У Еўропе і Вялікабрытаніі ў канцы снежня і пачатку студзеня падарожнікі сутыкнуцца з затрымкамі і адменамі рэйсаў. У многіх міжнародных аэрапортах пройдуць забастоўкі з-за нізкіх заработных плат, паведамляе Euronews. Перадае БелТА.
У лонданскім аэрапорце Лутан з 26 па 29 снежня наземны персанал буйнейшай авіякампаніі Вялікабрытаніі EasyJet правядзе забастоўку, што можа прывесці да затрымак пры рэгістрацыі і апрацоўцы багажу. Брытанскі аэрапорт Хітроу таксама рыхтуецца да каляднага транспартнага хаосу: з 22 па 24 і 26 снежня экіпажы авіякампаніі Scandinavian Airlines Services (SAS) будуць баставаць. Паводле даных брытанскага прафсаюза Unite, рабочыя патрабуюць павышэння зарплат і паляпшэння ўмоў працы.
У Іспаніі, пачынаючы з лета, супрацоўнікі кампаніі Azul Handling штотыднёва робяць забастоўкі з-за ўмоў працы, бонусаў і стабільнасці рабочых месцаў. Да 31 снежня стачкі будуць прадаўжацца па серадах, пятніцах, суботах і нядзелях з 5.00 да 9.00 (па мясцовым часе), з 12.00 да 15.00 і з 21.00 да апоўначы. Такім чынам, пасажыры могуць сутыкнуцца з больш доўгімі чэргамі і затрымкамі пры рэгістрацыі і атрыманні багажу ў многіх іспанскіх аэрапортах.
У Італіі 9 студзеня прафсаюз CUB Transporti, які прадстаўляе інтарэсы наземнага персаналу, анансаваў чатырохгадзінную забастоўку — з 13.00 да 17.00 (па мясцовым часе) — у аэрапортах па ўсёй краіне, што можа прывесці да затрымак і адмен рэйсаў. У той жа дзень супрацоўнікі наземнага абслугоўвання кампаніі Swissport Italia у міланскім аэрапорце Лінаце таксама плануюць аб’явіць забастоўку на 24 гадзіны. Рэйсы ў аэрапорт Вероны і назад 31 студзеня таксама могуць быць сарваны з-за забастоўкі супрацоўнікаў службы ўпраўлення паветраным рухам ENAV.
Падарожнікам рэкамендуецца загадзя ўдакладняць інфармацыю аб магчымых затрымках і змяненнях у раскладзе рэйсаў.