Top.Mail.Ru

Марафон «Нашы дзеці» завітаў да юных пацыентаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

Новы год — час чараўніцтва, выканання жаданняў і, вядома, добрых спраў. Гэтае свята любяць усе, але асабліва маленькія беларусы. Дарослыя імкнуцца атуліць увагай дзяцей па ўсёй краіне, бо мы ведаем, што чужых дзяцей не бывае. Доказ таму — дабрачынны марафон «Нашы дзеці», які аб’ядноўвае тысячы сэрцаў. Дарослых ён вучыць адказнасці, а дзяцей — дабрыні і клопату аб тых, хто побач. Шмат гадоў гэты цягнік добрых спраў калясіць па краіне і робіць прыпынкі там, дзе чараўніцтва і падтрымка патрэбныя больш за ўсё. У аўторак, 30 снежня, свята прыйшло да юных пацыентаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, што ў Бараўлянах. А ў якасці добрых чараўнікоў гэтым разам выступілі члены Савета Рэспублікі.




У РНПЦ праходзяць лячэнне дзеці ад 0 да 18 гадоў з усёй краіны, а таксама асобныя катэгорыі дарослых да 30 гадоў. Сярод пацыентаў — трохгадовая Насця з Бабруйска. Яе бацька Яўген Булава расказаў, што дыягназ «лейкоз» яго дачцэ паставілі летам гэтага года. «З тых часоў лечымся ў Магілёве. Сюды прыязджаем пракапваць лекі. Усе неабходныя працэдуры атрымліваем», — адзначыў Яўген Булава.

У Бабруйску Насцю чакаюць мама і тры сястры. Нягледзячы на хваробу і знаходжанне ў бальніцы, дзяўчынка не сумуе і ўсміхаецца. «Насці, як той казаў, трэба аддаць належнае: трымаецца, весяліцца, не сумуе», — сказаў яе бацька.

Наведваючы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава павіншавала юных пацыентаў установы з надыходзячымі святамі, пажадала здароўя, шчасця і поспехаў. Яна адзначыла, што РНПЦ ужо даўно знаходзіцца ў полі зроку сенатараў. Паводле яе слоў, ва ўстанове атрымліваюць лячэнне не толькі маленькія беларусы, але і дзеці з-за мяжы. «Цэнтр паказвае добрыя вынікі ў лячэнні нашых дзяцей, — канстатавала Наталля Качанава. — У гэтыя перадсвяточныя дні мы прыязджаем сюды для таго, каб павіншаваць са святам калектыў, выказаць удзячнасць і падзяку супрацоўнікам гэтага цэнтра».

Паводле слоў спікера Савета Рэспублікі, супрацоўнікі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі робяць вялікую справу — ратуюць жыцці нашых дзяцей. «Яны працуюць натхнёна і з душой, з добрым сэрцам», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна таксама адзначыла, што, наведваючы ўстанову аховы здароўя ў любы час, людзі адзначаюць выдатны калектыў тут. «Людзі заўсёды дзякуюць супрацоўнікам гэтага цэнтра. Няважна, хто па пасадзе: альбо гэта галоўны ўрач, альбо супрацоўнік, які працуе ў гардэробе... Тут працуюць менавіта такія людзі, якія ўсю душу, усё сэрца аддаюць нашым маленькім дзеткам, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — І, вядома, гэтымі днямі вельмі хочацца, каб дзеці адчулі шчасце, радасць ад свята, якое, без сумневу, чакаюць усе».

Спікер прызналася, што пасля сустрэчы з маленькімі пацыентамі РНПЦ на душы становіцца цёпла і радасна ад таго, наколькі пазітыўныя гэтыя дзеці. «Яны настолькі рады таму, што будзе свята, будзе цуд, будзе шчасце... І мы рады таму, што датычныя і разам з імі можам падзяліць іх радасць», — падагульніла Наталля Качанава.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
ФОТА БЕЛТА.

Чытайце таксама: Як людзі з інваліднасцю могуць атрымаць анлайн-кансультацыю ўрачоў РНПЦ?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю