Top.Mail.Ru
107

МАРГ даў прагноз па інфляцыі ў Беларусі ў лютым

МАРГ прагназуе ў лютым інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 0,3 %. Аб гэтым заявіла журналістам першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская перад выніковым пасяджэннем калегіі МАРГ, паведамляе БелТА.


«Цяпер мы знаходзімся ў рамках устаноўленых прагнозных параметраў, усё падкантрольна. Будзем старацца, каб і надалей вытрымаць пастаўлены рытм. Па лютым мы ацэньваем інфляцыю на ўзроўні 0,3 %», — сказала Наталля Васілеўская. На асаблівым кантролі такія прадукты, як мяса-малочная група, кандытарскія вырабы, садавінаагароднінная прадукцыя.

Таксама яна падвяла вынікі работы міністэрства ў мінулым годзе. «Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, як заўсёды, было на вастрыі нажа. Мы стараліся вырашыць усе пастаўленыя перад намі задачы як кіраўніком дзяржавы, так і ўрадам. Многае ўдалося, і мы можам з гонарам канстатаваць, што паказчык рознічнага тавараабароту ў нас выкананы, і другое месца гандлю па ўкладзе ў ВУП захавана. Тым часам, вядома, ёсць над чым працаваць. Трэба імкліва фарсіраваць тыя пытанні, якія засталіся нявырашанымі ў мінулым годзе. Так, індэкс спажывецкіх цэн склаўся на ўзроўні 106,8 % — вышэй за ўстаноўлены мэтавы параметр», — адзначыла яна. Таксама асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца такому паказчыку як удзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці.

Часткова спрагназаваць інфляцыю дапамагае аўтаматызаваная сістэма аналізу цэн. Нягледзячы на тое, што ў яе пакуль уключаны тры тавары (халадзільнікі, шыны, веласіпеды), паводле слоў Наталлі Васілеўскай, сістэма ў тым ліку дапамагла летась пралічыць цэны на «набор для баршчу». На яе думку, эфектыўнасць сістэмы будзе расці па меры павелічэння колькасці падкантрольных тавараў. «Цяпер з пункту гледжання кантролю мы пакрысе пачынаем адаптаваць гэту сістэму пад сябе. Так, ёю трэба займацца больш глыбока і прадметна, пашыраць лінейку тавараў, прадстаўленых там», — падкрэсліла першы намеснік міністра. 

МАРГ займаецца і кантрольнай дзейнасцю. «У мінулым годзе павялічаны і кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, і правядзенне маніторынгаў, і ахоп аб’ектаў быў большы. Падкрэслю: мы не ставім за мэту пакараць, мы ставім за мэту не дапусціць парушэнняў. Гэтай жа пазіцыі мы будзем прытрымлівацца і ў 2026 годзе», — зрабіла акцэнт Наталля Васілеўская.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю