Top.Mail.Ru

Маштабным флэшмобам завяршыўся адукацыйны праект «Запусці сэрца» для школьнікаў

У рытме здаровага сэрца

Кульмінацыяй 8-тыднёвага марафону па навучанні школьнікаў навыкам аказання першай дапамогі і правядзення сардэчна-лёгачнай рэанімацыі «Запусці сэрца» стаў маштабны флэшмоб, які прайшоў на сталічнай «Мінск-Арэне». Выніковае мерапрыемства сабрала лепшых навучэнцаў X класаў школ — па 120 хлопцаў і дзяўчат з усіх абласцей краіны і Мінска. 

Падчас мерапрыемства юныя ўдзельнікі прадэманстравалі свае веды і ўменні і сімвалічна «запусцілі сэрцы» сваіх рэгіёнаў і ўсёй краіны, падкрэсліваючы важнасць умення аказаць першую дапамогу ў жыцці кожнага з нас. 

— Такі адукацыйны праект, безумоўна, важны для ўсіх узроставых груп і для кожнай краіны, і Беларусь — не выключэнне. Ён ужо становіцца добрай традыцыяй. Гэтай акцыі чакалі два гады многія людзі, і ў першую чаргу самі школьнікі, выкладчыкі, валанцёры. Яна аб’яднала шмат людзей, міністэрствы і ведамствы, грамадскія арганізацыі і шэраг іншых структур, якія зразумелі яе адказнасць, бо нішто не можа быць больш важным за здароўе і жыццё чалавека, — адзначыла галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына АБЕЛЬСКАЯ

Яна дадала, што, наведваючы медыцынскія каледжы, універсітэты, сімуляцыйныя цэнтры падчас заняткаў, немагчыма не далучыцца да медыцыны. І пасля правядзення першай акцыі «Запусці сэрца», якая праходзіла два гады таму, многія хлопцы і дзяўчаты зрабілі свой выбар на карысць прафесіі медыка. 

Як падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, амаль кожны трэці дзесяцікласнік прыняў удзел у гэтым адукацыйным праекце сёлета. 

— Такі шырокі ахоп дазволіў правесці акцыі «Запусці сэрца» не толькі ў сталіцы і буйных гарадах, але і ў малых населеных пунктах, што вельмі важна, бо гэта навыкі па базавых прынцыпах аказання першай медыцынскай дапамогі. Акцыя садзейнічае і прафарыентацыі, бо сёння медыкі разам з педагогамі, інжынерамі і аграрыямі з’яўляюцца самымі запатрабаванымі ў нашай краіне, — заўважыў Андрэй Іванец.

Намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ расказаў, што сучасных школьнікаў цікавяць усе заняткі, якія можна прымяніць на практыцы.

— Школьнікі праявілі сябе найлепшым чынам. Навыкі, якія дзеці атрымалі падчас акцыі, спатрэбяцца ім на ўсё жыццё, — адзначыў Аляксандр Старавойтаў. 

Як паведаміў намеснік галоўнага ўрача па хірургіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Юрый СЛАБАДЗІН, у акцыі ўдзельнічалі ўсе 16 медыцынскіх каледжаў і чатыры ўніверсітэты, Рэспубліканскі цэнтр сімуляцыйнага навучання, Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, а таксама Астравецкая цэнтральная раённая бальніца.

На вулічнай пляцоўцы перад «Мінск-Арэнай» удзельнікаў мерапрыемства чакала выставачная экспазіцыя, прысвечаная тэме бяспекі і аказання першай дапамогі, а таксама акцыя «За бяспеку разам», арганізаваныя Міністэрствам аховы здароўя, Мінспорту, МНС, МУС, Мінабароны, Дзяржпагранкамітэтам. Усяго ў мерапрыемствах Рэспубліканскага навучальнага праекта «Запусці сэрца», якія праводзіліся штотыдзень па суботах з 14 сакавіка па 2 мая гэтага года ў рамках шостага школьнага дня, прынялі ўдзел каля 18 тысяч школьнікаў. Хлопцы і дзяўчаты практыкаваліся ў навыках не толькі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, але і аказанні першай дапамогі пры траўмах, пераломах і крывацёках, то-бок, у тым, з чым найбольш часта сутыкаюцца людзі ў звычайным жыцці. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю