Трэці дзень Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі ў Мінску — гэта больш за тузін адрасоў, безліч удзельнікаў ад малога да вялікага, але самае галоўнае — натхненне, якое дорыць адчуванне, што ты — частка нечага агульнага, моцнага і прыгожага, імя якому — Беларусь.
«Рабіце свой выбар!»
«НЯсумныя НЯлекцыі» прайшлі ў сераду ў Мінскім дзяржаўным лінгвагуманітарным каледжы, а таксама ў Мінскім каледжы інавацыйных будаўнічых тэхналогій. Іх спікерам стала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.
Да пачатку мерапрыемства студэнтам прапанавалі зрабіць выбар: пачаставацца мандарынкай або шакаладкай. Здавалася б, усё проста: што падабаецца, тое і бяры. Але нават гэты выбар пацягнуў за сабой пэўныя наступствы. Тым, хто выбраў фрукт, трэба было падчас мерапрыемства стаяць. Гэта было нагляднае кароткае практыкаванне, прапанаванае Кацярынай Аляксандраўнай для студэнтаў, якое, пэўна, моцна ўразіла юнакоў і дзяўчат. На прыкладзе спікер растлумачыла, чаму важна не баяцца задаваць пытанні, пытацца пра наступствы свайго выбару. За іх, як адзначыла спікер, нясе адказнасць кожны з нас.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава стала госцяй адной з «НЯлекцый». Яна расказала пра значэнне выбару ў яе жыцці. Студэнты не проста слухалі, але і актыўна ўступалі ў дыскусію — пыталіся, ці шкадавала госця аб нейкім выбары, якія якасці асобы лічыць найкаштоўнейшымі і што для яе значыць быць патрыётам.
Напрыканцы мерапрыемства Вольга Мікалаеўна падзялілася ўражаннямі ад «НЯсумнай НЯлекцыі». Паводле яе слоў, такі фармат камунікацыі з моладдзю вельмі надзейны. «На простых прыкладах можна данесці да дзяўчат і юнакоў сур’ёзныя рэчы. Быць спікерам і ўмець закрануць важныя для Радзімы тэмы падчас выступлення — вось што важна», — падсумавала яна.
Дзеля агульнай мэты
Праект «Адну справу робім» сёння аб’яднаў супрацоўнікаў прадпрыемстваў-флагманаў айчыннага легпрама — ААТ «Камволь» і ААТ «Элема», а таксама працоўныя калектывы Мінскага трактарнага і Мінскага маторнага заводаў.
Сустрэча калектываў «Элема» і «Камволь» стала незабыўным святам. Граматы і каштоўныя падарункі былі ўручаны пад дружныя апладысменты найлепшым работнікам абодвух прадпрыемстваў. Акрамя таго, працоўныя атрымалі магчымасць напрамую пагутарыць са сваімі кіраўнікамі і задаць ім хвалюючыя пытанні. Іх было шмат: аб далейшым развіцці галіны, паляпшэнні жыллёвых умоў работнікаў, падтрымцы маладых спецыялістаў. Ніводнае з іх не засталося без адказу.
— Найважнейшым рынкам для нас з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, — падкрэсліла генеральны дырэктар ААТ «Камволь» Юлія Грынчык. — Але сваю прадукцыю мы таксама экспартуем у 12 краін свету. І тут у нас ёсць поспехі: асвоілі новыя рынкі. Ажыццёўлена адгрузка ў Кувейт, плануюцца пастаўкі ў Індыю і Ізраіль.
Кіраўнік адзначыла, што ў нашай краіне гандлёвая рознічная сетка ААТ «Камволь» і брэнда Lemongrass — восем крам, а таксама дзве — у Расіі. У бягучым годзе плануецца адкрыццё яшчэ дзвюх крам у нашай краіне і дзвюх — за яе межамі: у Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Сустрэча калектываў МТЗ і Мінскага маторнага завода яшчэ раз даказала, што аб’яднанне намаганняў дае штуршок далейшаму развіццю абодвух прадпрыемстваў. Тым больш, як сказаў генеральны дырэктар ААТ МТЗ Сяргей Аўраменка, у 2025 годзе трактарны завод чакае напружаная работа па выкананні ключавых паказчыкаў. А менавіта ўмацаванне прафесійных сувязяў з калектывамі прадпрыемстваў-партнёраў спрыяе плённасці.
«Шчаслівая, што трапіла на гэты канцэрт!»
Яркія эмоцыі і памятныя падарункі атрымалі ўдзельнікі акцыі «Разам працуем, разам спяваем!»: у сераду яна прайшла ў ААТ «Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова», ААТ «Планар» і ААТ «МотаВелаЗавод».
Прадпрыемствы разам з усёй сталіцай акунуліся ў святочную атмасферу марафону. У гэты дзень музычныя віншаванні работнікам дарылі розныя беларускія артысты, сярод якіх фальклорны гурт «Купалінка», Гюнэш, Ірына Дарафеева, салістка Вялікага тэатра Марта Данусевіч, арт-група «Беларусы», Улада, рэтра-вумен-трыа «Ружовыя ружы» і іншыя.
— Як выдатна, што наш завод стаў адной з пляцовак «Марафону адзінства». Гэта сведчыць аб вялікай павазе да чалавека працы, — заявіў перад пачаткам канцэрта генеральны дырэктар МЭТЗ імя В. І. Казлова Аляксандр Радзевіч. — 2024 год для нашага прадпрыемства вызначыўся тым, што мы выпусцілі рэкордную колькасць прадукцыі. Мы эфектыўна працуем, паспяхова развіваемся, зарабляем дастойную заработную плату.
Ужо сёння ўзялі старт на новы рэкорд, і такія акцыі, як «Марафон адзінства», надаюць энергіі і натхняюць на новыя здзяйсненні. У адзінстве — сіла, у адзінстве — поспех, у адзінстве — будучыня.
Канцэртныя праграмы нікога не пакінулі абыякавым. Завадчане розных узростаў пускаліся ў скокі і з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўнай праграме.
Выпрабавальнік Мінскага электратэхнічнага завода Анжаліка Вахцэнак пасля запальнага танца з артыстамі фальклорнага гурта «Купалінка» падзялілася з карэспандэнтам «Звязды»: «Шчаслівая, што трапіла на гэты канцэрт! Я вельмі актыўны чалавек па жыцці, і такія музычныя падарункі мне вельмі даспадобы!».
Майстар участка аддзела сацыяльнага развіцця МЭТЗ Аксана Калініна, якая таксама была адной з самых актыўных удзельніц мерапрыемства, дадала, што такія акцыі вельмі аб’ядноўваюць.
— Людзі атрымліваюць добрыя эмоцыі на ўвесь дзень, а можа быць, і на тыдзень. Яны з задавальненнем будуць падыходзіць да станкоў і працаваць, — заключыла яна.
«Так могуць працаваць толькі апантаныя людзі»
Адчуць Беларусь можна праз культуру краіны. І асобным пунктам у ёй значыцца кіно — як мастацтва, здольнае ахапіць вялікую колькасць гледачоў адначасова. Таму ў гэты час варта звярнуць увагу на выстаўку «Век беларускага кіно», што арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» і працуе ў гандлёвым цэнтры «Palazzo» ў Мінску. Старыя рарытэтныя кінакамеры, рэчы, якія можна было бачыць у розных стужках, нават касцюмы герояў знакавых фільмаў уцягваюць у таямнічы свет кіно, якое за 100-годдзе напрацавала вялікую спадчыну і дапамагае зразумець...
— ...Па-першае, нашу гісторыю, — адзначае міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. — Таму што на «Беларусьфільме» створана вялікая колькасць фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну: гісторыі абсалютна розныя па сюжэце, па адлюстраваных падзеях, па эмацыйнай напоўненасці і жанрах. І больш даўняя гісторыя была адлюстраваная кінамайстрамі, напрыклад, як у фільме «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле містычнага твора Уладзіміра Караткевіча. Калі паглядзець, што прадстаўлена на выстаўцы, а пасля больш глыбока пацікавіцца рознымі фільмамі, то можна ўбачыць, наколькі таленавітыя нашы творцы, стварыўшыя шэдэўры беларускага кінематографа. Наколькі яны былі нераўнадушныя і зараджаныя ідэяй несці разумнае, добрае, вечнае. Каб працаваць у кіно, трэба валодаць пэўнымі рысамі характару. Калі глядзіш фільм, здаецца, што гэта проста. А дзеля гэтага працуе вялізная каманда, часам у складаных умовах: гэта 12-гадзінныя змены, а яшчэ даехаць і з’ехаць з месца здымкаў, рознае надвор’е, іншыя ўмовы... Так могуць працаваць толькі апантаныя людзі, якія сапраўды хочуць пра нешта распавесці іншым. Паказаць, якія вялікія былі нашы дзяды і прадзеды, засведчыць, якімі таленавітымі з’яўляюцца цяпер іх нашчадкі. Пра гэта і распавядае выстаўка.
— Якія задачы бачыць для сябе беларускі кінематограф сёння?
— Задача адна: развівацца. Усе, хто ведае, што такое беларускі кінематограф, цудоўна разумеюць, што гэта значыць. А цяпер, як бы мы ні хацелі, мы існуём у капіталістычным свеце, і нам трэба змагацца за сваё месца пад сонцам. Значыць, ствараць карціны, якія былі б маглі выходзіць не толькі на айчынны кінаэкран, але і на рынкі, значна большыя за наш: на расійскі, кітайскі, індыйскі — чаму б і не? Але гэта можа здарыцца толькі тады, калі наша кіно будзе моцным. І мы зробім так, што яно будзе моцным, дзяржава ў гэтым вельмі зацікаўлена. Кіно — гэта твар дзяржавы, таму што глядач, калі глядзіць кіно, можа зразумець, што гэта за краіна, чым яна жыве.
На карысць радзіме
Пераможцаў Рэспубліканскага этапу адкрытага конкурсу малюнка вучняў пачатковых класаў «Мы разам», Рэспубліканскага конкурсу сачыненняў на тэму «Што такое адзінства» і Рэспубліканскага конкурсу праектаў «Мой унёсак у будучыню краіны» ўзнагародзілі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Дыпломам за першае месца ў намінацыі «Культурныя традыцыі беларускага народа» была адзначана дзесяцігадовая Раіса Кужэль з работай «Беларуская батлейка». Для дзяўчынкі гэта перамога стала прыемнай нечаканасцю.На працягу паўгода ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзілі адборачныя этапы. У прыватнасці, у конкурсе малюнка ўзялі ўдзел больш за 150 тысяч таленавітых дзяцей. Юныя мастакі прысвячалі свае работы нашай краіне, яе багатай духоўнай спадчыне, гістарычнаму мінуламу і вялікай будучыні. Кожны малюнак — гэта не проста самавыяўленне, гэта частка адзінага палатна, якое фарміруе наша грамадства.
— Намаляваць батлейку я вырашыла, таму што люблю хадзіць разам з класам у сваім родным горадзе — Віцебску — у тэатр «Лялька». Ён, дарэчы, тут і намаляваны. Працягваць развівацца ў творчым кірунку я буду і далей, бо мне гэта вельмі падабаецца, — падзялілася яна.
Унікальныя творчыя эсэ і крэатыўныя праекты распрацаваны сумеснымі намаганнямі моладзі, іх бацькоў і педагогаў у імкненні зрабіць нашу краіну лепш.
Завяршыўся трэці дзень марафону ў сталіцы «Знакавай сустрэчай» у ГЦ «МОМА», дзе гаварылі аб важным і адказвалі на пытанні, разыгрывалі прызы, дарылі падарункі вядомыя беларускія журналісты Ігар Тур і Рыгор Азаронак, радыёвядучы Вадзім Шэпет і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі.
Фота Лізаветы ГОЛАД, Віктара ДРАЧОВА, Яны ВАЛАСАЧ, БелТА