Маладыя людзі сабраліся ў Мінску для абмеркавання вынікаў першага года сваёй працы ў статусе маладых спецыялістаў. Каля 100 маладых работнікаў прааналізуюць і падзеляцца рэальным дзеяннем мер, ільгот і гарантый, накіраваных на іх падтрымку.
У дыскусійнай пляцоўцы прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарам сустрэчы выступіў галіновы прафсаюз.
Сярод ключавых тэм, якія ўзнімаліся ў час размовы, — новаўвядзенні Кодэкса аб адукацыі, якія ўступаюць у сілу ўжо з 1 верасня бягучага года, выкананне абавязацельстваў у рамках Тарыфнага пагаднення, якое дзейнічае ў галіне. Дарэчы, у дакуменце знайшлі адлюстраванне ўзгодненыя пазіцыі прафсаюза і галіновага міністэрства ў пытаннях прадастаўлення дадатковых гарантый маладым спецыялістам, павелічэння надбавак па кантракце, павышэння прэстыжу прафесіі педагога і інш.
— Галоўная мэта сустрэчы — прааналізаваць сумесную працу за апошні год і вызначыцца з планамі на будучыню. Пачуць меркаванне непасрэдна саміх маладых спецыялістаў па самых розных пытаннях, з якім яны сутыкнуліся ў першы год сваёй працы. Важна вось так збірацца, каб ацаніць рэальную сітуацыю на працоўных месцах. Пачуць ад маладых людзей, наколькі яны адчуваюць прадметную дапамогу і падтрымку. Яны наш арыенцір і магчымасць паглядзець на праведзеную работу з боку. Сумесна з сацыяльнымі партнёрамі мы не стаім на месцы і гатовы падключацца да вырашэння пытанняў, якія сёння ўзнімае моладзь. Іх меркаванне, безумоўна, улічваецца пры прыняцці дакументаў розных узроўняў, — расказала старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч.
Неабходна адзначыць, што галіновы прафсаюз на пастаяннай аснове актыўна працуе з сацыяльнымі партнёрамі па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў галіны над пашырэннем гарантый для працоўных.
Як падкрэсліла Таццяна Якубовіч, сёння важна не спыняцца на дасягнутым. Каб замацаваць маладых людзей на працоўных месцах, неабходна пастаянна ўдасканальваць дзейныя падыходы ў стварэнні прывабных умоў для маладых спецыялістаў. Гэтая комплексная праца — над умовамі і аплатай працы, прадастаўленнем магчымасцяў для прафесійнага росту і інш. Якаснае выкананне гэтых і іншых абавязацельстваў і дазваляе замацоўваць маладых спецыялістаў на месцах.
Алена КРАВЕЦ