Хто ён, сучасны лідар? Апантаны малады даследчык, які гатовы гадзінамі сядзець у архівах у пошуках матэрыялаў для даследавання? А можа, таленавітая спявачка, якая сваім чароўным голасам збірае стадыёны? Ці амбіцыйны блогер, за жыццём якога сочаць тысячы падпісчыкаў? А калі гэта актывіст, для якога ўсё жыццё — арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў? Варыянтаў мноства! Гэта мы яшчэ не згадалі вялікіх спартсменаў і крэатыўных вынаходнікаў-наватараў... І як жа тады правільна ахарактарызаваць лідара? Якія словы падабраць, каб паказаць усю яго шматграннасць? Пакуль мы разважаем, прапануем разам згадаць два насычаныя дні на рэспубліканскім форуме лідараў «Маладзёжнае лідарства — сучасны погляд» і самім паспрабаваць знайсці адказ.
Мерапрыемства сабрала 345 пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і праектаў... Толькі ўявіце, колькі працавітых і крэатыўных людзей у адным месцы! Кожны з іх годна праявіў сябе, таму і атрымаў пуцёўку на форум у адну з адукацыйных секцый у залежнасці ад кірунку конкурсаў: «Моладзь: маршрут на будучыню», «Я — лідар руху», «Твой ход: забараніць нельга дазволіць», «Моладзь. Спорт. Творчасць» і «Пад знакам якасці». Давайце наведаемся ў трэцюю секцыю «Твой ход: забараніць нельга дазволіць», дзе сабраліся пераможцы медыяконкурсаў, праекта «100 ідэй для Беларусі», і даведаемся, якія
актуальныя пытанні ўздымаліся маладымі лідарамі і спікерамі.
У чым розніца паміж блогерам і журналістам? Як сёння бачаць сваё развіццё традыцыйныя медыя? Хто мае больш уплыву на аўдыторыю і якія інтэрнэт-пляцоўкі ў хуткім часе будуць заменены нашымі аналагамі? Гэта толькі частка пытанняў, якія хвалююць юных медыйшчыкаў. Адным з асноўных можна вызначыць фарміраванне асабістага брэнда. Гэта карысна не толькі блогерам, якія сёння займаюць першыя пазіцыі ў медыяасяроддзі, становяцца лідарамі меркаванняў, але і журналістам, якія жадаюць заставацца канкурэнтаздольнымі. Разабрацца ў гэтым удзельнікам форуму дапамагла спецыяльны карэспандэнт аддзела прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Анастасія Рудзская. Журналіст таксама вядзе ўласны блог, таму падзялілася асаблівасцямі вядзення акаўнта ў сацыяльных сетках і праграмы на тэлеканале.
Пераможца міжнароднага конкурсу «100 ідэй для СНД» у намінацыі «ІT-сфера» Ян Гулевіч абмеркаваў з удзельнікамі форуму тэму штучнага інтэлекту: дэградацыя моладзі праз развіццё дадатковых рэсурсаў (ChatGPT), сучасная адаптацыя замежных пляцовак, няякаснае баўленне вольнага часу. За кім жа будучыня: за чалавекам ці ШІ? «Будучыня ў сімбіёзе, я думаю. Напрамак заўсёды будзе задаваць чалавек. Аднак трэба разумець, што накіраваць штучны інтэлект можна як на карысць, так і на шкоду. Усё залежыць ад таго, як гэтымі сродкамі карыстацца», — адказаў Ян Гулевіч.
Пасля адукацыйных секцый удзельнікаў чакала маладзёжная шоу-праграма «Час выбраў нас!». У фармаце адкрытага мікрафона спікеры з усіх пляцовак размаўлялі з моладдзю, адказвалі на пытанні, а таксама натхнялі на новыя дасягненні.
— Маладзёжныя форумы даюць унікальную пляцоўку для дыялогу, пошуку аднадумцаў, абмену вопытам і зараду матывацыяй. Пры фарміраванні планаў на будучыню мы часта не задумваемся аб пытаннях, адказы на якія сапраўды могуць дапамагчы нам выбраць сваю дарогу ў жыцці. Форумы сталі важнай асаблівасцю для моладзі, бо яны даюць каштоўную магчымасць кожнаму ўдзельніку задаць пытанні спікерам — людзям, якія дасягнулі значных вынікаў у сваёй сферы. Фарміруецца разуменне таго, як выкарыстоўваць усе магчымасці для дасягнення пастаўленай мэты, рэалізацыі амбіцый, — акрэсліў важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў для моладзі ўдзельнік форума Лаўрэнцій Місуна.
На лёс «Радавых» Алеся Дударава арганізатары форуму прапанавалі паглядзець удзельнікам на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра. І пакінуць раўнадушным пастаноўка нікога не змагла. Так, падчас усяго спектакля ў Вікторыі Міронавай на вачах былі слёзы. Дзяўчына з’яўляецца камандзірам першага ў краіне інфармацыйнага атрада «МедыяВектар» імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Шаламовіча Гурэвіча, які на працягу некалькіх тыдняў збіраў інтэрв’ю-ўспаміны ветэранаў Вялікай
Айчыннай вайны. Таму дзяўчына разумее, наколькі важна захоўваць памяць аб ваенным ліхалецці:
— Штораз дрыжыкі бягуць па скуры ад асэнсавання, што давялося перажыць людзям у тыя крывавыя гады. А можа, мы нават да канца і не ўсведамляем гэтага, бо дзякуючы іх подзвігу не бачылі вайны. Падчас спектакля прагучаў стрэл, ад нечаканасці дзяўчына побач нават крыху падскочыла. Мы не ведаем, як гэта: прачынацца пад гул самалётаў, непакоіцца аб начной цішыні. А для франтавікоў, партызанаў, жыхароў вёсак і гарадоў гэта з’яўлялася жудаснай будзённасцю. Таму вельмі важна не забываць, якое гэта сапраўднае гора — вайна, каб ніколі не паўтарылася падобнае на нашай зямлі.
Таксама, каб яшчэ больш натхніць моладзь на здзяйсненне сваіх планаў і задум, студэнтаў і маладых спецыялістаў з усёй краіны пазнаёмілі з экспазіцыямі Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Яшчэ на ўваходзе ў будынак прадукцыя БелАЗа і МАЗа ўразіла сваімі памерамі. Таму было проста немагчыма прайсці міма і не зрабіць фотаздымак, як у школьныя гады на экскурсіях. Эмоцыі зашкальвалі: велізарныя залы з вынаходствамі апошніх 30 гадоў, з прадукцыяй перадавых прадпрыемстваў краіны, з культурнымі каштоўнасцямі і мноствам інтэрактыўных пляцовак... Сапраўды, Беларусь — гэта месца сілы. І прыемна, што, хай у выставачнай зале, але ёсць магчымасць дакрануцца да вытокаў, да нечага настолькі роднага і блізкага!
Таму, здаецца, адказ на наша першае пытанне просты. Зусім няважна, у якой галіне вы развіваецеся: мастацтва ці навука, спорт ці вынаходствы... Галоўнае, каб гэта было на карысць. Сабе, родным, грамадству, нашай краіне.
Сцеша АНЭЛЬСКАЯ
фота аўтара