Футурыстычныя пагрозы захопу робатамі планеты калі і маюць падставы, то ў вельмі аддаленай і сумнеўнай перспектыве. Але машынныя алгарытмы апаноўваюць Інтэрнэт, які ў апошнія дзесяцігоддзі стаў, мабыць, асноўнай крыніцай інфармацыі. Боты і іншыя аўтаматызаваныя сістэмы генерыруюць кантэнт, пакідаюць каментарыі, вядуць перапіску і здзяйсняюць іншыя дзеянні, падмяняючы жывых людзей. І лічбавая прастора перастае з’яўляцца люстэркам, у якім адлюстроўваюцца афлайнавыя падзеі, а ператвараецца ў паралельны віртуальны свет, усё далей адрываецца ад рэальнасці з яе аб’ектыўнымі зыходнымі данымі. І гэта ўжо тоіць у сабе пэўную пагрозу, бо сфарміраваная машыннымі алгарытмамі інфармацыя з’яўляецца не заўсёды, мякка кажучы, дакладнай, верыфікаванай і прыдатнай для практычнага прымянення.
У навукова-экспертным асяроддзі нават з’явілася тэорыя «мёртвага Інтэрнэту». Гэта стан інфармацыйнай прасторы, дзе пераважаюць машынныя алгарытмы — ствараюць кантэнт, яго прасоўваюць, вядуць дыскусію, рассылаюць навіны і выконваюць самыя разнастайныя іншыя дзеянні. Урэшце, інфармацыйныя робаты пачынаюць камунікаваць і ўзаемадзейнічаць паміж сабой. Гэта не стварае прамой пагрозы фізічнаму існаванню чалавецтва, але робіць ўплыў людзей нікчэмным у інтэрнэт-прасторы. Усе згаджаюцца: гэты працэс ужо пачаўся. Але пра тэрміны змярцвення Інтэрнэту разгараецца дыскусія.
Некаторыя справаздачы прасякнуты песімізмам, сцвярджаючы: людзі ўжо ў значнай ступені згубілі дамінаванне ў інфармацыйнай прасторы. У прыватнасці, адна з найбуйнейшых кампаній у галіне кібербяспекі Imperva ў сваіх справаздачах сцвярджае: аўтаматызаваны трафік у сетцы перавысіў чалавечы ўжо ў 2024 годзе і дасягнуў 51 %. Прычым траціна машыннай інфармацыі (37 %) прыйшлася на так званых шкоднасных ботаў, якія імітуюць паводзіны рэальных карыстальнікаў. Маскіруюцца пад карыстальнікаў з рознымі мэтамі: публікацыяй спаму, збору персанальных даных, маніпуляцыі трэндамі, распаўсюджанні дэзынфармацыі і іншых зусім непрыстойных мэт.

У такой пазіцыі існуе нямала апанентаў, якія сцвярджаюць: так, інфармацыйная прастора ўсё больш засмечваецца. Але ў генерацыі кантэнту і сеткавай актыўнасці пакуль надзейна пераважаюць людзі. Машынныя алгарытмы ўсё часцей выкарыстоўваюцца, але імі карыстаецца адносна абмежаваная група людзей, хоць і вельмі шматлікая, каб уносіць адчувальныя шумы ў інфармацыйную прастору.
У нейкай ступені рознагалоссі зразумелыя і вытлумачальныя. Адна з ключавых супярэчнасцяў, з якой сутыкаюцца даследчыкі Інтэрнэту, — адсутнасць уніфікаванай тэрміналогіі. У інфармацыйнай прасторы дзейнасць чалавека і аўтаматызаваных дадаткаў настолькі пераплялася, што ўжо складана падзяліць арыгінальны кантэнт, створаны людзьмі, і машынныя творы. Многія карыстальнікі сёння выкарыстоўваюць машынныя алгарытмы. У тым ліку і модныя цяпер вялікія генератыўныя сеткі. І гэта цалкам нармальна і лагічна. Электронныя сістэмы, уласна кажучы, і ствараліся, каб палягчаць працу чалавека. Але застаецца пытанне, хто з’яўляецца дамінуючым у стварэнні інфармацыі: машына або чалавек? Хто галоўны ў гэтым сімбіёзе? Творчая асоба выкарыстоўвае электронныя дадаткі і магчымасці, ускладаючы на іх руцінную працу, або аўтаматызаваныя сістэмы ствараюць паведамленні? Так, алгарытмы пішуць людзі, праграмы пішуць людзі. Але праграмы, калі перад імі пастаўлена задача, могуць жыць асобным жыццём, практычна без удзелу чалавека. І ўжо не дапамагаюць, а падмяняюць яго. Так ці інакш, але правесці сепарацыю паміж кантэнтам, створаным непасрэдна чалавекам, і цалкам машынай, вельмі праблематычна.

Зрэшты, так ці інакш, але відавочна: лічбавая генерацыя інфармацыі пашыраецца, паглыбляецца і рана ці позна стане дамінуючай. У нейкай ступені «смерць» Інтэрнэту наканаваная. Як сказаў бы Міхаіл Булгакаў, праблема ў тым, што скон можа наступіць зусім нечакана. Тэхналогіі развіваюцца хутка, пункты іх прымянення не заўсёды відавочныя, таму наступствы, часцяком, непрадказальныя. Аднак змярцвенне Інтэрнэту — адзін з рэальных цывілізацыйных выклікаў. Калі яно адбудзецца, то чалавецтва пазбавіцца ключавой крыніцы інфармацыі. Прынамсі, дакладнай інфармацыі. Гэтая праблема прысутнічала, уласна кажучы, практычна з дня з’яўлення сеткі ў агульным карыстанні. Як ні парадаксальна, але надзейнай сістэмы верыфікацыі так і не было створана. Як уяўляецца, гэта вельмі важнае пытанне. Вядома, аптымальным з’яўляецца яго вырашэнне на сусветным узроўні, з шырокай дыскусіяй і ўніфікацыяй правіл, кантролем за іх выкананнем. Але ў такі варыянт развіцця падзей пры цяперашнім узроўні канфрантацыі верыцца з цяжкасцю. Таму варта задумацца аб гэтай праблеме ў нацыянальным маштабе. Некаторыя прапануюць абавязаць маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам. Як бачыцца, лагічней будзе выглядаць добраахвотная сістэма верыфікацыі карыстальнікаў, сістэма пацвярджэння прыналежнасці карыстальніка да роду чалавечага, а не машыннага. І ўжо карыстальнік будзе выбіраць: карыстацца яму рэсурсамі, створанымі людзьмі, або тымі, што фарміруюць боты. Так, аўтары кантэнту могуць выкарыстоўваць розныя электронныя сродкі пры яго стварэнні. Але справа нават не ў тым, хто згенерыраваў кантэнт, а хто бярэ на сябе яго аўтарства з усімі юрыдычнымі наступствамі. А наяўнасць апошніх павышае добрасумленнасць стваральнікаў інфармацыі і яе якасць і дакладнасць.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ