У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначаюць павелічэнне колькасці зваротаў ад маладых спецыялістаў. Большасць выпускнікоў ужо прыступілі да работы, і менавіта на першых этапах працоўнай дзейнасці ў іх узнікаюць пытанні аб гарантыях і правах, паведамляе БелТА.
Маладых работнікаў цікавіць, як рэалізуюцца прадугледжаныя заканадаўствам гарантыі, якія выплаты належаць пры размеркаванні ў іншую мясцовасць, ці можна змяніць рэжым працы або перайсці на няпоўны працоўны час. Атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна будзе падчас выязных прафсаюзных прававых прыёмаў, якія традыцыйна праходзяць у краіне ў апошні чацвер месяца. У гэтым месяцы асаблівая ўвага будзе нададзена прававой асвеце моладзі. На прыёмы запрашаюць не толькі маладых спецыялістаў, але і іх бацькоў, а таксама прадстаўнікоў кадравых службаў.
«Першыя месяцы працы для маладога спецыяліста — гэта не толькі знаёмства з калектывам і сваімі абавязкамі, але і час, калі фарміруецца разуменне сваіх працоўных правоў. Таму прафсаюзныя прававыя прыёмы арыентаваны перш за ўсё на практычныя пытанні, з якімі чалавек сутыкаецца непасрэдна на працоўным месцы», — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.
Прафсаюзныя юрысты гатовыя растлумачыць нормы працоўнага заканадаўства і дапамагчы разабрацца ў спрэчных сітуацыях. Актуальнасць такіх кансультацый пацвярджаюць і звароты падчас прававога прыёму, які прайшоў у мінулым месяцы. У прыватнасці, маладых спецыялістаў цікавілі пытанні выплаты так званых «пад’ёмных» і кампенсацый пры размеркаванні ў іншую мясцовасць.
Яшчэ адзін блок пытанняў датычыцца ўмоў пражывання. Маладыя спецыялісты цікавяцца, ці павінен наймальнік даць жыллё тым, хто размеркаваны не па месцы жыхарства, і якім патрабаванням павінна адпавядаць арэнднае жыллё.
Час і месца правядзення прафсаюзных прававых прыёмаў можна даведацца на сайтах абласных і Мінскага гарадскога аб’яднанняў прафсаюзаў.