Top.Mail.Ru

Масавае мерапрыемства, прысвечанае традыцыйнай культурнай спадчыне рэгіёна, пройдзе ўпершыню ў старажытным Навагрудку 22–23 жніўня

13.08.2025 | 13:40
«Выцінанка-Выбіванка. Карункавы код Навагрудка»

Горад ажыве ўзорамі, святлом і музыкай. Адметнасць навагрудскай выбіванкі ў тым, што карункавыя ўзоры на паперы, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў краіны, дзе яна сустракаецца, не выразаюцца, а менавіта выбіваюцца. Традыцыя гэтая на Навагрудчыне не спынялася нават у самыя цяжкія часы ліхалецця: пасля вайны, напрыклад, узоры з пажаданнямі міру і шчасця на паперы жанчыны выбівалі сплюшчанымі гільзамі.

Беларуская выцінанка ў 2024 годзе ўключана ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА, а навагрудская выцінанка-выбіванка — па-сапраўднаму ўнікальная традыцыя, якая дайшла да нас з далёкай мінуўшчыны.

Гэтае майстэрства перадавалася беларускімі жанчынамі з пакалення ў пакаленне, з роду ў род. І калі ў дзяцінстве бабуля вучыла ўнучку выразаць папяровыя сняжынкі на акно перад Калядамі, то мала хто задумваўся, што гэта — не выпадковасць. Гэта — генетычны код, перададзены ад продкаў, які злучае людзей розных пакаленняў, веру, свята і прыгажосць.

  • Існавала адметная тэхніка ўпрыгожвання папяровымі ўзорамі інтэр’еру свайго жылля і на Навагрудчыне. Яна асабліва была распаўсюджана ў 30--50-я гады ХХ стагоддзя. Мясцовыя гаспадыні ўпрыгожвалі не толькі палічкі і выразалі сняжынкі на Каляды, але і рабілі складаныя фіранкі на вокны, ручнікі-набожнікі, сурвэткі на Вялікдзень пад пірагі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбападобная сетка, якая імітуе сабой вочкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак.

Для работы ў тэхніцы выцінанкі-выбіванкі патрэбна трывалая папера, бо менавіта на ёй лепш за ўсё атрымліваюцца ажурныя вочкі з ромбаў. Інструменты, якімі трэба працаваць: расплясканы цвік, малаток і дошка, лепш за ўсё дубовая. Дзе-нідзе спатрэбіцца востры разец. Абавязковы аловак для нанясення сеткі і малюнкаў на складзены ў чатыры разы («гармонікам») ліст ватмана. Дзірачкі-тычачкі на кветкавых кампазіцыях робяцца спіцамі або цвічком. Вялікая круглая дзірка выбіваецца пустой гільзай ці вострай алюмініевай трубачкай.

Выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны да свят, вяселля ці нараджэння дзіцяці, у іх карункавыя ўзоры ўкладваўся адмысловы сэнс, надзеі і пажаданні.

На Навагрудчыне гэтая традыцыя захавалася ў асаблівай тэхніцы — спачатку майстар стварае тонкую сетку, а ўжо на ёй нараджаюцца пэўныя ўзоры: калядныя зоркі, велікодныя кветкі, раслінныя арнаменты.

Менавіта па гэтай прычыне і распачынаецца ў горадзе гісторыя новага фестывалю, які, па задумцы арганізатараў, павінен стаць традыцыйным.

У яго праграме — майстар-класы па выбіванцы і народных рамёствах; сімфанічны канцэрт-баль каля сівых сцен замка; канцэрты, вулічныя выступленні, маладзёжная праграма; рыцарскі турнір; кірмаш рамеснікаў і аўтарскіх вырабаў.

Прыязджайце ўсёй сям’ёй, прыводзьце сяброў, каб разам стварыць новы ўзор у гісторыі Навагрудчыны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю