Top.Mail.Ru

Марафон «Мы — абаронцы Айчыны» ў Магілёве аб’яднаў моладзь Беларусі, Расіі і Арменіі

Адкрыты ваенна-патрыятычны марафон «Мы — абаронцы Айчыны», прысвечаны 85-годдзю гераічнай абароны Магілёва, стартаваў у Беларуска-Расійскім універсітэце. Удзел у ім прымаюць студэнты з Беларусі, Расіі і Арменіі, перадае БелТА.



Як адзначыў рэктар ВНУ Міхаіл Лусцянкоў, марафон праводзіцца ўжо другі раз і набыў статус міжнароднага. «Асноўная мэта — выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму студэнтаў. Універсітэты павінны не толькі даваць прафесійныя кампетэнцыі, але і рыхтаваць сапраўдных патрыётаў сваіх краін, гатовых у цяжкі момант стаць на абарону Радзімы», — сказаў ён.

Праграма марафону ўключае як традыцыйныя выпрабаванні, так і сучасныя дысцыпліны, напрыклад, кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі. «Адна з мэт — умацаванне дружбы паміж студэнтамі розных краін. Я думаю, кожны ўдзельнік атрымае зарад бадзёрасці і ведаў, і ў сваёй ВНУ прадоўжыць справу выхавання грамадзянскасці і патрыятызму», — дадаў рэктар.


Студэнт 4-га курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Мікалай Галынскі ўдзельнічае ў марафоне другі год запар. У мінулым годзе яго каманда заняла першае месца, у гэтым юнакі і дзяўчаты таксама настроены на перамогу. «Ваенна-патрыятычнаму выхаванню ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Мы рыхтаваліся да марафону, адпрацавалі тактычную стральбу. Прыемна бачыць знаёмых сапернікаў, з якімі сустракаліся і абменьваліся вопытам у мінулым годзе. Дружба дружбай, а канкурэнцыя павінна быць здаровай», — падзяліўся ён.

Кірыл Лысаў — будучы педагог па фізічнай культуры з МДУ імя А.А. Куляшова адзначыў, што ўдзел у марафоне — гэта гонар і магчымасць атрымаць новыя эмоцыі. «У мінулым годзе мы пасябравалі з удзельнікамі з Арменіі, спадзяёмся знайсці агульных сяброў і на гэты раз. Да спаборніцтваў рыхтаваліся штодзень, адпрацоўвалі тэхніку стральбы», — расказаў студэнт.


Удзельнік з каманды Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада «Збройнік» другакурснік Кірыл Шышкін расказаў, што для многіх юнакоў і дзяўчат гэта першая паездка ў Магілёў. «Гэта магчымасць не толькі паспаборнічаць, але і даведацца пра гісторыю Магілёва. Таксама важна ўзаемадзеянне з аднагодкамі з іншых сфер — эканамістамі, курсантамі і г.д.», — адзначыў юнак.

Праграма марафону насычаная. 28 кастрычніка ўдзельнікаў чакае інтэлектуальны конкурс «Ведаю ўсё аб Вялікай Айчыннай вайне» і стральба з аўтамата АК-74. 29 кастрычніка адбудуцца конкурс аператараў БПЛА, ваенна-прыкладная эстафета, практычная стральба (страйкбол), а таксама наведванне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» і Музея Славы Магілёўшчыны. Для іншагародніх гасцей арганізавана пешая экскурсія.

Урачыстае закрыццё марафону пройдзе 30 кастрычніка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю