Артыстка, матацыклістка і проста прыгажуня... Па аналогіі з вядомым фільмам так можна сказаць пра гэтую дзяўчыну. І нават больш, таму што яна таленавітая і валодае цудоўным голасам, які ў 2024 годзе прывёў яе салісткай у Вялікі тэатр Беларусі. Яркі дэбют маладой опернай артысткі на легендарнай сцэне не здарыўся знянацку. Нягледзячы на юны ўзрост, яна ўжо была лаўрэатам міжнародных конкурсаў, папрацавала з рознымі філарманічнымі калектывамі, акцёрскую загартоўку прайшла ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. А душа хацела чагосьці больш складанага. Марыя наогул не шукае лёгкіх шляхоў, і, нягледзячы на зразумелы і натуральны для вакалістаў клопат пра галоўны інструмент — голас, — яна стала ў Беларусі першай опернай спявачкай-байкершай...
— Падабаецца розная музыка, — прызнаецца Марыя. — Але ў нейкі момант падалося, што Музычны тэатр мне бліжэй. Папрацаваўшы там, зразумела, што хочацца ў оперу: гэта больш цікава, але галоўнае — ёсць магчымасць развівацца, рабіць складаныя рэчы, творча расці. Убачыла летам конкурс на месца лірыка-каларатурнага сапрана. Дзякуючы Настассі Ігараўне Масквіной я ведала, што патрэбна выканаўца партыі Царыцы ночы ў оперы «Чароўная флейта» Моцарта. Вырашыла паспрабаваць. Адмыслова займалася з канцэртмайстрам і кансультавалася з педагогам. Была гатовая і да таго, што нічога не атрымаецца. Думала: хоць паспрабую, бо гэта магчымасць неяк праявіць сябе. Мне здавалася, што я яшчэ вельмі маладая і недасведчаная для такой партыі. Але праслухоўванне прайшло паспяхова, мяне запрасілі праспяваць Царыцу ночы.
Не магу сказаць, што гэта было для мяне проста. Я ж ніколі не выходзіла на такую вялікую сцэну, дзе працуюць людзі на абсалютна іншым узроўні. Вось гэта выклікала хваляванне: тут спяваеш, і разумееш, што трэба трымаць планку. Падчас першага выхаду ў спектаклі на сцэне Вялікага тэатра мне было вельмі страшна. Тым больш, што такая партыя: альбо атрымаецца, альбо крах. Але сабралася і зрабіла ўсё, што магу. Публіка прымала добра, і калегі пахвалілі.
— Пасля дэбюту ў Вялікім пайшла звычайная праца, калі вас уводзяць у нейкія пастаноўкі. І ў салістаў пачынаецца: прызначаць — не прызначаць…
— У такіх выпадках я заўсёды сабе кажу: зраблю, што ў маіх сілах, як мага больш якасна. Заўсёды веру: калі цяпер не атрымалася, то пазней дакладна атрымаецца. Стараюся не апускаць рукі і лічу, што так павінен паводзіцца кожны чалавек, не толькі артыст. Калі ёсць дакладная мэта нечага дасягнуць, то трэба разумець, што атрымаецца, калі ты будзеш для гэтага нешта рабіць зноў і зноў. Бываюць праблемы, ці то рэжысёр незадаволены, ці то некаму нешта не спадабалася — гэта заўсёды турбуе любога артыста. Але трэба браць сябе ў рукі і крочыць далей.
— У тэатры цяпер канкурэнцыя сярод сапрана...
— У нашай прафесіі, нават калі голас не вельмі распаўсюджаны, канкурэнцыя ўсё роўна будзе. Мне нейкі час здавалася, што такіх людзей, якія добра сябе паказваюць у гэтай прафесіі, — адзінкі. Але за час навучання і працы пераканалася, што іх вельмі шмат. Нават калі яны не працуюць у тэатрах, то канкурэнцыя ёсць на конкурсах — у іх важна ўдзельнічаць, каб сябе паказваць, напрацоўваць узровень. Канцэртныя выкананні — таксама шмат людзей, якія могуць паказаць сур’ёзны ўзровень. Што да сапрана, то, у нас у таэтры яны ўсе рознапланавыя. Канкурэнцыя ёсць: на партыю па тры-чатыры чалавекі. Але ў кожнага свая адметнасць, у кожнага ёсць што паслухаць. Я звяртаю ўвагу на тое, што іншыя робяць, як рэагуюць рэжысёры, дырыжоры, публіка. Стараюся прыглядацца і бараць нешта для сябе — у калег павучыцца не грэх.
— Ці ёсць розніца, у якім спектаклі працаваць? Які вобраз ствараць?
— На сённяшні дзень не магу вылучыць, каб нейкая партыя мне падабалася больш за іншыя ў адносінах акцёрскага выканання. У адносінах голасу — ёсць такія партыі... Напрыклад, пасля Царыцы ночы было складана спускацца голасам на сэрэдзіну, як у партыі Барбарыны ў «Вяселлі Фігаро» Моцарта ці Прылепы ў «Пікавай даме» Чайкоўскага. Здавалася б, невялікая роля, невялікі дыяпазон, а бывала, што няпроста справіцца. Царэўну Лебедзь з оперы «Казка пра цара Салтана» Рымскага-Корсакава паспрабавала спяваць яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі музыкі, калі голас быў яшчэ недастаткова сфарміраваны, і мінулыя спробы адбіліся на выніку: часам здавалася, што гэта нават больш цяжка, чым Царыца ночы. Бывае, крыху складана пераходзіць з адной партыі на іншую, але гэта ўсё дасягаецца праз працу. Рэгулярна рэпецірую, займаюся з канцэрмайстрам, і ўсё неяк складваецца.
— Як прайшоў пераход з музычнага тэатра ў оперны? Таму што там усё іншае — і сцэна, і зала, і трупа...
— Там меней людзей і адчуванне большай згуртаванасці. А тут іх шмат і пастаянна сустракаюцца асобы, якіх не ведаеш. Спачатку было страшнавата: тут людзі ўжо шмат працуюць, і кожны саліст звычайна хоча быць першым. Але з пункту гледжання чалавечых кантактаў, цеплыні, я не заўважыла нейкіх праблем, атрымалася даволі хутка ўвайсці ў калектыў. Ад усіх адчувала падтрымку на сцэне — і з боку дырыжораў, і з боку партнёраў па сцэне. Ёсць узаемадапамога, таму што ўсе хочуць выступіць добра — мы залежым адзін ад аднаго, калі працуем у спектаклі.
— Чаму вырашылі з дырыжорскай спецыяльнасці перайсці ў вакальную?
— Ніколі не задумвалася пра дырыжорскую кар’еру, таму што з дзяцінства цікавілі спевы і тэатр. У каледж на дырыжорскае мяне накіравалі бацькі. Яны ведалі, што я хацела спяваць. Насамрэч марыла быць эстраднай спявачкай і хацела паступаць ва ўніверсітэт культуры, а яны раілі атрымаць акадэмічную адукацыю. На момант паступлення я не ведала, што ёсць істотная розніца паміж вучобай на харавым і вакальным аддзяленні. Нават не разумела, што харавое — гэта, па-сутнасці, дырыжорскае... Ужо на другім курсе каледжа зразумела, якая каласальная розніца паміж спевамі ў хоры і сольнымі. Канешне, спевы ў хоры маюць свой уплыў. Яны спрыяюць развіццю кругагляду, слухавога мыслення, а калі хочаш спяваць сольна, то трэба больш развіваць уласную вакальную прыроду.
Мне пашчасціла з настаўнікамі: вучылася ў людзей, якія ўмеюць працаваць з голасам. Не даводзілася надта цяжка пераломваць сябе, даволі хутка прыйшло разуменне, як трэба: і голас спрацаваў, і ўсё прыйшло ў норму.
— З марай пра эстраду развіталіся?
— Так, але для сябе вырашыла, што хачу развівацца ў кірунку акадэмічных спеваў. Мне падабацца розная музыка. Тата і брат скіраваныя ў бок року. Я таксама ўсё дзяцінства слухала рок- і метал-гурты. Калісьці пачула гурт пад назвай Nightwish, у якім салісткай была оперная спявачка, — гэта запала ў душу: аказваецца, можна сумясціць акадэмічны вакал і эстрадную музыку! Для мяне гэта было дзіўна, здавалася, што эстрадны — нібыта несапраўдны, няправільны. Пасля пачула Таісію Павалій, спадабалася, як яна спявае. А калі ў акадэміі музыкі пачалася оперная студыя, мы сталі паглыбляцца ў тэатральную працу. Тады я зразумела, што хачу гэтым займацца.
— Ці дае вам парады былая выкладчыца, а цяпер калега народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна?
— Так, бывае, што прыходзіць і слухае, калі я займаюся з канцэртмайстрам, дае парады, карэктуе. Дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць адчуванне апоры, узнікае пачуццё ўдзячнасці, што чалавек такога ўзроўню перажывае за цябе і гатовы прыйсці на дапамогу.
— Ці «прымяралі» на сябе некаторыя партыі, па меры таго, як знаёміліся з операмі?
— Калі яшчэ не ведала нічога пра акадэмічны і эстрадны вакал, я глядзела савецкія фільмы. І мне з дзяцінства падабалася Адэль ў «Лятучай мышы» Штрауса, уяўляла сябе ў гэтай ролі. Трапіла ў тэатр — і мне амаль адразу далі магчымасць выйсці ў партыі Адэлі. Здавалася, што гэта самая любімая і блізкая роля. Нейкія партыі прыйшлі, калі я вучылася ў каледжы, напрыклад, Джыльда з «Рыгалета» — запала ў душу і дагэтуль падабаецца музыка Вердзі. І музыка Пучыні. Нейкі час падабалася і музыка Вагнера, але да яе я пакуль не дарасла.
— Ці задаволены цяпер вашы бацькі?
— Мае бацькі — даволі строгія крытыкі. Тата музыкант, мама не, але заўсёды знаходзілася ў культурным асяродку, глыбока адчувае і разумее музыку. Яны кажуць, што я змянілася каласальна, гэта чуваць і па голасе, і па маіх паводзінах на сцэне. Праца ў філармоніі і музычным тэатры дала пэўны досвед, а цяпер ідзе ўдасканаленне.
— Ці ёсць прыхільнікі, якія вас чулі раней на філарманічных канцэртах ці ў музычным, а цяпер ходзяць ў оперны тэатр?
— Запрашала сяброў на свае канцэрты, калі яшчэ вучылася ў Акадэміі. Пазней мне пашчасціла выступіць у філармоніі з камерным аркестрам пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. Сумнявалася, ці трэба запрашаць сяброў не з творчага асяродку, таму што ў праграме была музыка Яфрэма Падгайца, вельмі складаная для ўспрымання, але я рызыкнула. Яны засталіся ў захапленні і выказалі жаданне прыходзіць яшчэ. Літаральна праз кароткі час здарыўся мой дэбют у партыі Царыцы ночы. Зноў спадабалася. Сталі хадзіць на мае спектаклі. Ненекаторыя з іх з музыкай не звязаны, але ў нас ёсць іншыя агульныя інтарэсы. Гэта тычыцца маіх матацыклетных прыгод.
— Крохкая дзяўчына павінна баяцца за сябе і свой голас. Як вы абралі такі небяспечны занятак?
— Падчас вучобы ў аўташколе, калі вывучала правілы дарожнага руху, то зацікавілася магчымасцямі перасоўвання. Сама назбірала і падабрала не дарагі і далёка не новы, але надзейны, матацыкл. Бацькі, вядома, былі катэгарычна супраць, і па сённяшні дзень спадзяюцца, што гэта неўзабаве скончыцца. А ў тэатры да майго захаплення паставіліся са здзіўленнем і цікавасцю.
Матацыкл для мяне — зручны транспартны сродак, які дазваляе хутка дабірацца да месца. Па карках я магу прабірацца хутчэй, чым аўтамабілі. На матацыкле нават больш цёпла, чым хадзіць па вуліцы ў такое надвор’е: некалькі слаёў вопраткі, можна закрыцца з усіх бакоў, у твар нічога не дзьме — ратуе шлем. Бывае прахалодна, але дыскамфорту я не адчуваю. Калі пра крохкасць... Лічу, што жыццё наогул небяспечнае, што заўгодна можа здарыцца ў любы момант. Ніхто не застрахаваны ад траўм, нават бытавых. Аднойчы ў Музычным тэатры я падвярнула нагу — паслізнулася на роўным месцы. Канешне, на матацыкле атрымаць траўму больш верагодна, але стараюся паводзіць сябе акуратна, удасканальваю навыкі кіроўцы.
— Вам і ролі драйвовыя падабаюцца?
— Мне падабаецца кідаць сабе выклік. Калі адчуваю, што з чымсці не проста справіцца, то ўзнікае азарт: значыць, абавязкова трэба адолець!
Фота: Вялікі тэатр Беларусі