Top.Mail.Ru

Мальта вітае беларускую літаратуру!..

Яну Псайла, пісьменніцу і перакладчыцу з Мальты — невялікай і загадкавай астраўной краіны ў Міжземным моры, добра ведаюць у Беларусі. Літаратар у апошнія гады выявіла свае сяброўскія, перакладчыцкія прыхільнасці да беларускай паэзіі і прозы. 



Адзін з апошніх крокаў на прасцягу літаратурнай дружбы — пераклад і публікацыя ў мальційскім дзіцячым часопісе «Сатар» за снежань мінулага года казкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Сакрэт Крыштальнай Ручаінкі». Яшчэ раней Яна Псайла пераклала іншы твор беларускай казачніцы — «Калі цукеркі смачныя», публікацыя здзейснена ў сакавіцкім нумары «Сатара» за мінулы год. 

Мы задалі пытанне Яне Псайла пра тое, ці не зможа яна з часам падрыхтаваць кнігу беларускай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на мальційскую мову. «А чаму б і не?!» — пачулі ў адказ. Яна Псайла актыўна кантактуе з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, знаёміцца са свежымі нумарамі беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў. «Я ўжо крыху ведаю творчасць розных дзіцячых пісьменнікаў Беларусі — Генадзя Аўласенкі, Алены Стэльмах, Таццяны Яцук, Алеся Бадака... Мне даслалі тэксты іх твораў. Сачу, наколькі гэта магчыма, за іх публікацыямі і дзякуючы лічбавай электроннай прасторы. Увогуле з часам пераконваюся, наколькі моцна развіваецца беларуская літаратура». 

Мікола Берлеж


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю