Top.Mail.Ru

МАРГ праверыў якасць бульбы амаль у тысячы гандлёвых кропках па ўсёй краіне

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ва ўзаемадзеянні з абласцямі, Мінскім гарадскім, раённымі выканаўчымі камітэтамі праводзяць кантрольныя мерапрыемствы ў аб’ектах гандлю па пытанні выканання заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў пры рэалізацыі бульбы, расказалі ў профільным міністэрстве.


Нагодай для іх правядзення сталі нараканні з боку спажыўцоў з прычыны таго, што гэтага прадукту — традыцыйнага для харчавання беларусаў — не хапае на паліцах крам, а калі ён і ёсць, то яго якасць пакідае чакаць лепшага.

Як паведамілі ў МАРГ, за мінулы тыдзень (з 18 да 24 сакавіка) такія мерапрыемствы былі праведзены ў 219 аб’ектах гандлю. Бульба адсутнічала ў чатырох гандлёвых аб’ектах: гандлёвай сетцы ТАА «Санта Рытэйл» (у Мінску), ТАА «Ікс ПЛЮС» (у Гомелі), аднаго індывідуальнага прадпрымальніка ў Гродне (не выкананы заяўкі пастаўшчыком).

У 4% аб’ектаў да рэалізацыі прапаноўвалася бульба, якая не адпавядала патрабаванням заканадаўства (са слядамі цвілі, расколінамі і механічнымі пашкоджаннямі на клубнях, пазелянелая). Тавар, які не адпавядае патрабаванням, быў канфіскаваны з рэалізацыі.

У профільным міністэрстве дадалі, што ўсяго за перыяд з 10 да 24 сакавіка 2025 года кантрольнымі мерапрыемствамі ахоплена 989 аб’ектаў гандлю.

Устаноўлена парушэнне цэнавага заканадаўства адным індывідуальным прадпрымальнікам у частцы рэалізацыі бульбы па цане 2 рублі за кг пры вызначанай лімітавай максімальнай рознічнай цане 1,10 рубля за кіло.

— Суб’ектам гаспадарання, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства, выдадзены рэкамендацыі аб іх ліквідацыі, — адзначылі ў МАРГ.

Таксама тут запэўнілі, што праблем з забеспячэннем другім для беларусаў хлебам няма — цяпер запасы бульбы ў стабфондах складаюць каля 17 тысяч тон, па ацэнцы, гэтых аб’ёмаў хопіць да канца міжсезоннага перыяду.

  • Нагадаем, што для забеспячэння ўнутранага рынку бульбай урадам уведзена ліцэнзаванне яе вывазу тэрмінам на тры месяцы. Адпаведная пастанова падпісана прэм’ер-міністрам.

— Вываз гэтай прадукцыі за межы нашай краіны будзе ажыццяўляцца па ліцэнзіях, якія выдаюцца МАРГ па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. Ліцэнзаванне дазволіць забяспечыць кантроль над запасамі, а таксама над экспартнымі патокамі бульбы ў сувязі з ростам попыту і высокай цаной на яе за межамі Рэспублікі Беларусь, — рэзюмавалі ў міністэрстве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю