«Белпошта», Wildberries і Ozon прызнаныя дамінантамі на рэспубліканскім узроўні. Цяпер іх тарыфы павінны быць эканамічна абгрунтаваныя. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), паведаміла БелТА.
МАРГ правёў аналіз двух таварных рынкаў: паслуг уладальнікаў інтэрнэт-пляцовак і паслуг па прадастаўленні доступу да адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку паштовых адпраўленняў. У выніку ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках на рэспубліканскім узроўні, уключаны: ТАА «ИМВБРБ» (маркетплэйс Wildberries), а таксама група асоб у складзе ТАА «ОЗОН Маркет Бел» і ТАА «Інтэрнэт Рашэнні» (маркетплэйс OZON) па таварнай пазіцыі «паслугі ўладальнікаў інтэрнэт-пляцовак»; РУП «Белпошта» — па таварнай пазіцыі «паслугі прадастаўлення доступу да адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і захоўвання даных аб перамяшчэнні рэгіструемых паштовых адпраўленняў».
Для ўсіх названых гаспадарчых суб’ектаў устаноўлены спосаб цэнавага рэгулявання — парадак устанаўлення і прымянення тарыфаў.