Top.Mail.Ru

Манастыр на пясчаным востраве

Адна са знакавых праваслаўных святынь Беларусі, Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, рыхтуецца адзначыць 800-годдзе з часу заснавання


Заснаванне манастыра звязана з Лаўрышаўскім Евангеллем, напісаным, як мяркуецца, у XIII стагоддзі, і народнымі паданнямі, якія паказваюць на канкрэтнае месца на рацэ Нёман, дзе зараз дзейнічае і аднаўляецца святыня. 

евангелле.jpg

Хоць канкрэтныя гістарычныя крыніцы, якія апісваюць сам акт заснавання, на сёння адсутнічаюць, можна меркаваць, што стварэнне манастыра было звязана з дзейнасцю прападобнага Елісея (або Траняты, пляменніка вялікага князя літоўскага Міндоўга). Разам з тым існуюць старажытныя летапісныя звесткі, якія паказваюць нам на яшчэ аднаго чалавека, які верагодна прыняў значны ўдзел у заснаванні і развіцці Лаўрышаўскай абіцелі. Так, Іпацьеўскі летапіс у другой палове XIII ст. кажа нам аб вялікім літоўскім князе Войшалку, які «учини собе монастырь на реце на Немне межи Литвою и Новымъгородъком и ту живяше».

Цэнтральнай падзеяй святкавання стане богаслужэнне 5 лістапада, яго ўзначаліць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні ўсяго епіскапата БПЦ.

Кіраўнік інфармацыйнага аддзела Навагрудскай епархіі іерэй Аляксандр Сняжко адзначыў, што асноўнай манастырскай датай з’яўляецца 1225 год.

«Гісторыкі, магчыма, будуць спрачацца з гэтай датай, але адразу скажу ў нашу абарону. Мы гэты год узялі не проста з паветра, а з навуковай працы архімандрыта Мікалая Трускоўскага, які ў 60-х гадах быў рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі і ў працах якога ёсць звесткі аб тым, што менавіта 1225 год можна лічыць годам заснавання Лаўрышаўскай абіцелі», — сказаў святар.

Манастыр, паводле яго слоў, ужо ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання стаў не толькі духоўным цэнтрам, але і цэнтрам кнігавыдання — знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле з’явілася ў 60-70 гадах XIII стагоддзя. Гэта ўнікальны святы артэфакт таго часу, бо ён быў напісаны не проста суцэльным тэкстам, а змяшчаў і маляўнічыя выявы.

«Згодна з шэрагам крыніц, гэта рукапісная праца манаха Іова па даручэнні шэрагу князёў. Цяпер гэтае Евангелле знаходзіцца ў Кракаве, у музеі, у нас ёсць толькі ксеракопія гэтага цудоўнага артэфакта», — сказаў Аляксандр Сняжко.

Да пачатку XVI стагоддзя, працягнуў ён, манастыр набыў статус лаўры, асабліва значнага манастыра для ўсяго праваслаўнага свету.

«Калі здарылася чарговае нашэсце мангола-татараў на гэтыя землі, то адбылася цудоўная з’ява — калі яны падышлі да Лаўрышаўскай абіцелі, то раптам убачылі, што ля сцен манастыра знаходзіцца адборная конніца, і спалохаліся, палічылі, што пацерпяць паражэнне, і адступілі. Гэты паход стаў апошнім для татараў на беларускія землі.

Гэтая падзея мела такі моцны рэзананс, што ўжо ў 1514 годзе на Віленскім саборы Елісей Лаўрышаўскі быў кананізаваны праваслаўнай царквой у лік святых», — сказаў іерэй.

Па сведчанні гісторыка А. Каяловіча, у 1514 годзе на саборы ў Вільні пад старшынствам мітрапаліта Іосіфа Солтана Елісей быў услаўлены ў ліку святых. Такі сабор сапраўды меў месца. У 1514 г. у Вільні сабраліся епіскапы, клірас, і нават прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярха. Сярод удзельнікаў сабора быў і Лаўрышаўскі архімандрыт, не названы, праўда, па імені. Па ўсёй бачнасці, гэта быў Іона (Пратасевіч), будучы мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (1568–1576).

У XV–XVI стагоддзях у манастыра была багатая бібліятэка і шмат земляў, а сродкі ахвяравалі ў тым ліку магнаты Храптовічы. У XVII стагоддзі манастыр стаў уніяцкім і паступова пачаў прыходзіць у заняпад. У другой палове XVIII стагоддзя ў недалёкай ад гэтага месца вёсцы Лаўрышава была ўзведзена Лаўрышаўская Успенская царква, якая за сваю амаль 260-гадовую гісторыю перажыла сусветныя войны, савецкія ганенні і ніколі не закрывалася.

Падчас Першай сусветнай вайны манастыр быў знішчаны, «проста сцёрты з зямлі»: побач праходзіла лінія фронту, але салдаты пасадзілі на гэтым месцы кусты бэзу, і пазней, ужо ў 90-я гады мінулага стаглоддзя, менавіта па гэтай прыкмеце ў было устаноўлена дакладнае месца святыні, тады ж пачалося яе адраджэнн. У 1993 годзе архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін асвяцілі месца, дзе стаяў манастырскі храм. У 1997-1998 гадах быў узведзены і епіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем асвечаны храм у імя прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Крыху пазней каля храма быў пабудаваны корпус, у якім пасялілася брація. У 2001 годзе пры храме зарэгістраваны прыход, а 21 красавіка 2007-га рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ён пераўтвораны ў мужчынскі манастыр.

Падчас раскопак у 2016 годзе ў падмурку Лаўрышаўскай царквы знайшлі каўчэг з астанкамі духоўнай асобы. Ёсць верагоднасць, што - прападобнага Елісея.

Астанкі адпраўлены на экспертызу ў Мінск, дзе вызначылі, што яны належалі чалавеку ва ўзросце больш за 60 гадоў, які жыў у ХIII стагоддзі. Мошчы захоўваюцца ў алтары храма-купелі, усе вернікі да іх дакранаюцца і спадзяюцца на ацаленне.

На тэрыторыі манастыра знаходзіцца помнік самому Елісею, аўтар якога — маскоўскі скульптар Дзмітрый Стрэтовіч. У час свайго падарожжа па Польшчы ён наведаў адну з прыватных бібліятэк, дзе сярод розных  грамат ахвярадаўцаў манастыра знайшоў прозвішча сваіх продкаў. Згодна са знойдзенымі дакументамі, 10 жніўня 1486 года «падскарбій караля Казіміра IV Ягелончыка пан Іван Аляксандравіч Стрэтовіч перадаў манастыру права на 30 коп жыта са свайго маёнтка Беразавец. Пісцом укладнога запісу выступіў кн. Фёдар Львовіч». 

Такія вось выкрунтасы гісторыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю