Top.Mail.Ru
120

Мароз і Зюзя ў сучасных інтэр’ерах, або Ці не завесці дома Хута замест ката?

Колькі спрадвечных беларускіх міфалагічных істот вы можаце назваць? Напэўна, некалькіх згадаеце... Між тым іх было прыдумана вялікае мноства, і ў кожнай мясцовасці былі свае.


Казкі на любы ўзрост

Унікальную (і тут гэта слова можна выкарыстоўваць без усялякай нацяжкі) калекцыю міфалагічных істот сваёй малой радзімы стварылі выпускнікі і педагогі Лепельскага Дома рамёстваў.

— Этнаграфічны матэрыял мы збіралі, напэўна, гадоў дваццаць, — распавядае намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Вераніка Хомбак (многія гады яна працавала ў мастацкіх школах рэгіёна педагогам-харэографам). — Калі яшчэ маладым спецыялістам я прыехала выкладаць у Стайскую школу мастацтваў, побач з Лепелем, то зразумела: традыцыйныя падыходы тут неэфектыўныя. Справа ў тым, што, напрыклад, у вёсцы ты не можаш правесці адбор у харэаграфічны калектыў: гэта дзіця бяру, яно здольнае да танцаў, а гэта — не бяру. Тут вам не горад: людзі жывуць больш зладжана, цесна і дружна. І дзяцей у калектыў браць трэба ўсіх — зацікаўліваць, «падцягваць» менш таленавітых да танца або іншага віду мастацтва на ўзровень больш моцных. Так нараджаюцца многія непаўторныя праекты, якія ў гарадах проста не з’явіліся б. Спачатку разам з вучнямі мы збіралі па вёсках мясцовыя старадаўнія песні і танцы, спрадвечныя абрады — у нас вялікі архіў. Ну а потым з’явіўся і мастацкі праект, прысвечаны міфалагічным істотам.

Функцыя міфалагічных істот, створаных народнай фантазіяй, была ў першую чаргу выхаваўчай, распавядае суразмоўца. У краі непраходных лясоў і бяздонных балот важна было, каб дзеці змалку цвёрда засвоілі, што можна, а што нельга. І казкі станавіліся спосабам паўплываць на дзятву.

Важны нюанс: у беларускай міфалогіі практычна не было «дрэнных» і «добрых» персанажаў, кажа Вераніка Хомбак. Іх рэакцыя на вас залежала ад вашых учынкаў і паводзін. «Экалагічна» паводзіш сябе ў лесе — і заступнікі лесу (а іх было вялікае мноства) цябе не крануць, і нават, верагодна, дапамогуць. Ну а ламаеш галінкі, шуміш, наносіш шкоду звярам або птушкам — сам вінаваты. І Гаюн у гаі, і Пушчарнік у пушчы не пакрыўдзяць таго, хто не парушае правіл. Жыцень дапаможа ў полі добраму работніку. А Кадук (ён бяспечны, проста страшна гукае па начах) не стане палохаць падарожніка, калі той паводзіць сябе паважліва.

Пажылыя людзі ў вёсках дэталёва апісвалі кожнага персанажа, і маладыя мастакі старанна выраблялі лялек па гэтым апісанні — часам чароўных, часам — не надта...

— У старажытнасці для знаёмства з кожнай міфалагічнай істотай быў свой узрост, — падкрэслівае суразмоўца. — Многае на гэтай выставе дзецям не пакажаш. Да стварэння такіх персанажаў мы прыцягвалі ўжо практычна дарослых мастакоў, выпускнікоў, бо, перш чым прыступаць да працы, трэба даведацца гісторыю таго ці іншага міфалагічнага героя.

Вужалка, Дзявоя і Кумільган

Да персанажаў, пра якіх дзецям не распавядалі, належыць, напрыклад, Баламуцень. Выглядае ён зусім не як акцёр у амплуа «герой-палюбоўнік», затое валодае здольнасцю чарамі прывабліваць прыгожых жанчын у непраходную багну і адводзіць у свае харомы. У балоце жыў таксама Багнік. А яшчэ тут можна было сустрэць Вужалку — прыгожую дзяўчыну са змяіным хвастом.

А вось Кікімара ў мясцовай традыцыі жыла не ў балоце, а ў сялянскай хаце. Прыходзіла яна ў тыя дамы, дзе было загублена дзіця. Калі маці не дагледзела за малым, на яго месца нябачна сялілася Кікімара, каб мучыць бедную жанчыну сваімі злымі свавольствамі.

— Адзін з маіх самых любімых персанажаў — Дзявоя, — працягвае «экскурсію» Вераніка Хомбак. — Яна сялілася ў хаце, калі нараджалася дзяўчынка, і засцерагала малую, потым падлетка і дарослую дзяўчыну да самага замужжа.

Ну а калі дзяўчына станавілася маладой гаспадыняй, Дзявоя перадавала заступніцтва над ёй Дамавусе. Жонка Дамавіка заўсёды дапамагала добрай гаспадыні, а адной з яе галоўных задач было калыхаць дзяцей па начах. Сем’і былі шматдзетнымі, клопатаў у жанчыны хапала, і каб яна магла выспацца, Дамавуха адказвала за моцны і здаровы дзіцячы сон. А Дамавік, адпаведна, дапамагаў спраўнаму гаспадару. Таму сям’ю Дамавікоў заўсёды прыважвалі і частавалі.

Дарэчы, у кожнага персанажа былі і свае кулінарныя перавагі. Скажам, яшчэ адзін цікавы персанаж — Пячурнік (ён жыў пад печчу, быў адданы старэйшаму гаспадару ў сям’і і аберагаў яго) — вельмі любіў смажаныя яйкі: іх яму і пакідалі ў якасці пачастунка. Пячурнік быў надзелены дарам прадбачання і папярэджваў гаспадара аб будучых няшчасцях — біў у пячную заслонку, каб людзі паспелі «падаслаць сабе саломку».

А яшчэ ў хаце мог пасяліцца Хут (ад слова «хуткі»). Гэта такі мясцовы, лепельскі Цмок, толькі маленькі: нябачны для людзей «дракончык» памерам з кошку, з доўгай рудой поўсцю. Калі яму ў вас спадабаецца, ваша сям’я ніколі не будзе мець патрэбу ні ў грошах, ні ў іншых матэрыяльных рэсурсах. «Іншы раз ідзеш і бачыш бліскавіцы на небе — гэта Хут сваім гаспадарам скарб нясе», — так распавядалі пра яго.

Гаспадарчыя пабудовы таксама не пуставалі. Там сяліліся Пуннік, Еўнік (велізарны кот, які ахоўваў запасы збожжа), Лазавік і мноства іншых «бажкоў». Былі свае заступнікі і ў жывёлы, і ў хатняй птушкі. Кумільган, напрыклад, аберагаў коней, расчэсваў ім грывы і бярог ад хвароб.

Ці ведалі вы пра тое, што Мароз і Зюзя ў беларускай міфалогіі — два розныя персанажы, якія мірна ўжываліся адзін з адным? Мароз, у прыватнасці, адказваў на Лепельшчыне за трываласць лёду, таму яго вельмі паважалі. Дарогі паміж населенымі пунктамі былі дрэннымі, а па лёдзе заўсёды даедзеш, куды табе трэба.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю