У вёсцы Мачжуан, што каля горада Сюйчжоу (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай), дзякуючы ўдзелу маладога пакалення майстрых традыцыйнае рамяство вырабу араматычных сашэ набывае новае жыццё. За восем з лішнім гадоў аб’ём продажаў гэтай прадукцыі вырас больш як у 10 разоў і дасягнуў 20 мільёнаў юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
На тэрыторыі нацыянальнага водна-балотнага парка «Паньаньху» у Мачжуане размешчана майстэрня 88-гадовай Ван Сюін. Яе ўнучка Сунь Гэяа, якая скончыла ўніверсітэт у 2020 годзе, вярнулася ў родную вёску і ўзначаліла сямейную справу. Яна ўнесла шэраг інавацый у традыцыйнае рамяство, ператварыўшы звычайныя сашэ ў стыльныя брошкі, заколкі, бірулькі і прадметы інтэр’еру. Яна таксама ўкараніла тэхналогію 3D-мадэлявання выкраек і атрымала шэсць аўтарскіх пасведчанняў на праграмнае забеспячэнне, у тым ліку рашэнні для спрошчанай апрацоўкі краёў, даступныя нават пачаткоўцам.
Яшчэ адна мясцовая майстрыха, 22-гадовая У Івэй, вярнулася ў Мачжуан летась пасля заканчэння вучобы. Створаныя ёю сашэ ў выглядзе сабачак і гарбузоў-гарлянак карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў моладзі.
З 2025 года калектыўнае прадпрыемства вёскі прывабіла ўжо шасцярых маладых дызайнераў. Цяпер каманда сумесна з партнёрамі распрацоўвае серыю сувенірных сашэ, прысвечаных традыцыйнай кітайскай медыцыне.
Майстэрні Мачжуана актыўна развіваюць супрацоўніцтва з брэндамі, ствараючы сумесныя лінейкі з вытворцамі шоўку, пачастункаў з клейкага рысу цзунцзы і музеямі. Для забеспячэння вытворчасці сыравінай у вёсцы створана плантацыя палыну плошчай звыш 7,3 гектара, а ў пачатку гэтага года пачаў працаваць індустрыяльны парк сашэ, які дазволіў забяспечыць работай амаль сотню маладых вышывальшчыц.
Паводле слоў кіраўніка парку Бай Сюэянь, вытворчасць зараз спалучае машынныя тэхналогіі з ручной вышыўкай і напаўненнем гаючымі зёлкамі, што значна павысіла эфектыўнасць і ўзровень стандартызацыі. Усяго за паўгода працы парк выканаў замовы на суму каля 3 мільёнаў юаняў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ