Top.Mail.Ru
130

Мара шматдзетнай маці з Вілейскага раёна ажыццявілася напярэдадні Дня жанчын

«Кожная мая цяжарнасць — вялікая радасць»

У вёсцы Седзіца Вілейскага раёна ў вялікім двухпавярховым доме пражывае сям'я Філістовіч. Маці Алеся і тата Міхаіл выхоўваюць 11 дзяцей! Самай старэйшай дачцэ Марыі — 15, а малодшанькаму Мікалаю яшчэ не споўнілася і двух месяцаў. Кожнаму з дамачадцаў Алесі Ігараўне ўдаецца падарыць цяпло, любоў, клопат і свой час. Мацярынства для жанчыны — усё яе жыццё. І, прызнаецца суразмоўніца, калі дазволіць здароўе, яна гатова нарадзіць яшчэ дзетак. Чаму б і не, падумала карэспандэнт «Звязды», калі прыехала днямі да іх у госці. Дзіцячы смех гучыць тут вельмі звонка — а ўсё таму, што адно аднаго ў гэтай сям'і сапраўды любяць і чакаюць дома.

З кватэры ў горадзе — ва ўласны дом

Калі сям’я толькі зараджалася, маладыя Алеся і Міхаіл жылі ў бацькоў. Яны абое — з вялікіх сем’яў, таму з’яўленне на свет дзяцей кожны раз было для бацькоў шчаслівым і непаўторным імгненнем.

«Першай нарадзілася Маша, — расказвае Алеся. — Мы вырашылі доўга не зацягваць і падарыць ёй браціка Ваню. Ваня з’явіўся пятым. Да гэтага ўсе — дзяўчынкі. Я ніколі не думала, што стану шматдзенай маці».

Вядома, з нараджэннем наступных дзяцей бацькам хацелася вырашыць жыллёвае пытанне. Так склаліся абставіны, што прыйшлося выбіраць паміж жыллём у горадзе ці ўчасткам у вёсцы з перспектывай будаўніцтва ўласнага дома.

«Нечакана для сябе выбрала другі варыянт, — прызналася жанчына. — Муж на выбар таксама паўплываў! Ён хацеў жыць у вёсцы. Ды і дзеткам у сваім доме будзе значна лепш, падумала я».

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, бацькі спачатку пабудавалі ў Седзіцы невялікі дом.

«А праз час, зноў дзякуючы падтрымцы дзяржавы (Указ Прэзідэнта ад 4 ліпеня 2017 года № 240), змаглі ўзяць крэдыт на рэканструкцыю дома, — кажа гаспадыня. — Муж дабудаваў тое, што было трэба. Цяпер у нас вялікі дом!»

Мары паступова здзяйсняюцца

Каб забяспечыць камфортнае жыццё ўсім членам сям’і, тата Міхаіл рухаўся паступова і канкрэтна: спачатку пабудаваў вялікі дом, а пасля ўзяў у арэнду яшчэ 20 гектараў зямлі, зарэгістраваўшы сялянска-фермерскую гаспадарку «МіхОл».

«Усё ў нас было цудоўна, — гаворыць з усмешкай мама Алеся. — Але адносна нядаўна, напярэдадні навагодніх свят, у рамках акцыі „Нашы дзеці“ мясцовыя ўлады віншавалі нашу сям’ю. Я ненаўмысна агучыла думкі ўслых: у нашу легкавую машынку дзесяць дзяцей не змяшчаюцца... Вялікая машына была сапраўды маёй марай».

Таму што без яе выехаць усёй сям’ёй на экскурсію ці адзначыць дзіцячы дзень нараджэння ў піцэрыі было калі не зусім немагчымым, то вельмі праблематычным.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА напярэдадні Міжнароднага жаночага дня і ў Год беларускай жанчыны пры фінансавай падтрымцы Беларусбанка падарыў сям’і вялікі мікрааўтобус на 16 месцаў.

У цэнтральным рэгіёне нашай краіны пражывае больш за 21 тысячу шматдзетных сем’яў, і кожная знаходзіцца ў зоне ўвагі органаў улады. Сям’я Філістовіч — яркі прыклад.

«Мы даведаліся, што ў вас ёсць запаветная мара — сямейны аўтамабіль, і разам з Беларусбанкам вырашылі яе ажыццявіць: знайшлі магчымасць набыць вам новы аўтамабіль і іншыя падарункі, — звярнуўся Аляксей Кушнарэнка да Алесі і Міхаіла. — Жадаем вашай сям’і шчасця, міру і згоды! Галоўнае — працягвайце марыць, а мы будзем дапамагаць ажыццяўляць вашыя мары».

Губернатар Мінскай вобласці адзначыў, калі прыехаў у госці да сям’і, што маці Алеся — увасабленне беларускай жанчыны. Яна ў 2018-м была ўзнагароджана ордэнам Маці.

«Калі сказалі, што дзяржава нам выдзеліла машыну, што хочуць павіншаваць, у нас слёзы ліцца сталі з вачэй ад нечаканасці, — падзялілася Алеся Ігараўна. — У нас ужо ёсць спіс мерапрыемстваў, паездак і ў замак, і ў музей кудысьці, і ў аквапарк дзеці вельмі хочуць. Нам яшчэ падарылі і сертыфікат на наведванне аквапарка, куды мы адназначна паедзем».

Аляксей Кушнарэнка, звяртаючыся да маці, заўважыў: месца ў новым аўтамабілі шмат, нават з запасам!

Алеся Ігараўна ў сваю чаргу адзначыла, што быць мамай — вялікае шчасце і падарунак ад Бога, ад якога яна ніколі на хацела адмаўляцца: «Я гэтым жыву. Кожная мая цяжарнасць — вялікая радасць. Мы кожнае дзіця гатовы з мужам ахінуць сваёй любоўю. Усе дзеткі — наш гонар і працяг».

Яна ВАЛАСАЧ

фота аўтара


У тэму

У Мінпрацы і сацабароны расказалі аб ільготах у дачыненні да шматдзетных сем'яў

У ведамстве звярнулі ўвагу, што шматдзетныя маці маюць права на льготную пенсію, а перыяды догляду дзяцей абаронены працоўнымі гарантыямі.

Ёсць таксама льгота для шматдзетных сем’яў па аплаце карыстання школьнымі падручнікамі і дапаможнікамі.

Гэта ж датычыцца і ўтрымання дзіцяці ў дашкольнай установе. Бацькі аплачваюць толькі харчаванне ў перыяд наведвання дзіцячага садка, а ўсё астатняе субсідзіруецца дзяржавай.

Для сем’яў з двума дзецьмі плата за ўтрыманне ва ўстанове яшчэ ніжэйшая, для шматдзетных сем’яў яна зніжаецца на 50 %.

У школах навучэнцы малодшых класаў забяспечваюцца бясплатным харчаваннем. Бясплатна сілкуюцца ў школах таксама дзеці больш старэйшага ўзросту з малазабяспечаных, шматдзетных і іншых катэгорый сем’яў.

Акрамя гэтага, у профільным міністэрстве нагадалі аб пуцёўках у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, якія субсідзіруюцца дзяржавай.

Што датычыцца сямейнага капіталу, то з 1 студзеня 2026 года яго памер складае 35 505 рублёў.

Дарэчы, у ведамстве адзначылі трэнд на шматдзетнасць. За 2021–2025 гады колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася ў разы і сёння складае амаль 120 тысяч.

І, нарэшце, жыллёвае пытанне. Указ Прэзідэнта № 12 ад 6 студзеня 2012 года спрасціў умовы для льготнага крэдытавання на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, павялічыўшы памер фінансавай дапамогі для пагашэння крэдыту з 50 да 75 % для сем’яў з трыма дзецьмі і з 70 да 100 % для сем’яў з чатырма і больш дзецьмі.

Указ Прэзідэнта № 240 ад 4 ліпеня 2017 года ўвёў новы від дзяржпадтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — дзяржаўныя адрасныя субсідыі. З дзяржбюджэту вылучалася субсідыя, накіраваная на пагашэнне доўгу, памер якой вызначаўся колькасцю дзяцей. Пры наяўнасці трох непаўналетніх субсідыя пагашала да 95 % запазычанасці. А калі дзяцей чацвёра і больш, дзяржава цалкам закрывала крэдыт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю