Турызм непарыўна звязаны з транспартам, экалогіяй і культурай, патрэбны адзіны зладжаны механізм работы. Аб гэтым заявіў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі на канферэнцыі «Сінхранізацыя кампетэнцый у турыстычнай індустрыі Рэспублікі Беларусь», паведаміла БелТА.
«Сёння турызм перастаў быць проста індустрыяй адпачынку, ператварыўшыся ў магутны драйвер эканамічнага росту і інструмент умацавання міжрэгіянальных сувязей. Наша канферэнцыя праходзіць у знакавы час, калі перад галіной стаяць маштабныя задачы па якаснай трансфармацыі і пошуку новых пунктаў росту. І гэта патрабуе ад нас не проста індывідуальных намаганняў, а сістэмнага, каманднага падыходу, дзе поспех усёй краіны непасрэдна залежыць ад зладжанасці дзеянняў на кожным узроўні дзяржаўнага кіравання», — сказаў Кірыл Машарскі.
Ён падкрэсліў, што ў сучасных рэаліях сінхранізацыя кампетэнцый — гэта значна больш, чым размеркаванне паўнамоцтваў. «Гэта стварэнне адзінай мовы прафесійнага ўзаемадзеяння, якая ўстараняе бар’еры, выключае дубліраванне функцый і дае магчымасць нам максімальна эфектыўна распараджацца існуючымі рэсурсамі. Наша мэта — выбудаваць такую мадэль кіравання, пры якой ініцыятыва на месцах і стратэгічныя задачы цэнтра гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы ўстойлівую базу для росту. Ключавым звяном у гэтым ланцугу застаецца глыбокая межведамасная каардынацыя. Турызм — жывая экасістэма, непарыўна звязаная з транспартам, экалогіяй і культурай. Мы павінны функцыянаваць як адзіны зладжаны механізм, дзе кожнае ведамства ўсведамляе сваё дачыненне да канчатковага выніку. Менавіта зладжанасць дзяржаўнай вертыкалі стане тым надзейным фундаментам, на якім бізнес зможа развіваць сэрвіс высокага ўзроўню, а нашы госці — адкрываць для сябе гасцінную і камфортную Беларусь», — адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме.

«Заклікаю да адкрытага і канструктыўнага дыялогу. Упэўнены, што вынікам нашай сённяшняй работы стане дакладная архітэктура ўзаемадзеяння, якая дасць магчымасць турыстычнай галіне выйсці на прынцыпова новы ўзровень развіцця», — сказаў на заканчэнне Кірыл Машарскі.

Практычная канферэнцыя «Сінхранізацыя кампетэнцый у турыстычнай індустрыі Рэспублікі Беларусь» аб’яднала прадстаўнікоў органаў улады і экспертаў галіны. Да ўдзелу былі запрошаны прадстаўнікі амаль 20 ведамстваў, у тым ліку супрацоўнікі аддзелаў турызму камітэтаў эканомікі ўсіх аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, а таксама найбольш перспектыўных з пункту гледжання турыстычнага патэнцыялу райвыканкамаў. Эксперты разгледзелі пытанні дзяржаўнага планавання і статыстыкі ў сферы турызму, функцыянавання індустрыі гасціннасці, майстар-планавання тэрыторый, а таксама лічбавай трансфармацыі галіны. Канферэнцыя стала пляцоўкай для абмену вопытам і выпрацоўкі практычных падыходаў да развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў Беларусі.