На сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці Георгіем Філімонавым беларускі лідар пералічыў кірункі, па якіх можна нарасціць супрацоўніцтва.
На сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці Георгіем Філімонавым беларускі лідар пералічыў кірункі, па якіх можна нарасціць супрацоўніцтва.
У студзені — чэрвені гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Валагодскай вобласцю склаў 316,4 мільёна долараў, што складае 100,9 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. У цэлым за апошнія гады паказчык рос: калі ў 2020-м тавараабарот складаў 335 млн долараў, то ў 2024-м дасягнуў 678,1 мільёна. Аляксандр Лукашэнка назваў тэмпы росту тавараабароту прыстойнымі. І пазначыў кірункі супрацоўніцтва, па якіх іх можна павялічыць.
Беларусь — машынабудаўнічая краіна і пастаўляе шмат тэхнікі на экспарт. Валагодчына таксама набывае шмат рознай беларускай тэхнікі, знаёмая з ёй. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў кожнай тэхнікі ёсць свае недахопы. «Але мы вам удзячныя за тое, што вы ацанілі нашу тэхніку і лічыце яе адной з прымальных па цане і якасці для вашай вобласці. Мы гатовы прапанаваць індывідуальныя фінансавыя праграмы для Валагодчыны і прадугледзець сэрвіснае абслугоўванне ўсёй той тэхнікі, якая будзе працаваць у вас», — прапанаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэта нават не павінна абмяркоўвацца: неабходна хаця б асноўнае сэрвіснае абслугоўванне тэхнікі, якая пастаўляецца на экспарт. І важна, каб былі людзі, якія будуць займацца сэрвісам.
Наступны кірунак — трактарабудаванне. «Трактар вельмі любімы ў вашай вобласці і ў Расіі ў цэлым. Выпускаюцца, як мяне інфармуюць, каля 10 мадыфікацый і прыкладна столькі ж спецмашын на базе нашых трактароў. Мы гатовыя да пашырэння гэтай лінейкі і зацікаўлены ў развіцці сумесных вытворчасцяў трактароў па ўсіх гэтых мадэлях», — адзначыў беларускі лідар.
Валагодчына, як і ўся Расія, і постсавецкая прастора, і Беларусь, зацікаўленая ў пастаўках ліфтаў, таму што адбываецца іх масавая замена ў дамах яшчэ савецкай забудовы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова працаваць разам з Валагодчынай у гэтым кірунку. І прапанаваў узяць за ўзор досвед супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам.
«Па харчаванні. Калі вам патрэбныя нейкія аб’ёмы харчавання. Я ведаю, што вы і так паспяховыя ў гэтых адносінах, але ўсё ж вобласць адносна паўночная, магчыма, нейкія прадукты харчавання патрэбныя. Вы скажыце — мы гатовы з вамі супрацоўнічаць», — пазначыў беларускі лідар.
Наступны кірунак — будаўніцтва. «Нашы магчымасці вы ведаеце. Мы гатовы працаваць з вамі не толькі ў галіне будаўніцтва, але і аздобных работ, і перш за ўсё аказваць праектныя паслугі. У нас вельмі магутны сектар, які займаецца праектаваннем і прамысловых прадпрыемстваў, і грамадскіх будынкаў, і жылля. Калі будзе ў вас неабходнасць, мы гатовы з вамі ў гэтым кірунку працаваць», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт вылучыў і гуманітарнае супрацоўніцтва. «Вы як руская сапраўдная глыбінка адданыя нашым каштоўнасцям, агульным каштоўнасцям. Вы шмат робіце, каб абараніць нашу гістарычную памяць. Вы ведаеце нашу палітыку ў Беларусі — мы не зносім помнікі, мы іх узводзім», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы прыняць людзей, якія хочуць наведаць нашы мемарыяльныя комплексы і азнаёміцца з беларускай гісторыяй. «Мы вам вельмі ўдзячныя за тое, што ў Чарапаўцы (я ведаю, што гэта была ваша ініцыятыва) адкрылі выпускнікам Лепельскага і Чарапавецкага ваенных вучылішчаў помнік. Гэта вельмі важна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кірункаў, традыцыйных і тыповых для супрацоўніцтва Беларусі і рэгіёнаў Расіі, мноства. «Мы гатовыя іх разглядаць, і вельмі хацелася б, каб яны былі адлюстраваны ў сумесным дакуменце, які, як я разумею, вы гатовы падпісаць з урадам Беларусі. Мы будзем рабіць усё, каб рэалізаваць нашы дамоўленасці. Дзякуй вам і вашым калегам, што прыехалі да нас. Калі мы будзем актыўнічаць у гэтым кірунку, то пераадолеем усякія складанасці і цяжкасці, у тым ліку і санкцыйнага характару», — падкрэсліў ён.