Зноў паглядзець на зіму з дзіцячым захапленнем і атрымаць пазітыўныя эмоцыі можна на V штогадовай выстаўцы-конкурсе «Зімовыя ўражанні» ў галерэі «Універсітэт культуры». У экспазіцыі — работы вучняў дзіцячых школ мастацтваў Мінска, а таксама выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Выстаўка-конкурс ужо стала чароўнай зімовай традыцыяй. За ўвесь час правядзення былі прадстаўлены сотні юных талентаў. Гэта добрая магчымасць праявіць сябе, паказаць свае творчыя здольнасці шырокай аўдыторыі. Удзельнікі атрымліваюць ацэнку прафесійных членаў журы, знаёмяцца з творчасцю маладых калег, што садзейнічае пашырэнню мастацкага кругагляду.
Мэта праекта — удасканаленне маральнага выхавання і фарміраванне творчай індывідуальнасці вучняў, падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі ў сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У склад журы ўвайшлі прафесійныя мастакі, выкладчыкі выяўленчага мастацтва і мастацтвазнаўцы.
Галерэя «Універсітэт культуры» імкнецца падтрымаць творчую моладзь у адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці. Юныя творцы змаглі перадаць свае ўражанні пра зімовую пару ў жывапісе, графіцы, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Удзельнікі выстаўкі-конкурсу ацэньваюцца па трох узроставых катэгорыях: 6–10, 11–13, 14–17 гадоў. Пераможцы і прызёры ў кожнай катэгорыі атрымліваюць дыпломы.
У экспазіцыі пераважаюць жывапісныя работы, выкананыя ў розных жанрах, стылях і тэхніках. На выстаўцы можна ўбачыць вясковы і гарадскі пейзажы, бытавыя сцэнкі і анімалістычныя карціны. Творцы працуюць у традыйных тэхніках жывапісу, выкарыстоўваючы просты аловак, алей і акрыл, аднак трапляюцца і незвычайныя змешаныя мастацкія прыёмы. Сярод разнастайных твораў асабліва вылучаюцца работы вучняў ДУА «Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў № 3 імя Л. Д. Шчамялёва г. Мінска» (педагог А. М. Палтаўчанка). Спалучэнне яркіх насычных фарбаў і тонкіх, «паветраных» тканін стварае ўражанне, быццам глядзіш на свет праз прыгожыя вітражы.
Зіма для многіх асацыіруюецца з чараўніцтвам, феерверкамі, сусветным яднаннем перад вялікім цудам. Творы вучняў дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Мінска «Вуліца салютаў» Ксеніі Петрушэні, «У чаканні цуду» Аніссі Пігулеўскай, «Вечаровая завея» Софіі Корзун напаўняюць выставачную прастору адчуваннем затоенай радасці, верай у лепшае і дзіцячым захапленнем. Мастакі выкарыстоўваюць розныя вобразы, аднак іх аб’ядноўвае яркі святочны горад і ўпрыгожаныя вулачкі. Можна адчуць сябе героем гэтых карцін, на хвіліначку стаць Кевінам з класічнага каляднага фільма «Адзін дома» і адправіцца ў падарожжа па заснежаных прасторах.
У экспазіцыі можна ўбачыць вядомыя казачныя сюжэты, сцэны з мультфільмаў і інш. Работа Кацярыны Карымавай «Зімовая казка» адсылае гледача да казкі «Дванаццаць месяцаў», а назва твора «Зіма ў Прастаквашына» кажа сама за сябе. У творчасці юных мастакоў адлюстраваны святочныя традыцыі, сярод якіх можна знайсці і калядныя звычаі нашых продкаў (Кацярына Антончык «Святочны вечар», Іван Колій «Марозны дзень на Каляды»).
Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены ў аўтарскім і калектыўным выкананні. Прыцягвае ўвагу адмысловая ялінка з натуральных матэрыялаў вучняў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі народнай студыі «Славянскі вянок». На яе галінках размясціліся жыхары лесу, героі калядных сюжэтаў і народных казак. Калектыўная работа «Калядоўшчыкі» (Мінскі гарадскі каледж мастацтваў) таксама дэманструе наведвальнікам багатую на гісторыі і традыцыі культуру нашых продкаў. Кожная фігурка калядоўшыка выраблена з гліны, распісана аўтарскім малюнакам ці беларускім арнаментам. Некаторыя статуэткі можна выкарыстоўваць як падсвечнікі.
Не ўвесь посуд створаны для ежы, і работа Паліны Андрэевай «Студзеньскі іней» гэта пацвярджае. Юная творца паспрабавала адлюстраваць непаўторнае ззянне і чараўніцтва першага снегу, яго халодную, але прывабную прыгажосць.
На выстаўцы можна ўбачыць аўтарскія пано з саломы, на якіх таксама размясціліся калядныя сюжэты, вырабы з дрэва і шкла.
Праект працуе да 18 лютага.
Фота аўтара