У Беларусі хочуць зняць працяг славутага шматсерыйнага дэтэктыва «Ліквідацыя» або як мінімум рэалізаваць аналагічны праект. Гэта абмяркоўвалі ў час тэлефоннай размовы расійскага прадпрымальніка Дзмітрыя Мазепіна і прэс-сакратара Прэзідэнта Беларусі Наталлі Эйсмант з акцёрам і рэжысёрам Уладзімірам Машковым, паведаміла БелТА.
Кадры размовы паказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Гэта размова адбылася адразу пасля сустрэчы Дзмітрыя Мазепіна з кіраўніком беларускай дзяржавы ў Палацы Незалежнасці 3 чэрвеня. Дарэчы, на ёй абмяркоўвалася ў тым ліку і тэатральная ініцыятыва. Расійскі бізнесмен прапанаваў арганізаваць у Брэсце і Мінску паказ спектакля Уладзіміра Машкова «У спісах не значыўся».
«Чакаем вас! Беларускае кіно мае патрэбу ў падмацаванні», — адзначыла Наталля Эйсмант у час тэлефоннай размовы з рэжысёрам.
«Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што лепшы фільм, які ён бачыў, — гэта «Ліквідацыя», — падзяліўся Дзмітрый Мазепін.
«Так, пацвярджаю. У нас шматгадовая задача, якую мы не можам выканаць, а ў нас у Беларусі гэта не прынята, — зняць «Ліквідацыю», — дадала прэс-сакратар беларускага лідара.
«Яны хочуць зняць другую частку «Ліквідацыі», — удакладніў бізнесмен, магчыма, з доляй гумару.
Уладзіміра Машкова, верагодна, прыемна здзівіла гэта інфармацыя, але ён не змог даць адназначны адказ.
«Прыедзем і пагаворым», — рэзюмаваў Дзмітрый Мазепін.
«Ліквідацыя» — шматсерыйны дэтэктыўны тэлевізійны мастацкі фільм 2007 года, які расказвае аб барацьбе савецкай улады са злачыннасцю ў пасляваенны час у Адэсе. Уладзімір Машкоў выканаў у кінастужцы адну з галоўных роляў.