Top.Mail.Ru
244

Маніторынгавы цэнтр ФПБ абараніў правы сямейнай пары

Толькі з пачатку кастрычніка ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ звярнуліся 335 чалавек розных прафесій. Пытанні, якія датычыліся працоўных адносін, аператыўна вырашаліся прафсаюзнымі спецыялістамі.



Так, работнік адной з арганізацый аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны знаходзіўся на працяглым бальнічным. У гэты перыяд наймальнік утрымаў з дапамогі па часовай непрацаздольнасці грашовыя сродкі па выканаўчаму лісту, выдадзенаму ў адносінах да работніка. Аднак заканадаўствам устаноўлены абмежаваны пералік патрабаванняў, якія могуць быць спагнаны з дапамогі. Абставіны работніка да такіх катэгорый не адносіліся. Другая частка звароту работніка датычылася нявыдачы яму сродкаў індывідуальнай абароны. Тут таксама прафсаюзы дапамаглі вырашыць пытанне на карысць чалавека.

Крыху раней у Цэнтр звярталася жонка работніка, якая, дарэчы, таксама працуе ў гэтай жа арганізацыі. Зварот жанчыны тычыўся даплат за звышурочныя работы. На думку заяўніка, наймальнік няправільна налічваў даплату. Прафсаюзныя спецыялісты дэталёва вывучылі пытанне і факты парушэнняў з боку арганізацыі пацвердзіліся. Наймальніку выдадзены адпаведныя рэкамендацыі на ўстараненне парушэнняў. Як вынік — жанчыне зрабілі карэктны пераразлік даплаты за звышурочныя работы.

— Кожны зварот — канкрэтная гісторыя работніка, якому патрэбна аператыўная дапамога і падтрымка. І праца Цэнтра нацэлена менавіта на гэта — на максімальна хуткае рэагаванне на звароты. У большасці людзям неабходна кансультацыя. У такіх сітуацыях адказы яны атрымліваюць адразу ж. І нават у выпадках, калі патрабуецца выезд у арганізацыю, дэталёвае вывучэнне дакументацыі па звароце, перамовы з наймальнікам, адказ работніку даецца літаральна за некалькі дзён, — адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Яшчэ адзін прыклад сітуацыі, якая аператыўна вырашылася, датычыўся нявыплаты авансу. На гэты раз на «гарачую лінію» Цэнтра звярнуўся ўжо калектыў аграпрамысловага прадпрыемства. Прафсаюзныя спецыялісты правялі ў арганізацыі маніторынг, які пацвердзіў факт парушэння: работнікам авансавы разлік не праводзіўся з пачатку бягучага года. Нагадаем, з мінулага года Працоўным кодэксам замацавана, што заработная плата ўсім работнікам павінна выплачвацца не радзей як два разы на месяц. Пры гэтым не мае значэння, які від працоўнага дагавора заключаны. На што і была звернута ўвага наймальніка, які, дарэчы, аператыўна ліквідаваў парушэнне.

Нагадаем, Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ працуе без выхадных, звярнуцца можна па адзіным нумары — 8-801-100-1111. Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС.

Алена КРАВЕЦ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю