Top.Mail.Ru

«Марафон адзінства» праходзіць у Салігорску

3 і 4 студзеня 2025-га сталіца шахцёраў прымае самую маштабную і яркую акцыю гэтага года — «Марафон адзінства». У першыя паслянавагоднія выхадныя салігарчан і гасцей горада чакае шмат унікальных пляцовак і выстаў, а таксама экскурсіі, канцэрты, «НЯсумныя НЯлекцыі» і многае іншае. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да займальнага падарожжа па горадзе адзінства.


Пра асаблівасці і падрыхтоўку марафону ў горадзе шахцёраў журналістам расказаў старшыня Салігорскага райвыканкама Анатоль Ладыга: «Рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю „Марафон адзінства“ ў Мінскай вобласці Салігорск прымае апошнім. Гэта хвалююча і адказна. Цэлыя два дні горад і ўвесь раён будуць жыць акцыяй. Ёй папярэднічала маштабная падрыхтоўка. Хацелася б, каб кожная задзейнічаная пляцоўка жыхароў і гасцей свята эмацыянальна зарадзіла».

Па яго словах, «Марафон адзінства» падорыць магчымасць успомніць дасягненні папярэдніх пакаленняў: «Сёлета Салігорскі раён адзначыў векавы юбілей. Людзям, якія тут жывуць, ёсць чым ганарыцца. Яны не толькі захавалі ўсё, што было ў мінулым, але і многае прымножылі. Упэўнены, да нас далучыцца шмат гасцей з іншых гарадоў Беларусі. І гэта нядзіўна — у Салігорску пануе атмасфера сапраўднага адзінства».

Кіраўнік раёна таксама адзначыў, што за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця, па выніках 2023 года, Салігоршчына была занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.

Цікавых лакацый ужо ў першы дзень мерапрыемства было шмат. Напрыклад, блогераў, якія ўдзельнічаюць у «Марафоне адзінства», сустракалі беларускія тэрыконы. Гэта горы з пяску і солі, вышыня якіх перавышае сотню метраў, сапраўды прыгожае і адметнае ў краіне месца.

А ў Салігорскі Палац культуры прыехала ўнікальная выстаўка «З любоўю і ўдзячнасцю», на якой прадстаўлены падарункі Прэзідэнту ад працоўных калектываў. Яна ўключае ў сябе больш чым 70 падарункаў, паднесеных Прэзідэнту Беларусі з 2000 да 2024 года. Гэта толькі малая частка. 

Экспазіцыя складаецца з карцін, сувеніраў, мадэляў тэхнікі, што вырабляюцца для патрэб нашай краіны.

У салігорскай раённай бібліятэцы ўсе ахвотныя могуць убачыць падораныя кіраўніку дзяржавы кнігі — унікальныя выданні са збораў Палаца Незалежнасці, Прэзідэнцкай бібліятэкі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта падарункі ад кіраўнікоў іншых дзяржаў, дзяржаўных і культурных дзеячаў Аляксандру Лукашэнку на працягу апошніх 30 гадоў. Бібліяграфічную каштоўнасць і асаблівасць надаюць пакінутыя аўтографы і надпісы, арыгінальныя і дызайнерскія вокладкі.

У сталіцу шахцёраў таксама прыехалі выстава Нацыянальнай акадэміі навук «Погляд за гарызонт» і экспазіцыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета «Вялікі тэатр Беларусі: Гісторыя. Ідэі. Здзяйсненні». На выстаўцы экспануюцца спадчына і сучаснасць Вялікага тэатра Беларусі: найбольш яркія касцюмы, дакументальныя сведчанні творчай гісторыі — фатаграфіі, афішы спектакляў і экспанаты, якія прадстаўляюць тэатр сёння.

У Салігорскім горна-хімічным каледжы ў фармаце жывога дыялогу адбылася «НЯсумная НЯлекцыя». На ёй намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая і гендырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў расказалі студэнтам аб маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Беларусі. Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю абмяркоўвалі тэму, паколькі многім з іх трэба будзе паўдзельнічаць у электаральнай кампаніі ўпершыню і зрабіць свой усвядомлены выбар.

Удзельнікамі яркага музычнага праекта «Разам працуем, разам спяваем!» 3 студзеня сталі работнікі салігорскіх прадпрыемстваў. Зоркі беларускай эстрады прыехалі ў КУП «Салігорскводаканал» з яркім канцэртам.

Старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Ала КАЛЕЕВА адзначыла, што «Салігорскводаканал» забяспечвае паслугамі жыхароў раёна, а таксама прадпрыемствы рэгіёна: «Задачы на 2025 год маштабныя. У планах — рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў горада. Гэты праект, несумненна, павысіць якасць жыцця насельніцтва. Але самае галоўнае — захаваць у міры краіну, сумленна працаваць. 

І вось такія акцыі, як „Марафон адзінства“, дазваляюць яшчэ раз пераканацца ў тым, што наша краіна жыве і развіваецца, што мы — моцная нацыя».

Для калектыву Салігорскага прадпрыемства выступілі Аляксандр Саладуха, Аляксандр Варанішча, салісты Вялікага тэатра Беларусі Тарас Прысяжнюк і Марта Данусевіч. Праект дадаў фарбаў працоўным будням салігарчан. Яны падпявалі беларускім выканаўцам, дзякавалі гучнымі апладысментамі і нават станцавалі разам.

На доўгую памяць удзельнікам праекта «Разам танцуем, разам спяваем!» застануцца шматлікія фота з артыстамі і жывыя відэа, а таксама падарункі, якія атрымалі самыя актыўныя гледачы, — брэндаваная прадукцыя «Марафону адзінства».

А што было на «Марафоне адзінства» ў Салігорску ў суботу, чытайце на нашым сайце zvіazda.by і ў наступных нумарах «Звязды». Будзе вельмі цікава!

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю