Ёсць і яшчэ адзін аспект: для многіх прадпрымальніцтва становіцца жыццёвым планам як мінімум на бліжэйшае дзесяцігоддзе. А гэта ўжо не толькі пра фінансавую задаволенасць і матэрыяльную стабільнасць сям’і, але і пра тую самую славутую «гармонію з сабой».
Але патэнцыяльны індывідуальны прадпрымальнік або кіраўнік невялікай кампаніі (да 15 чалавек, калі гаворка ідзе аб малым бізнесе), зразумела, бачыць не толькі плюсы, але і непазбежныя рызыкі. Хто тыя людзі, што гатовыя на гэта «падпісацца»: узяць на сябе адказнасць і працаваць на вынік? Пра гэта на Беларускім прамысловым форуме-2026 расказалі прадстаўнікі Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.
Сёння малы і сярэдні бізнес у нашай краіне развіваецца досыць актыўна, адзначаюць спецыялісты. Ён гатовы на ўздым, імкнецца ўдзельнічаць у любых пачынаннях, якія прапануюць дзяржаўныя органы.
Рухальная сіла малога бізнесу
У Беларускім фондзе фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў падкрэсліваюць: менавіта жанчыны — найбольш актыўная частка індывідуальнага прадпрымальніцтва, і нават рухальная сіла малога бізнесу. Пад жаночую аўдыторыю сёння распрацаваны і праходзіць па краіне цэлы спектр дзелавых мерапрыемстваў. Напрыклад, былі праведзеныя дзве біржы субкантрактаў сумесна з Беларускім саюзам жанчын і Віцебскім абласным цэнтрам маркетынгу. Аўдыторыя складалася ў асноўным з жанчын, і гэта былі вельмі масавыя мерапрыемствы — больш за 55 раўндаў перамоў у розных рэгіёнах краіны, дэталізавалі спецыялісты.
Самы актыўны ўзрост жанчын у прадпрымальніцтве сёння — 50+, адзначылі яны. Калі дзеці выраслі, сталі самастойнымі, жанчыны пачынаюць займацца тым, што ім цікава, і развівацца ў самых розных галінах. Шмат хто ў гэтым узросце асвойвае новыя веды, многія — прыходзяць у бізнес. Сёння Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў рэалізуе праграму «Сярэбраны ўзрост»: прыцягвае ў прадпрымальніцтва людзей, старэйшых за 50 гадоў, у тым ліку і жанчын. Гэта вельмі актыўная частка грамадства: шмат ведаюць і ўмеюць, гатовыя вучыцца і працаваць на вынік, перакананыя прадстаўнікі фонду. Як правіла, гэта жанчыны з вышэйшай адукацыяй і велізарным прафесійным і жыццёвым вопытам.
У кожным рэгіёне — свае прыярытэты
Найбольш прывабныя для старту бізнесу ў Беларусі сёння паслугі, гандаль і інфармацыйныя тэхналогіі, паведамілі ў Беларускім фондзе фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Таксама ўрадлівая глеба для пабудовы і росту бізнесу — вытворчасць, будаўніцтва, прыгажосць, сфера адукацыі. Гэтыя сферы, дарэчы, індывідуальныя прадпрымальнікі часцей за ўсё і выбіраюць. Але ў кожным з рэгіёнаў — свае прыярытэты. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці эфектыўна развіваецца швейны бізнес. Яшчэ адна запатрабаваная тэма на старце бізнесу, прычым менавіта ў жанчын 50+, — кулінарыя: аўтарскія тарты, булачкі на заказ, кейтэрынг і кавярні.
Але часам жанчыны элегантнага ўзросту, калі прыходзяць у прадпрымальніцтва, выбіраюць зусім не жаночыя сферы, адзначаюць спецыялісты. І хоць гэта не надта распаўсюджаная гісторыя, але такое нярэдка бывае.
— Да нас звярталася па падтрымку жанчына, якая вырашыла адкрыць свой бізнес і заняцца праектаваннем дамоў, — расказалі ў фондзе. — У яе, дарэчы, велізарны вопыт у гэтай сферы. І яна сабрала вельмі прафесійную маладую каманду. Працавала ў Расійскай Федэрацыі, вярнулася на радзіму, у Беларусь, і прыйшла да нас у рамках праекта для ўзросту 50+. Так што праект «Сярэбраны ўзрост» павінен і будзе развівацца.
У Беларусі дастаткова суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва (цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і бізнес-інкубатары). Але цяпер важна сканцэнтравацца менавіта на гэтай узроставай катэгорыі, сцвярджаюць спецыялісты. Таму што патэнцыял — велізарны. І ў гэтым фонд падтрымлівае Міністэрства эканомікі — арганізацыі цесна ўзаемадзейнічаюць у дадзеным кірунку.
Уменне пачынаць з нуля
Параўноўваючы моладзь і старэйшае пакаленне (45-50+) у прадпрымальніцтве, спецыялісты фонду адзначылі: калі браць сферу малога бізнесу, старэйшае пакаленне ў большай ступені гатовае і здольнае яго выбудоўваць. Пачынаць літаральна з нуля і маленькімі крокамі ісці да мэты. А калі казаць аб праблемах, з якімі часцей за ўсё сутыкаецца пачатковец-прадпрымальнік, асноўнай спецыялісты называюць фінансавую пісьменнасць.
— У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне прадастаўлення суб’ектамі інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва базавага пакета паслуг на бязвыплатнай аснове для асоб, што плануюць пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць, і для дзейных, у тым ліку прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, — паведамілі ў Беларускім фондзе фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. — Гэта будуць кансультацыі аб відах, інструментах і дзеючых інстытутах падтрымкі прадпрымальніцтва, дапамога ў падрыхтоўцы дакументаў для атрымання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, садзейнічанне ў вырашэнні праблемных пытанняў вядзення бізнесу.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота з адкрытых крыніц