Чым цяпер займаецца легенда баскетбола?
«Я не люблю публічнасць, але з маім ростам мне складана ад яе схавацца. Дзе б я ні з’яўляўся, гэта вельмі прыкметна. У мяне была даволі бурная маладосць, і цяпер я пажынаю яе плады», — ці то жартам, ці то ўсур’ёз кажа Руслан Байдакоў, галоўны трэнер баскетбольнага клуба «Рубон». Яго спартыўная маладосць сапраўды была бурнай — адна толькі перамога на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы 1994 года чаго вартая. А яшчэ было выступленне за розныя клубы розных краін, гульня за нацыянальную зборную. Быў і трэнерскі досвед працы з шматлікімі камандамі. І ўсё гэта прывяло Руслана Байдакова дадому, у родны Віцебск. У мінулым сезоне пад яго кіраўніцтвам «Рубон» заваяваў бронзу чэмпіянату Беларусі. На старце новага баскетбольнага сезона пагаварылі са спецыялістам, у якога на ўсе пытанні ёсць сваё меркаванне.
— Руслан Леанідавіч, вы выраслі ў Віцебску і цяпер працуеце ў родным горадзе. Вельмі кранальны момант у біяграфіі спецыяліста, у якога, напэўна, было нямала прапаноў...
— Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры я цвёрда вырашыў, што застануся ў Віцебску. Я хачу дапамагаць роднаму гораду, удзельнічаць у яго жыцці. Я вельмі люблю Мінск, у мяне звязана з ім шмат добрых успамін. Але лічу, што кожны павінен заставацца ў родных пенатах. Чамусьці мы, рэгіёны, саромеемся казаць пра сябе, а вынікі даём, хоць і праблем у нас нямала.

— Напрыклад?
— Элементарна — колькасць спартсменаў. Гэта ў сталіцы можна выгнаць з каманды хлопца з фармулёўкай «не сышліся характарамі» за тое, што ён не так кажа, не так робіць нешта. Мы ж б’ёмся за кожнага. Асабіста мне хлопцы са складанымі характарамі падабаюцца нават больш. Лепш адзін яршысты спартсмен, чым 20 нармальных. Са складанымі характарамі трэнеру няпроста працаваць, але гэта людзі са стрыжнем. І калі накіраваць іх энергію ў правільнае рэчышча, гэта будуць арлы, якія свайго даб’юцца. У маёй камандзе вялікая частка — «непажаданыя», яршыстыя хлопцы, у якіх былі праблемы ў іншых камандах. А мне падабаецца з імі працаваць.
— Адсюль і вынік: у «Рубона» першая за 20 гадоў бронза ў чэмпіянаце Беларусі...
— Дарэчы, тое, што мы 20 гадоў былі без медалёў, я даведаўся ад журналістаў, хоць з 2007 года працую галоўным трэнерам. Мы сапраўды фенаменальна правялі мінулы сезон. Тады нашы вынікі паказвалі, што мы каманда са стрыжнем і ад нас можна чакаць чаго заўгодна. Хоць самі мы баяліся, што не атрымаецца на кожнай гульні трымаць высокі ўзровень. І мне як трэнеру перад кожным матчам трэба было знаходзіць патрэбныя словы для каманды. Трэба было разлічваць сілы кожнага іграка, каб яны не выгаралі. І мы справіліся. Вялікі дзякуй нашым заўзятарам, яны ў нас спецыфічныя, шмат у чым разбіраюцца і ў патрэбны момант падтрымліваюць. Вынік фенаменальны. Ці атрымаецца яго паўтарыць у гэтым сезоне? Я сумняваюся. Але мы такога выніку не чакалі і ў мінулым.

— У вас свая дзіцячая школа. Адна справа працаваць з прафесійнымі спартсменамі, зусім іншая — з дзецьмі.
— Калі ніхто не будзе працаваць з дзецьмі, то ніякіх прафесійных спартсменаў не будзе. А сёння роля дзіцячага трэнера недаацэненая. Я з вялікай павагай стаўлюся да дзіцячых трэнераў, якія цалкам аддаюцца працы. Калі чую фразу «як плацяць, так і працую», адразу спыняю з гэтым чалавекам усе адносіны. Мне ён нецікавы. Можа быць, я старажытны, але мне здаецца, што грошы заўсёды павінны даганяць спецыяліста. І чым лепш спецыяліст, тым больш грошай яго будзе даганяць. А крытэрый работы трэнера які? Узровень яго спартсменаў. Я працую з чатырохгадовымі дзецьмі і з баскетбалістамі 30 гадоў, ведаю праблемы кожнага ўзросту. Я наведваю ўсе спаборніцтвы, якія праходзяць у Віцебску, для розных узроставых катэгорый. Мне цікава глядзець на маленькіх зорачак, якія толькі пачынаюць расці. Але вось што мяне палохае — мала зорачак. І гэта ў тым ліку віна і дзіцячых трэнераў, дзіцяча-юнацкіх школ, якія занадта рана пачынаюць гнацца за вынікамі, занадта рана прыступаюць да тактыкі, зусім не займаючыся тэхнікай спартсменаў.
— А што ім трэба рабіць у першую чаргу?
— Зацікавіць дзіця спортам, прывіць яму фізічную культуру, каб дзіця з задавальненнем прыходзіла на трэніроўку. Гэта каласальная праца. Веды, атрыманыя ў кнігах або інтэрнэце, тут не дапамогуць. Тэорыя ніколі не заменіць жыццёвы вопыт чалавека, які прайшоў школу спорту. Мне 52 гады, з 8 гадоў я займаюся баскетболам, без малога 45 гадоў у спорце, нешта ў гэтай гульні, відавочна, разумею. Хоць, многія выпускнікі ўніверсітэтаў могуць са мной і не пагадзіцца, вядома. Раней я быў схільны лічыць, што можна не быць добрым спартсменам, але, валодаючы ведамі і упартасцю, можна чагосьці дасягнуць. Можна. Але на гэта здольныя адзінкі з сотні.
— Руслан Леанідавіч, вы выхаванец школы савецкага спорту. Наколькі тая сістэма падрыхтоўкі прымальная сёння?
— Мы зрабілі вялікую памылку, калі адмовіліся ад савецкай школы, бо яна складаная. А іншыя краіны яе ўдасканалілі і працуюць па гэтай школе. У іх атрымаўся добры мікс, яны захавалі нагрузку і не страцілі сваёй ідэнтычнасці. Савецкая мадэль падрыхтоўкі будавалася на фізічнай падрыхтоўцы. Яна была зверская. Гэта было за гранню чалавечых магчымасцяў. Гэта было вар’яцтвам, але хто тады пра гэта думаў. У мяне некалькі выбітых зубоў, некалькі разоў зламаны нос, каля 20 пераломаў. У нас як было: сёння зламаў палец — заўтра прыйшоў на трэніроўку. А пералом пальца на левай руцэ наогул траўмай не лічыўся. Сучасныя педантычнасць і празмерны клопат часта шкодзяць спартсменам. Але сёння, калі ў 50 гадоў мы ляжым у бальніцах, думаем, што тады можна было б менш над сваім арганізмам здзекавацца. З іншага боку, пакажыце мне хоць аднаго паспяховага чалавека, які б дамогся мэты, нічога не робячы? Калі я цяпер сваім хлопцам дам тую нагрузку, з якой працавалі мы (а там было да 10 працоўных гадзін у суткі), то на трэці дзень я застануся адзін у камандзе. Прафесіяналы не сыдуць, але злягуць дакладна. І я гэта кажу н, таму, што хачу іх абразіць. Час такі быў. Мы не ведалі, як інакш.

— На маладзёжным чэмпіянаце Еўропы 1994 года вы сталі MVP турніру, гуляючы са зламанай кісцю на кідковай руцэ. Руслан Леанідавіч, растлумачце, калі ласка, як такое магчыма?
— Я сам ніколі гэтага не зразумею. Гэта ўнікальны выпадак. Тым больш што не было ніякіх уколаў, ніякіх фіксатараў — нічога. На чэмпіянат я прыехаў праз усяго дзевяць дзён пасля сур’ёзнага пералому. Кісць нельга было даводзіць да канца, інакш яна развалілася б канчаткова. Дасталі металічную пласціну з накаленніка, сяк-так зафіксавалі костку — і пайшоў гуляць. Пытанне аб тым, што, можа, мне не варта ехаць на чэмпіянат з траўмай, нават не ўзнікала. Ні ў каго нават такой думкі не было. Усе шукалі адказ на пытанне, як я буду гуляць у гэтай сітуацыі. Я капітан каманды, мы столькі да гэтага рыхтаваліся. Як я магу не паехаць на чэмпіянат Еўропы? Напэўна, калі б я не паехаў туды, гэта была б самая вялікая катастрофа ў маім жыцці. Рука рухалася зусім ненатуральна, але неяк удавалася забіваць. У такія моманты проста ўсе рэзервы арганізма мабілізуюцца. І я нікому нічога не даказваў, у той камандзе ў прынцыпе ніхто нікому нічога не даказваў.
— Вы і вашы партнёры па той камандзе часта ў інтэрв’ю кажаце, што той чэмпіянат вам «пашанцавала» выйграць. Але чэмпіянат Еўропы на шанцаванні не выігрываюць...
— А хіба можа павезці чалавеку, які ляжыць на канапе і нічога не робіць? Але нам тады сапраўды пашанцавала, і я паўтару гэта тысячу разоў. Так склаліся зоркі, што кожны ігрок, кожнае яго слова і дзеянне на пляцоўцы, на лаўцы запасных, у перапынках — усё было заточана на тое, каб даць вынік. У нас былі моцныя супернікі, і на чэмпіянат яны ляцелі на самалёце, а не ехалі тры дні на аўтобусе, як мы, медыцына і харчаванне ў іх было лепш. Тры дні ехаць на аўтобусе, які зусім для такіх пераездаў непрыстасаваны, і праз два дні выйсці на гульню — які нармальны чалавек у такіх умовах будзе думаць пра вынік. Нам дапамагла ўдача, без яе ні ў адным відзе спорту не будзе выніку. Але не шанцуе тым, хто нічога не робіць. Нам пашанцавала, бо мы вельмі шмат працавалі, бо шмат часу праводзілі разам, былі вельмі дружныя, не парушалі рэжым. І я з вялікім задавальненнем успамінаю тыя часы, хоць цяперашняя моладзь слухае нашы апавяданні, круцячы пальцам ля скроні. У чымсьці я з імі, вядома, згодны. Сабраць яшчэ раз такую каманду — не толькі ў баскетболе — немагчыма. Гэта бывае раз на сто гадоў. А для таго каб яе сабраць, важна, каб усе трэнеры, пачынаючы з дзіцячых, працавалі па-іншаму, разумеючы задачы кожнай узроставай групы.
— Пашанцавала, што побач з вамі тады былі менавіта вашы трэнеры?
— Пашанцавала. З намі працавала вельмі дружная каманда трэнераў, нацэленая на вынік. Велізарную ролю ў нашай перамозе, наогул у нашым станаўленні адыграў Міхаіл Тайц. У яго не было сваіх дзяцей і да кожнага іграка ён ставіўся як да свайго дзіцяці. І кожны яму бязмерна ўдзячны. Міхаіл Аляксеевіч навучыў нас працаваць прафесійна, адказна, выразна. Гэта была асоба, глыба. А колькі ўсяго добрага для нас зрабіў Аляксей Аляксеевіч Шукшын. Атрымалася б мая кар’ера, калі б не мой першы трэнер, Уладзімір Сямёнавіч Гарэлышаў? Так, шанцаванне ў тым, што нам сустрэліся людзі, якія працавалі дзеля спартсменаў, дзеля выніку. І яны атрымалі гэты вынік. Ці магчыма такое цяпер? Магчыма. Але трэба пачынаць працаваць з самага пачатку. Дзіцячым трэнерам трэба быць больш патрабавальнымі да сябе. Я ж бачу, што ёсць добрыя дзеці, проста на нейкім этапе мы іх губляем. Па розных прычынах. Часта спасылаюцца на пераходны ўзрост. Да чорта, пераходнага ўзросту няма, ёсць няправільнае выхаванне і не тыя людзі, якія знаходзяцца побач у гэты момант.
— Руслан Леанідавіч, як Байдакоў-трэнер можа ацаніць Байдакова-іграка?
— Талент без працы — грошы на вецер, як і працавітасць без таленту. Байдакоў без скачка больш за метр змог бы быць тым Байдаковым? У іграка павінна быць саабражалка. Ці можна яе натрэніраваць? Не, можна ўмацаваць тое, што закладзена прыродай. Працавітасць — гэта калі прыходзіш на гадзіну раней на трэніроўку і на гадзіну пазней сыходзіш. Пра Байдакова гэта? Адназначна. Я адзін раз у жыцці, яшчэ будучы школьнікам, праспаў на трэніроўку. І сёння з жахам успамінаю той дзень. А сёння гэта норма. Але спартсмен становіцца прафесіяналам, калі ён перастае марыць стаць вялікім спартсменам, а проста працуе. Тады прыходзяць і заслугі, і, калі хочаце, веліч. Бо спорт любіць адданасць. Я ўпэўнены, што ў нас адзінкі спартсменаў трэніруюцца больш за шэсць гадзін у дзень, улічваючы, што сёння ў нас выключныя ўмовы. Хоць у Віцебску няма камфортнай баскетбольнай залы, нават тое, што ёсць сёння, — выключныя ўмовы ў параўнанні з тымі, у якіх трэніраваліся мы.

— Кім быць складаней, трэнерам або спартсменам?
— Калі я развітваўся са спортам, думаў, што нарэшце пачнецца нармальнае жыццё. Я змагу есці, што захачу, а не тое, што трэба. Змагу жыць не па графіку, класціся спаць і прачынацца ў колькі захачу. Але арганізм праз 20 гадоў сказаў, што трэба вяртацца да напрацаваных звычак. У прафесіянала няма люфту: ён дакладна ведае, што і калі ён павінен рабіць. Ігракам у гэтым плане, дарэчы, прасцей, кожны спраўляецца толькі са сваім настроем. А ў трэнера ўся каманда, і трэба думаць пра кожнага, улічваць спецыфіку ўсіх паасобку.
— Руслан Леанідавіч, у вашай спартыўнай і трэнерскай кар’еры нямала складанасцяў. Чым ганарыцеся больш за ўсё?
— Я ганаруся, што гэта ўсё было. Гэта ж гісторыя нашага спорту. Але я не жыву мінулым. Мне вельмі прыемна займацца тым, чым я цяпер займаюся. Не хаваю, часам мне прапануюць заняць пэўныя пасады і з’ехаць з Віцебска працаваць у іншыя каманды. Але я прырос тут, тым больш калі адкрыў сваю школу. Я кантралюю трэнерскі штаб каманды вышэйшай лігі, адкрываю маленькіх зорачак. Так, няпроста, вельмі няпроста. Але ці буду я ў гармоніі з сабой, калі буду працаваць, думаючы толькі пра заробак?
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Беларускай федэрацыі баскетбола