Top.Mail.Ru

Маштабны велапрабег «Дарогамі памяці» аб’яднаў прадстаўнікоў будаўнічай галіны

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў.


У рамках ініцыятывы прафактыў галіновага прафсаюза і работнікі будаўнічай сферы сустракаюцца ўжо трэці раз. Так, удзельнікі аднамомантна стартавалі ў розных рэгіёнах краіны, ахапіўшы 19 гарадоў Беларусі і дзясяткі памятных мясцін. Каля кожнага гістарычнага аб’екта работнікі галіны спыніліся і ўсклалі кветкі ў знак павагі і памяці аб гераічным мінулым продкаў.

Кульмінацыяй велапрабегу стала цэнтралізаванае ўскладанне кветак да помнікаў у гарадах-удзельніках у 12 гадзін. У Мінску ўдзельнікі сустрэліся каля архітэктурна-скульптурнага комплексу «Мінск — горад-герой».


«Мы не можам забыць тых, хто змагаўся за нашу мірную будучыню. Наша ініцыятыва — гэта не толькі даніна памяці, але і напамін аб важнасці міру і адзінства», — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Дзмітрый Прасвіракоў.

Ён дадаў, што такія мерапрыемствы дапамагаюць згуртаваць грамадства вакол агульных каштоўнасцяў і мэт, а таксама садзейнічаюць фарміраванню здаровага ладу жыцця.
Так, у кожным горадзе маршрут арганізаваны па цэнтральных вуліцах з прыпынкамі каля памятных і знакавых месцаў. Напрыклад, у Мінску ўдзельнікі праехалі па праспекце Пераможцаў, у Гродне наведалі і ўшанавалі памяць на месцы помніка вязням лагера смерці «Шталаг-324», у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці работнікі прыехалі да мемарыяла «Журботная маці», на Гомельшчыне прафактыў усклаў кветкі да помніка вязням Мазырскага гета, у Оршы праехаліся па Алеі невядомага салдата.

 

Удзельніца велапрабегу з Мінска Вікторыя Раўкова падкрэсліла значнасць мерапрыемства і падзялілася сваёй гісторыяй:

«Мы спрабуем паказаць людзям, моладзі, наколькі важная і наколькі каштоўная памяць аб нашых дзядах. Бо мы жывём пад мірным небам, а гэта сапраўды вельмі каштоўна. І гэтая падзяка павінна захоўвацца ў сэрцах у кожнага — як у маладых, так і ў сталых. У мяне ў сям’і Сямёнкін Сцяпан, мой прадзед, прайшоў усю вайну, атрымаў шмат узнагарод. І я сваім дзецям спрабую данесці, паказваць, расказваць, вадзіць іх у такія памятныя мясціны. Каб яны сапраўды разумелі, наколькі важна і каштоўна жыць пад мірным небам, у нашай любімай, квітнеючай Беларусі», — расказала Вікторыя Раўкова.

Сёлета ініцыятыва аб’яднала больш за 500 удзельнікаў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю