Важней за ўсё — бяспека і здароўе дзяцей
З такімі маразамі многія бацькі задумаліся аб тым, ці пускаць дзяцей у школу. Якія карэктывы ў жыццё і работу дашкольных і школьных устаноў адукацыі ўжо ўнеслі і яшчэ могуць унесці халады?
— Ёсць нормы, па якіх рэгіянальныя камітэты па адукацыі могуць адмяняць школьныя заняткі або ўносіць у іх змяненні. Рашэнне аб прыпыненні заняткаў у школе можа прымацца мясцовымі выканкамамі ў выпадку, калі тэмпература будзе зафіксавана на адзнацы −20 °С і ніжэй, — патлумачыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. — У сувязі з гэтым мясцовыя органы кіравання адукацыяй загадзя даводзяць да бацькоў інфармацыю аб арганізацыі вучэбных заняткаў і падвозе школьнікаў. Намеснік міністра адзначае, што бываюць выпадкі, калі па тых ці іншых прычынах, у асноўным тэхнічных, падвоз дзяцей не адбываецца.
— Але ж выпадкі гэтыя адзінкавыя, а калі і здараюцца, то заўсёды ёсць рэзервовыя аўтобусы, — тлумачыць прадстаўнік Мінадукацыі, — альбо аўтобусы іншых устаноў адукацыі, якія прыходзяць на дапамогу.
Хвалюе бацькоў і тое, як у такое надвор’е праводзяцца заняткі фізкультурай, ці гуляюць на свежым паветры выхаванцы дашкольных устаноў, груп прадоўжанага дня? На гэта пытанне намеснік міністра адказаў адназначным «не».
— Усе прагулкі, заняткі фізкультурай на вуліцы былі адмененыя яшчэ на мінулым тыдні, — падкрэсліў ён. — Гэта пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі — і яны прынялі правільнае рашэнне.
У бліжэйшыя дні, калі мароз і адпусціць хватку, то зусім ненашмат. Таму Аляксандр Кадлубай запэўніў, што сітуацыя маніторыцца кожны дзень, аб любых зменах будзе паведамляцца бацькам для прыняцця імі рашэння, ці можа іх дзіця пры пэўнай тэмпературы, хуткасці ветру і іншых пагодных паказчыках наведваць установу адукацыі. Намеснік міністра таксама нагадаў бацькам аб неабходнасці загадзя паведамляць аб сваім рашэнні пакінуць дзіця дома класнаму кіраўніку, выхавальніку ў дзіцячым садку.
— Ніякіх дадатковых дакументаў аб тым, што дзіця знаходзілася дома, установе адукацыі не спатрэбіцца, — падкрэсліў ён. — Самае важнае для нас — гэта бяспека і здароўе дзяцей.
2 лютага мінімальная тэмпература была на станцыі Палеская 31,1 градуса марозу і ў Жыткавічах на Гомельшчыне (мінус 30,2 градуса). Да абсалютнага мінімуму шматгадовых назіранняў не хапіла зусім трохі — 2 лютага 1970 года на авіяцыйнай метэаралагічнай станцыі Гродна было зафіксавана 33,4 градуса марозу.
Холадна, але бывалі халады і мацнейшыя. На тое ён і люты — нездарма ж продкі апошні зімовы месяц назвалі менавіта так. Калі сустрэць мароз спакойна, з адказнасцю, клопатам і міласэрнасцю, як мы ўмеем, дык і нічога страшнага — нармальная беларуская зіма
У пунктах абагрэву выдадуць і шапку
Чырвоны Крыж традыцыйна ў маразы разгортвае пункты абагрэву.
«На мінулым тыдні ў Мінску працавалі пяць стацыянарных пунктаў абагрэву Чырвонага Крыжа, на гэтым тыдні — шэсць, магчыма, будзе і сёмы, — паведаміла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Раманія Зорына. У кожным пункце абслугоўвалі каля пятнаццаці чалавек, якія мелі патрэбу ў абагрэве. За мінулы тыдзень па сталіцы ў пункты абагрэву звярнулася каля 250 чалавек. Мабільныя пункты выязджалі ў выхадныя.
У суботу мы пабывалі ў трох раёнах горада — Заводскім, Першамайскім і Савецкім. У нядзелю працавалі ў Заводскім. Каля 200 чалавек скарысталіся гарачым піццём, ёсць магчымасць таксама ўзяць для ўцяплення шапкі, выдаём і курткі. Машына выязджае па пэўных пунктах, якія знаходзяцца па адрасах: у Першамайскім раёне — на выездзе з горада, у раёне Уручча, у Заводскім раёне гэта рынак „Тутэйшы“, у Савецкім раёне выязджаем на тэрыторыю Свята-Уладзімірскай царквы, што па вуліцы 1-я Пасялковая, 47.
Звычайна мабільныя пункты выязджаюць а дзясятай раніцы і пасля 14.00 вяртаюцца на базу. Маразы ўзмацніліся, і колькасць людзей павялічылася. Стацыянарныя пункты размяшчаюцца ў нашых раённых арганізацыях і працуюць па пазначаным графіку. Адрасы раённых арганізацый можна паглядзець на афіцыйным сайце Беларускага Чырвонага Крыжа. Што датычыцца выездаў мабільных пунктаў, то ў нас два аўтамабілі, і выезды выконваем па запыце адмініс-
трацыі альбо па аператыўных выкліках падчас надзвычайных сітуацый, напрыклад такой, што адбылася нядаўна ў Фрунзенскім раёне на цеплавой магістралі. Наш мабільны пункт вазіў туды гарачы чай падчас правядзення работ. Калі будзе распараджэнне ад горада перайсці на кругласутачную работу, гэта будзе зроблена ў кароткія тэрміны», — зазначыла Раманія Зорына.
Энергетыкі дзяжураць кругласутачна
«Вядома, надвор’е падносіць нам сюрпрызы. Таму мы за шмат гадоў ужо прывыклі працаваць на апярэджанне і робім гэта паспяхова, — перадае БелТА словы намесніка міністра энергетыкі Сяргея Адаменкі ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1“. — Мы загадзя мабілізуем людзей, правяраем тэхніку, рыхтуем свае аўтаномныя крыніцы электраэнергіі. Вядома ж, правяраем іх неаднаразова, асабліва перад такімі не вельмі добрымі ўмовамі надвор’я, пра якія нас папярэджваюць сіноптыкі».
Намеснік міністра адзначыў, што значная частка персаналу мабілізавана на кругласутачнае гарачае дзяжурства. Больш за 670 брыгад сфарміравана для таго, каб ліквідаваць магчымыя наступствы прыродных катаклізмаў. Больш за 200 брыгад мабільныя, яны гатовы ехаць у любы пункт краіны для аказання дапамогі ў тых месцах, дзе з’явяцца нейкія непаладкі, няспраўнасці. Тэхніка гатова — каля 700 адзінак абсталявана спецыяльнымі ўстройствамі, якія дапамагаюць працаваць у складаных умовах«, — дадаў ён.
«Энергетыкі заўсёды ва ўзмоцненым рэжыме работы. У нас дзяжурны персанал заўсёды гатовы. Але ў сітуацыях, калі прагназуюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я, гэты персанал падвойваецца, патройваецца па колькасці, і ён круглыя суткі гатовы выехаць на аб’екты», — падкрэсліў Сяргей Адаменка.
- Паводле слоў намесніка міністра, у аварыйных брыгад ліміту па часе няма, усё залежыць ад адлегласці. «Мы, вядома ж, плануем маршруты, прагназуем іх і, у прынцыпе, рыхтуем брыгады так, каб яны аказвалі дапамогу ў найбліжэйшых раёнах. Значыць, калі гэта Гомельская вобласць, то, адпаведна, Брэсцкая і Магілёўская рыхтуюцца і ў максімальна кароткі час прыбываюць. Брыгады ж знаходзяцца ў нас не толькі ў нейкіх цэнтрах — яны сканцэнтраваны па ўсёй краіне», — растлумачыў ён.
Сяргей Адаменка падкрэсліў, што ў краіне задзейнічаны перасовачныя дызельныя электрастанцыі, каб можна было аказаць дапамогу населенаму пункту, калі штосьці здарыцца. «Сёння задзейнічаны дызельныя электрастанцыі не толькі энергетыкаў. У энергетыкаў каля 300 электрастанцый рознай магутнасці — дызельных, бензінавых. Ёсць маламагутныя бензінавыя электрастанцыі, якія мы можам падключаць да кожнага жылога дома ў выпадку неабходнасці — калі ў яго ёсць ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне, якое працуе ад электрычнасці, — расказаў ён. — Нам дапамагаюць газавікі, сістэма ЖКГ, МНС».
Датычна падачы цяпла Сяргей Адаменка заўважыў, што тэмпература ў моцныя маразы ў памяшканнях і ў кватэрах будзе крыху зніжана. «Але гэта ўсё роўна камфортныя ўмовы, і грамадзяне павінны ставіцца да гэтага з разуменнем», — растлумачыў ён. «Вядома, цяпло будзе — плюс 18 градусаў абавязкова. Гэта сацыяльныя стандарты. Такія нехарактэрныя маразы, як у гэтым годзе, вядома ж, для нас незвычайныя. Грамадзяне прывыклі, што ў нас 22–25 градусаў у кватэрах. Але гэта вялікія нагрузкі на абсталяванне». Паводле яго слоў, ва ўмовах зімы, калі тэмпература паветра знаходзіцца каля нуля градусаў, нагрузка на абсталяванне меншая. «Але цяпер, калі тэмпература паветра дасягае мінус 20–25 градусаў, на абсталяванне станцый і цеплавых сетак ідзе вялізная незбалансаваная нагрузка. Мы вымушаны рэгуляваць рэжымы, каб гэту нагрузку скараціць, захаваць наша абсталяванне», — дадаў намеснік міністра энергетыкі.
Медыкі — у рэжыме павышанай гатоўнасці
У сувязі з умовамі надвор'я Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне аб пераводзе работы шэрагу арганізацый аховы здароўя ў рэжым павышанай гатоўнасці да надзвычайнай сітуацыі. Па ўсёй сістэме праведзена работа па ўзмацненні прыёмных аддзяленняў бальніц і дзяжурна-дыспетчарскіх службаў хуткай медыцынскай дапамогі.
Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, арганізаваны сістэмны кантроль за бяспечнай і надзейнай работай арганізацый аховы здароўя, сеткі аптэк, прадпрыемстваў холдынга «Белфармпрам», арганізацый «Белмедтэхніка» і «Медтэхнацэнтр», устаноў адукацыі — чатырох медуніверсітэтаў і 16 медыцынскіх каледжаў. Вызначаны графікі кругласутачных дзяжурстваў службовых асоб, адказных за ўстойлівае функцыянаванне арганізацый і ўстаноў галіны аховы здароўя.
Акрамя таго, забяспечана гатоўнасць да аператыўнага выкарыстання рэзерваў матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, у тым ліку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Праводзіцца ачыстка дахаў будынкаў і збудаванняў ад снегу і наледзі.
Звяртаючыся да жыхароў краіны, у Міністэрстве аховы здароўя прызвалі да асцярожнасці.
— Холад можа моцна траўміраваць, выходзьце на вуліцу, апранаючыся шматслойна. Часцей за ўсё пацыенты пакутуюць ад падзенняў. Больш за 8,1 тысячы дарослых і больш за
2,1 тысячы дзяцей пацярпелі ад галалёдных траўмаў. Міністэрства аховы здароўя яшчэ раз нагадвае: выходзячы на вуліцу, будзьце ўважлівыя і правільна падбірайце адзенне і абутак.