Top.Mail.Ru

Мамінай пяшчоты і любові хапае і на сваіх, і на прыёмных

«У нас усе дзеці — родныя!»

— Дзеці — гэта самае дарагое, што ёсць у нашым жыцці, самы лепшы падарунак лёсу. Іх гаманлівасць, дзіцячая жвавасць і непасрэднасць дораць столькі яркіх і незабыўных хвілін! Дзеткі — гэта сэнс нашага жыцця, і мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб яны былі самыя шчаслівыя, — кажа Лірына Нежавец. Маладая жанчына ажыўлена расказвае мне пра яркія сямейныя будні, захапленні дзетак, як яны бавяць вольны час, а я не магу стрымаць станоўчыя эмоцыі: у сям’і Лірыны і Аляксандра Нежаўцоў выхоўваецца шаснаццаць дзяцей, сярод якіх трынаццаць — прыёмных!

Выбраць прафесію дапамагло жыццё...

...Дзяўчынка змалку любіла жывёл, марыла стаць ветэрынарам. І да сваёй мэты яна ішла ўпэўнена. Пасля заканчэння школы з лёгкасцю паступіла ў Віцебскую ветакадэмію, дзе і набыла жаданую спецыяльнасць. Здольная студэнтка планавала займацца навуковай дзейнасцю, збіралася паступаць у магістратуру. Аднак усе далейшыя планы ажыццявіць не атрымалася. Паколькі падчас вучобы ў Лірыны развілася алергія на жывёл, яна зразумела, што працаваць па абранай спецыяльнасці не зможа.

— Свой працоўны шлях я пачала ў Расіі,— расказвае суразмоўніца. — Уладкавалася на работу ў Санкт-Пецярбургу, затым — у Маскве.

Прыехаўшы ў рамантычны Санкт-Пецярбург, Лірына сустрэла сваё шчасце. Як ні дзіўна, хлопец і дзяўчына, якія пазнаёміліся ў Расіі, пражывалі на Брэстчыне, толькі яна — у Пружанах, а ён — у Іванаве. Маладыя пасябравалі, разам падарожнічалі — і паступова зразумелі, што іх аб’яднала моцнае і светлае пачуццё... У 2015 годзе Аляксандр і Лірына стварылі сваю сям’ю і жылі ў Маскве.


З якой жа радасцю маладыя муж і жонка сустрэлі вестку пра тое, што ў іх будзе дзіця! Аднак жыццё непрадказальнае, ніхто не ведае, калі нас напаткае гора... На восьмым месяцы цяжарнасці жанчына страціла дзіця.

— Той жудасны дзень забыць немагчыма. З Брэсцкага абласнога радзільнага дома родныя мяне забіралі адну... Сэрца рвалася ад невыноснага болю і адчаю. Што рабіць? Як жыць далей? — успамінае Лірына. — Перамагчы душэўныя пакуты мне дапамагла маці. Яна прапанавала мне разам наведаць сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна. Тут мы ўбачылі дзетак, якія растуць без бацькоў.

Цяжка ўявіць, што перажываюць дзеткі. Так у маладой пары з’явілася жаданне забраць да сябе ўсіх дзяцей, якія ёсць на выхаванні ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Іх было трое: Юля, Косця, якім споўнілася па 12 гадоў, і сямігадовая Даша. Моцнаму жаданню стаць бацькамі не маглі перашкодзіць ніякія прычыны, нават тое, што ў Юлі былі праблемы са здароўем. Муж і жонка пачалі збіраць усе неабходныя дакументы для правядзення працэдуры ўсынаўлення, якая працягвалася паўгода.

Якімі ж шчаслівымі адчулі сябе Лірына і Аляксандр, калі ўсынаўленне адбылося! Маладыя бацькі разумелі, што ў іх жыцці пачаўся новы важны этап.

Сям’я пачала імкліва расці

— Мы жылі ў доме ў Падмаскоўі і там планавалі будаваць далейшае жыццё — арганізоўваць свой бізнес і гадаваць траіх дзяцей, — расказвае Лірына. — У канцы лета мы збіраліся вяртацца з Пружанаў туды. Аднак у маі да нас звярнулася незнаёмая пажылая жанчына з просьбай часова аформіць апеку на яе ўнука, якому споўнілася тры з паловай гады. Хлопчык у той час знаходзіўся ў Барысаўскім спецыялізаваным доме дзіцяці. Паколькі ж тут павінны знаходзіцца толькі дзеці ва ўзросце да трох гадоў, Яраслава збіраліся адправіць у дом-інтэрнат.

Вядома, хлопчыка было вельмі шкада. Лірына і Аляксандр пагадзіліся ўзяць Яраслава да сябе на выхаванне не раздумваючы. Праз некалькі месяцаў муж і жонка раптам даведаліся пра тое, што бабуля Яраслава не змагла аформіць апякунства. Што рабіць? Аддаць дзіця бабулі яны не маюць права, адпраўляць яго ў інтэрнат невыносна цяжка.

Менавіта ў гэты час у Пружанах завяршалася будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу. З боку кіраўніцтва раёна Лірыне і Аляксандру прапанавалі працаваць тут бацькамі-выхавальнікамі.

— Спачатку мы наадрэз адмовіліся, бо не былі гатовы ўзяць на сябе такую адказнасць, — расказвае Лірына. — Аднак у тым, што мы зможам быць добрымі бацькамі дома сямейнага тыпу, нас пераканала мама. Яна нагадала нам пра тое, што сярод родных па мацярынскай лініі шмат бацькоў-усынавіцеляў, і я прадстаўляю пятае пакаленне такіх бацькоў. Мама, якая сама працуе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, патлумачыла, наколькі высакародна штодзень акружаць любоўю, увагай і цеплынёй дзетак, што засталіся без бацькоў.


Дату адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Пружанах шчаслівыя бацькі запомнілі на ўсё жыццё. Гэта адбылося 12 кастрычніка 2018 года.

— Так, у нас ужо было чацвёра дзяцей. Цяпер жа наша сям’я папоўнілася яшчэ чатырма дзеткамі. Мы з Аляксандрам сталі прыёмнымі бацькамі для дзесяцігадовага Даніка, Дзімы, якому споўнілася дзевяць гадоў, а таксама васьмігадовых Насці і Ягора, — кажа суразмоўніца. — Паколькі ў Аляксандра была работа ў Маскве, на наступны дзень пасля адкрыцця дзіцячага дома яму прыйшлося паехаць на працу. Я ж засталася адна з васьмярымі дзецьмі. І хоць спачатку было вельмі няпроста, я адчувала вялікую адказнасць і ў той жа час — невыказнае шчасце.

Праз месяц Лірына даведалася, што ў бальніцы знаходзяцца двайняты, якім споўнілася ўсяго паўтара месяца. Маленькіх Машу і Пашу адабралі ў бацькоў, якім на працягу паўгода патрэбна было знайсці работу і добраўпарадкаваць жыллё. Лірыне вельмі захацелася ўзяць іх да сябе, аднак спачатку ў бальніцы ёй адмовілі: прайшоў толькі год пасля ўсынаўлення траіх дзяцей, а тут яшчэ пяцёра... Лірына звярнулася з просьбай да кіраўніцтва аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама, і гэтым разам жанчыне не адмовілі. Так у дружнай шматдзетнай сям’і з’явілася яшчэ двое зусім маленькіх дзетак

Цудоўныя падарункі лёсу

Аднак гэта быў толькі пачатак шчаслівых падзей. Праз месяц пасля таго, як у сям’і з’явіліся маленькія двайняты, Лірына даведалася, што яна цяжарная.

— Радасць, якую я адчула ў той час, перадаць словамі немагчыма, — успамінае жанчына. — Я адчувала сябе самай шчаслівай на свеце!


14 ліпеня 2019 года бацькоў, брацікаў і сястрычак сваім з’яўленнем на свет парадавала маленькая Аляксандра. Яна стала адзінаццатым дзіцём у сям’і. А праз тры гады, 3 чэрвеня 2022 года, у Лірыны і Аляксандры нарадзіўся сыночак Марк.

— Мы лічым, што наша дзяржава ўнікальная. Тут шматдзетныя сем’і, 

дзеці-сіроты адчуваюць усебаковую ўвагу і падтрымку. Для таго каб выхоўваць шмат дзяцей, дзяржава падрыхтавала нам прыгожы добраўпарадкаваны дом з усімі зручнасцямі. Тут ёсць усё для камфортнага жыцця: сучасная мэбля, бытавая тэхніка, посуд і г. д. У Пружанскім раёне працуюць тры такія дзіцячыя дамы, а па ўсёй Беларусі іх налічваецца больш за 200. Мы, як бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу, атрымліваем годны заробак, — гаворыць Лірына. — Мы ганарымся сваімі дзецьмі, паколькі многім дапамаглі знайсці сваю дарогу ў жыцці. Старэйшы, Косця, ужо адслужыў у арміі, цяпер служыць у МНС. Дзмітрый ужо студэнт, а Данііл працуе на будоўлі. Юлія набыла сярэднюю адукацыю і дапамагае мне ва ўсіх хатніх справах. Лічу, што ў нашай краіне створаны найлепшыя ўмовы для таго, каб бацькі імкнуліся быць шматдзетнымі, і гэта вельмі важна.

Літаральна праз месяц у шматдзетнай сям’і з’явіліся маленькія брацік і сястрычка. Анжаліцы было два гады, а Мікіту — год. 

Праз нейкі час шматдзетныя бацькі даведваюцца пра тое, што ў Анжалікі і Мікіты з’явілася сястрычка. Нованароджаную дачушку таксама забралі ад біялагічных бацькоў і накіравалі на выхаванне да Лірыны і Аляксандра. Такім чынам, Ангеліна стала чацвёртым дзіцем, якое з’явілася ў сям’і на працягу лета.

Напэўна, сваёй душэўнай адкрытасцю, шчырасцю і цеплынёй Лірына і Аляксандр здольныя прыцягваць новыя шчаслівыя падзеі. У красавіку мінулага года ў іх нарадзілася дачушка Варвара, якая стала шаснаццатым дзіцем у сям’і.

Падчас размовы са шматдзетнымі бацькамі я не пераставала захапляцца іх жыццёвай энергіяй, аптымізмам і ўменнем пераадольваць цяжкасці:

— Як жа вам удаецца штодзень выконваць вялікі аб’ём работы і адначасова быць клапатлівымі бацькамі?


— У мяне цудоўны муж, ён разумее мяне з паўслова, — дзеліцца шматдзетная маці. — Мы адкрылі таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца рэкламнай дзейнасцю. Такім чынам мы рыхтуем відэасюжэты аб жыцці нашай сям’і, дзелімся імі ў сацыяльных сетках, публікуем рэкламу і дзякуючы гэтаму атрымліваем добры заробак.

«Так, у нас шаснаццаць дзяцей — і ўсе родныя!» — менавіта так напісалі ў сваім акаўнце Лірына і Аляксандр. Дарэчы, бацькоў разам з дзецьмі часта запрашаюць выступіць у папулярных ток-шоу. Некалькі дзён таму Лірына разам з трыма дзеткамі — Машай, Пашам і Аляй — сталі ўдзельнікамі сацыяльнага ток-шоу на АНТ «Яшчэ не вечар».

— Нашы дзеці з’яўляюцца для нас крыніцай жыццёвай энергіі і аптымізму, — кажа шчаслівая матуля. — Менавіта яны кожны дзень зараджаюць нас асаблівым пазітывам, станоўчай энергіяй і дораць столькі яркіх момантаў! Мы разумеем, што з такіх імгненняў і складаецца наша жыццё, напоўненае бясконцым шчасцем і радасцю.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Фота з сямейнага архіва сям’і Нежаўцоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю