Top.Mail.Ru

Маладыя спецыялісты ўсё часцей застаюцца працаваць на першым працоўным месцы

Уласны карэспандэнт «Звязды» адправілася ў Ашмянскі раён, каб даведацца, як у рэгіёне наладжана работа з маладымі спецыялістамі.


Як расказала намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна ЯЗЕЛЬ, у Ашмянскім раёне актыўна падтрымліваюць моладзь, дапамагаючы адаптавацца на першых працоўных месцах. Працэс пачынаецца са знаёмства новага супрацоўніка з арганізацыяй. Малады спецыяліст сустракаецца з кіраўніком, кадравай службай і прафсаюзам. Акрамя таго, ужо шмат гадоў у Ашмянскім раёне праходзіць злёт маладых спецыялістаў — мерапрыемства, якое дапамагае ім пазнаёміцца і паміж сабой, і з раёнам увогуле. Нефармальная абстаноўка палягчае адаптацыю. Формы бываюць самыя розныя: ладзяцца экскурсіі, канцэрты, дыялогавыя пляцоўкі.

— Для паспяховай адаптацыі маладых спецыялістаў за імі замацоўваюцца настаўнікі. Яны дапамагаюць учарашнім студэнтам ужыцца ў новую ролю — дарослых прафесіяналаў — і наладзіць сацыялізацыю ў калектыве. Заахвочванне ў грамадскае жыццё раёна таксама адыгрывае важны момант. Маладых спецыялістаў прыцягваюць да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах, суботніках, іншых падзеях, якія праходзяць як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Восенню фарміруецца склад маладзёжнага парламента. Арганізацыі прапануюць уключыць сюды найбольш матываваных і актыўных маладых работнікаў. Гэта дае магчымасць выявіць лідараў, тых, хто гатовы браць на сябе адказнасць.

Стварэнне ўмоў

Маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у раён, выдзяляюцца інтэрнат, арэндныя кватэры. Рэгулярна праводзяцца абследаванні ўмоў пражывання, каб забяспечыць камфорт і бяспеку. Важнай часткай прывабнасці раёна таксама з’яўляюцца ўмовы жыцця і добраўпарадкаванасць. Як і ва ўсёй Беларусі, у Ашмянскім раёне гэтаму пытанню ўдзяляецца пільная ўвага. Як расказаў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Андрэй КЛЫШЭЎСКІ, штогод у раёне ўзводзіцца каля 60 кватэр. Сёлета гэта 40-кватэрны жылы дом і інтэрнат, які рэканструюецца пад 47-кватэрны дом. Ён мае статус арэнднага і прызначаны для супрацоўнікаў найбольш запатрабаваных прафесій, а таксама маладых спецыялістаў: медыкаў, настаўнікаў, вайскоўцаў, супрацоўнікаў сілавых структур.

У рамках Года добраўпарадкавання вядзецца работа па азеляненні, пасадцы дрэў, кустоў і кветак. Праводзіцца рамонт дзіцячых і гульнявых пляцовак, кантэйнерных пляцовак. Прадугледжана таксама работа па продажы пустых дамоў. Планава ідуць работы па рамонце сацыяльных аб’ектаў. Напрыклад, нядаўна былі адрамантаваны фасады паліклінікі і стаматалагічнай бальніцы.

За апошнія гады ў раёне выкананы рамонт каля 50 кіламетраў дарог як у гарадской, так і сельскай мясцовасці. Новы асфальт атрымалі Крэйванцы і Гальшаны. 

У Ашмянах удзялялася асаблівая ўвага Кварталу будаўнікоў — самаму старому мікрараёну са шматкватэрнай жылой забудовай. У ім былі праведзены кладка новага асфальту, рамонт пешаходных дарожак, таксама ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы — дзіцячыя пляцоўкі, лаўкі і іншыя элементы добраўпарадкавання.

Я дома!

Матэрыял быў бы няпоўным без меркаванняў людзей, якія прыйшлі працаваць у арганізацыі Ашмянскага раёна і засталіся тут жыць. Сабіна БАЯРОВІЧ працуе ў СШ № 3 настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ўжо пяты год. Дзяўчына вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Першапачаткова планавала заставацца ў сталіцы, але за 4 гады навучання зразумела, што Мінск — не яе горад. Дзяўчына сама выбрала для працы родны Ашмянскі раён.

— Я заўсёды хацела быць настаўнікам. Шмат у чым на мой выбар паўплывалі класныя кіраўнікі, якія абодва былі настаўнікамі матэматыкі і інфарматыкі. Але канчаткова ў гэты прадмет я ўлюбілася ва ўніверсітэце. 

І сваё захапленне імкнуся перадаваць дзецям, мне прыемна бачыць, што гэта атрымліваецца. Многія дзеці, якія раней не любілі матэматыку, гавораць, што цяпер ім гэты прадмет падабаецца. У нас выдатны калектыў і прафесійныя настаўнікі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы. З самага першага дня я адчувала падтрымку. Як сёння памятаю свой першы дзень. Мяне сустрэла дырэктар, з усімі пазнаёміла. За пяць гадоў працы ніхто ніколі ні ў чым мне не адмаўляў, ва ўсім адчуваецца шчырая падтрымка. Хачу адзначыць таксама, што адміністрацыя раёна клапоціцца аб маладых спецыялістах. Калі я толькі прыйшла працаваць, мне прапанавалі інтэрнат, пазней выдзелілі арэндную кватэру. Гэта стварае камфорт і дазваляе засяродзіцца на працы. У мяне ёсць усё, што патрэбна для жыцця.

Ксенія ЕМЯЛЬЯНАВІЧ таксама родам з Ашмян. Дзяўчына вучылася ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання па спецыяльнасці «Банкаўская справа». Затым паступіла ў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, скончыла спецыяльнасць «Эканоміка і кіраванне прадпрыемствам».

— Пасля заканчэння каледжа я прапрацавала год у Мінску, але потым захацела вярнуцца на сваю малую радзіму. Працавала ў банку, і мне вельмі падабалася, але з часам зразумела, што дасягнула на тым працоўным месцы ўсяго, чаго жадала. Вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай сферы і ўладкавалася працаваць на ААТ «Белкава» маркетолагам. З вялікім задавальненнем жыву і працую ў Ашмянах. Тут родныя вуліцы, сям’я, сябры. 

Я вельмі сумавала па іх. Хоць люблю і вялікія гарады, ды і ў прынцыпе ў Беларусі ўсюды чыста і прыгожа, прыемна знаходзіцца, куды б ты ні прыехаў. На абодвух працоўных месцах згуртаваны калектыў, добразычлівыя людзі. Заўсёды можна знайсці падтрымку. На ААТ «Белкава» паставіліся з разуменнем, дапамагалі асвоіцца, бо сфера была новая для мяне. Прыемна, што я змагла рэалізаваць сваё імкненне да развіцця. Складана сказаць, чаму так ляжыць душа да Ашмян. Нельга Радзіму любіць за нешта, проста люблю. Планую і далей жыць і працаваць у сваім раёне.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва Ашмянскага райвыканкама

Чытайце таксама: Падтрымка вёскі. Што робіцца ў Беларусі для развіцця рэгіёнаў?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю