дапамагчы. Пасля ўніверсітэта баялася, бо ўсё новае вакол, вопыту няма».

Дзяўчына плануе ў Фаніпалі застацца надоўга. «Горад-спадарожнік імкліва развіваецца, — кажа яна. — Тут ёсць ўсё, што патрэбна маладой сям’і».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю