У пятніцу на нарадзе з удзелам Прэзідэнта па энергетычнай тэматыцы, якая прайшла ў Палацы Незалежнасці, сярод іншага ўзнімалася пытанне транспартнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў краіне сёння актыўна і масава развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. Ён паведаміў, што пілотныя праекты, звязаныя з пераводам грамадскага транспарту на электрычны, былі ўкаранёны ў Жодзіне, Шклове, Наваполацку.
Прэзідэнт заўважыў, што, у сувязі з гэтым, выклікае здзіўленне, чаму існуе недахоп грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадных і міжгародніх зносінах. Ён удакладніў, што названая тэма ўзнімаецца беларусамі ў тым ліку і ў сацыяльных сетках.
— Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў час пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую маршрутку, Слухайце, чаго вы над людзьмі здзекуецеся?! — задаў пытанне Прэзідэнт.
Ён запатрабаваў вырашыць праблему цісканіны і чэргаў у грамадскім транспарце. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да прэм’ер-міністра і спытаўся: няўжо няма магчымасці замяніць маршруткі аўтобусамі. Трэба не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы паставіць, але і электробусы. І няхай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там (як у маршрутках. — Рэд.) заціснуўшыся.
Сапраўды, у сацыяльных сетках жыхары ў розных рэгіёнах, не толькі ў Мінску, ужо не раз адзначалі, што вымушаны бавіць шмат часу ў доўгіх чэргах перад тым, як трапіць у маршрутку.
Для многіх людзей дарога дадому ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне: элементарна з’ехаць часам бывае складана. Самы вялікі пасажырапаток традыцыйна назіраецца на маршрутах, якія едуць у напрамку Барысава, Жодзіна, Слуцка, Салігорска, Маладзечна, Смалявіч, Фаніпаля і Дзяржынска.
Каб зразумець, што адбываецца насамрэч, карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў эпіцэнтр падзеі і праверылі сітуацыю на ўласныя вочы.
Станцыя метро «Усход», маскоўскі напрамак
Станцыя метро «Усход» — адзін з самых запатрабаваных пунктаў адпраўлення маршрутак. Адгэтуль транспарт сыходзіць у розных кірунках, і практычна заўсёды назіраецца прыкметны ажыятаж.
Каля месцаў пасадкі пасажыры пачынаюць збірацца задоўга да прыбыцця транспарту — чэргі цягнуцца ад тратуараў да ўваходу ў метро. У натоўпе нярэдка чуваць скаргі: людзі абураюцца, што ім даводзіцца падоўгу мерзнуць на холадзе. Мы паразмаўлялі з некалькімі з іх, каб даведацца, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца.
«Узнікаюць вельмі вялікія цяжкасці, бывае нават даходзіць да таго, што мы не можам дабрацца да дому. Асабіста мне гэта дастаўляе дыскамфорт, таму што ў родны горад езджу практычна кожныя выходныя», — заявіў адзін з жадаючых патрапіць у маршрутку.
Яшчэ адна дзяўчына расказвае:
«Карыстаюся маршруткамі не часта — некалькі разоў у год, — але амаль кожны раз сутыкаюся з адной і той жа праблемай: квіткоў не хапае, а чарга рухаецца павольна. Нічога не зробіш — даводзіцца стаяць і чакаць».
Калі нарэшце пад’язджае маршрутка, чаканне змяняецца мітуснёй: чарга імгненна ператвараецца ў сапраўдную барацьбу за месцы. У салон трапляюць толькі самыя паваротлівыя. Тым, каму не атрымалася праціснуцца, застаецца працягваць мерзнуць і чакаць наступнага рэйса.
Станцыя метро «Пятроўшчына», брэсцкі напрамак
Тут пасажыры настроены больш лагодна. У чарзе стаяць спакойна, да транспарту, які пад'ехаў, не бягуць, сарваўшыся з месца...
Герман, які збіраецца ехаць па маршруце Мінск—Баранавічы, ацэньвае агульны ўзровень абслугоўвання як дастаткова высокі. «Мне камфортна, якасць абслугоўвання — пяць з пяці», — кажа ён. Разам з тым малады чалавек прызнае, што ў салоне часта бывае цесна і душна:
«Ну, душна, цесна, нямеюць ногі, рукі... але што зрабіць. Мы крыху перабольшваем, але трываць можна».
Кошт паездкі Германа бачыцца яму дарагім — білет абыходзіцца ў 20 рублёў. Аднак, паводле яго слоў, істотных прэтэнзій да перавозчыкаў няма: «Пытанняў няма. Усё адносна мяне задавальняе».
Алена, якая карыстаецца маршрутам Мінск—Гродна, адзначае, што з Гродна ў Мінск вельмі зручна дабірацца — ёсць і маршруткі, і аўтобусы. Перад святамі, канечне, бываюць праблемы з транспартам і, вядома ж, тады хацелася б, каб транспартныя сродкі былі больш умяшчальнымі, каб не даводзілася стаяць па некалькі гадзін. А вось вадзіцелі, кажа яна, ветлівыя, прышпільваюцца і заўсёды просяць нас, пасажыраў, таксама гэта рабіць.
На пытанне пра магчымыя парушэнні жанчына адказвае, што з боку перавозчыкаў іх не заўважала. Больш праблем, на яе думку, бывае ад саміх пасажыраў: «Пасажыры чамусьці лічаць, што іх могуць высадзіць дзе заўгодна, пасадзіць дзе заўгодна. А калі вадзіцель не пагаджаецца, то пачынаюць абурацца. Таму культуры пасажырам трэба вучыцца».
Сітуацыю, якая складваецца з транспартнымі перавозкамі людзей, пракаментаваў дырэктар Мінскага абласнога камунальнага транспартнага унітарнага прадпрыемства «Мінаблпасажыртранс» Аляксандр Кахно.
Пасажырапаток, паводле яго слоў, як правіла, фарміруюць студэнты, якія навучаюцца ў сталіцы, а таксама тыя, хто ў Мінску працуе. Сумарна ўсімі перавозчыкамі выконваецца штодня каля трох тысяч рэйсаў з улікам прыгарада.
Пікавымі нагрузкамі з’яўляецца вячэрні час, пачынаючы з 16.30 і прыкладна да 19.30, нагрузкі павялічваюцца ў пятніцу ўвечары і ў суботу днём прыкладна да 17.00. Раніцай, адпаведна, з 6.30 да 8.00«, — расказаў Аляксандр Кахно.
Ён таксама адзначыў, што для вырашэння гэтай праблемы з улікам росту колькасці насельніцтва, асабліва ў гарадах-спадарожніках, штогод колькасць транспарту павялічваецца на 20-25 працэнтаў. Падчас пікавых нагрузак таксама скарачаюцца інтэрвалы руху.
Пытанне арганізацыі перавозак у перадсвяточныя і выхадныя дні знаходзіцца на пастаянным кантролі транспартнага ведамства. «На ўзроўні ўрада прынята рашэнне аб закупцы 15 адзінак сучаснай тэхнікі класа М3 айчыннай вытворчасці, якія дазволяць на асобных маршрутах, і, у прыватнасці, наступных у гарады-спадарожнікі Мінска, такія як Жодзіна, Смалявічы і іншыя, скараціць інтэрвалы руху транспарту, павысіць камфартабельнасць перавозак», — расказаў намеснік міністра транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна.
Ён таксама адзначыў, што да таго моманту, як новыя аўтобусы папоўняць аўтапаркі, праблема загружанасці пэўных маршрутаў будзе вырашацца ўжо зараз. «І не толькі па Мінскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах», — падкрэсліў намеснік міністра.
Вераніка КУХАРЧЫК, Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ, Яўгеній КСЯНДЗОЎ
Фота Яўгенія КСЯНДЗОВА, Міхаіла ДАНІЛКОВІЧА