Top.Mail.Ru

Марыя Богдан запрашае на персанальную выстаўку «Кветкі. Сонца»

Да 5 ліпеня ў галерэі «Арт-Фабрыка» працуе выстаўка Марыі Богдан. Экпазіцыя «Кветкі. Сонца» маладой мастачкі, з творчасцю якой глядач знаёмы ў тым ліку дзякуючы беларускім фестывалям, змяшчае выключна новыя работы аўтара. 

Назва выстаўкі «Кветкі. Сонца» цалкам растлумачвае свой змест. Карціны ў экспазіцыі былі напісаны цягам апошняга часу. Абмежаваная пэўным перыядам праца над своеасаблівым цыклам была абумоўлена імкненнем адлюстраваць у кожнай кампазіцыі ўражанне ад убачанага, эмоцыі, якія не пакідаюць і падчас творчага працэсу. Галоўнае для мастачкі — перадаць пачуццё лёгкасці. Менавіта таму яе палітра вызначаецца светлымі, мяккімі фарбамі, а для сюжэтаў выбраны вясновая пара (ці, як недзе здаецца, ранняе лета) і раніца. 

16_23_A.jpg

«Цішыня»

— Ідэя адлюстраваць прыроду, якая адраджаецца за адзін сезон спела вельмі даўно, — расказвае карэспандэнту «ЛіМа» аўтар. — Хацелася паказаць, як адчуваю яе хараство і сціпласць менавіта ў перыяд цвіцення. Мяне, як і імпрэсіяністаў, вабіць у мастацтве ўражанне ад убачанага. Хоць дакладна назваць тых, кім натхняюся, складана —вельмі многае ў сусветным мастацтве падабаецца. Імкнуся сузіраць — стараюся хадзіць на выстаўкі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. 

Аўтар праяўляе вялікую цікавасць да сельскага пейзажа. Гэты інтарэс цесна звязаны з яе дзяцінствам — яно ў многім звязана з вёскай, з роднымі і блізкімі адтуль. Менавіта яны, асабліва бабуля, прывілі ёй любоў да родных мясцін, увагу да жыцця і побыту жыхароў вёскі. Гаворка пра Смалявіччыну (Мінская вобласць), аднак шэраг карцін створаны і прысвечаны Браслаўскаму краю (Віцебшчына), дзе мастачцы цяпер часта даводзіцца бавіць час. Адтуль — эцюды, пейзажы, фларыстычныя кампазіцыі...

16_23_B.jpg

«Першыя  замалёўкі»

Марыя Богдан сур’ёзна пачала займацца творчасцю ў 17 гадоў, аднак яе адпаведныя здольнасці родныя заўважылі яшчэ ў пяць — тады менавіта бабуля паўплывала на тое, каб унучка зрабіла першыя крокі ў мастацтве, і адвяла дзяўчынку да яе першага настаўніка. Мастачка скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — атрымала адукацыю па спецыяльнасці «Архітэктурны дызайн». Так, у дызайне інтэр’ераў, якімі яна таксама займаецца, спрабуе сябе і як графік, і як акварэліст.

Між тым персанальная выстаўка «Кветкі. Сонца» — не першая ў яе творчай біяграфіі. Апошняя з іх праходзіла ў 2023 годзе, дарэчы, таксама ў «Арт-Фабрыцы». Тэматыка была тая ж — увага аўтара была скіравана на жыццё прыроды, на адлюстраванне дзіцячых успамінаў.

16_23_C.jpg

«Букет для мамы» 

— Не магу аднесці сябе да нейкай кагорты сучасных мастакоў, — адзначае жывапісец. — Сёння больш развіваюцца розныя кірункі сучаснага мастацтва, а стылістыка і жанр маіх работ скіраваны да традыцыі. Ды жывапіс мой перадае, безумоўна, выключна ўнутраны стан, расказвае гісторыю майго жыцця і тлумачыць, што я хачу паказаць свету з яго дапамогай. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю