Ва ўсіх раёнах Гомельшчыны працоўныя дэсанты актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку на вуліцах населеных пунктах, у парках і скверах, тэрыторыях прадпрыемстваў, месцах баявой славы.
У рэгіёне стала добрай традыцыяй, калі па ініцыятыве жыхароў сабраныя падчас суботнікаў сродкі накіроўваюцца на рэканструкцыю асаблівых месцаў памяці і культурна-гістарычных аб’ектаў. Грашовыя сродкі ад абласнога суботніка ў гэтым годзе накіруюць на рэканструкцыю комплексу вайсковай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» у Светлагорскім раёне, а таксама помніка архітэктуры — сядзібы ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Акрамя таго за сродкі абласнога марафону добраўпарадкавання будзе прафінансавана аднаўленне аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і ваеннай славы.
Правядзенне абласнога суботніка на Гомельшчыне традыцыйна актыўна падтрымалі працоўныя калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскія арганізацыі, дэпутацкі корпусы раёнаў, мясцовыя жыхары. Талакой наводзілі парадак у населеных пунктах, на прысядзібных участках, тэрыторыях устаноў аховы здароўя і адукацыі.

Падчас рэгіянальнага марафону добраўпарадкавання старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, намеснікі кіраўніка рэгіёна, супрацоўнікі аблвыканкама, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, работнікі сістэмы адукацыі, дэпутаты і моладзь зрабілі свой унёсак у рэканструкцыю базавай школы ў Чонках Гомельскага раёна.
Па аб’екце атрымана і прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыі. Тыдзень таму будаўнікі прыступілі да падрыхтоўчых работ: вывазу грунту, падрыхтоўкі катлавана. Цяпер падчас суботніка разам з будаўнікамі кіраўніцтва вобласці бетаніравалі пляцоўку і падпорную сцяну, праводзілі земляныя работы, гідраізаляцыю падмурка будучага корпусу школы.

Плануецца, што пасля ўводу будынка ў эксплуатацыю на тэрыторыі былога піянерскага лагера будзе створаны свайго роду навучальны гарадок. Тут ужо працуе дзіцячы сад, пачатковая школа і школа мастацтваў.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко адзначыў, што для сем’яў Гомельскага раёна гэтыя аб’екты, сапраўды, знакавыя. Як падкрэсліў у размове з журналістамі кіраўнік рэгіёна, Чонкі Гомельскага раёна актыўна развіваюцца. У год тут уводзіцца па 4-5 шматкватэрных дамоў. Таму пытанне стварэння тут адукацыйнага гарадка стала вельмі актуальным, і тэрыторыя былога піянерлагера паступова асвойваецца.
— Першапачаткова былі рэканструяваны карпусы пад дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Летась скончылі важную частку работ і адрамантавалі будынак пад пачатковую школу ад першага да чацвёртага класа. Уведзена таксама школа мастацтваў, дзе цяпер займаецца 66 дзяцей, — адзначыў Іван Крупко.

Па словах кіраўніка рэгіёна, цяпер самая важная задача — забяспечыць у школе сучасныя камфортныя ўмовы для вучняў 5-9 класаў.
— Палова дзяцей школьнага ўзросту ездзяць з Чонак у Гомель. Гэта не крытычна, але ёсць задумка зрабіць свайго роду кампус, дзе будуць размяшчацца дашкольнікі, пачатковая і асноўная школа са спартыўнымі збудаваннямі — і ўнутранымі, і вонкавымі. Было прынята рашэнне, што 1 верасня будзе ўведзены апошні школьны корпус, — патлумачыў старшыня аблвыканкама.
Як звярнуў увагу Іван Крупко, на Гомельшчыне ў гэтым годзе працягнецца рэканструкцыя асаблівых месцаў памяці.
— Мы сёлета заканчваем гістарычны аб’ект — мемарыял на месцы пачатку аперацыі «Баграціён». Засталіся музеефікацыя і добраўпарадкаванне. 23 чэрвеня ў дзень пачатку аперацыі мы абавязкова яго адкрыем. На гэтым не спыняемся. Пачнецца рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў, гэта сядзіба Козел-Паклеўскіх у Жлобінскім раёне і сядзіба Хальч у Веткаўскім раёне. Плюс у Год беларускай жанчыны мы вызначылі, што будзе зроблены рамонт радзільні ў Мазыры, закуплена неабходнае абсталяванне. Ён фактычна працуе на ўвесь Палескі рэгіён. Думаю, што гэта будзе выдатны падарунак, які паспрыяе таму, каб нас, беларусаў, станавілася ўсё больш і больш, — падзяліўся ў размове з журналістамі кіраўнік рэгіёна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»