Top.Mail.Ru
315

Масляк: Пошук і асваенне вуглевадародаў — адна з ключавых задач для геалагічнай галіны Беларусі

У чым маюць поспех айчынныя нафтавікі, расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк падчас навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай абмену вопытам работы з цяжказдабыўнымі запасамі нафты, перадае БелТА.


Гістарычна геолагаразведачныя работы ў Прыпяцкім прагіне былі арыентаваны на пошук буйных традыцыйных пакладаў нафты ў карбанатных пародах. Сёння ж, паводле слоў кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, перад беларускімі прафесіяналамі стаіць задача перайсці да больш глыбокага разумення геалагічнай будовы рэгіёну, выявіць новыя перспектыўныя аб’екты і ацаніць патэнцыял цяжказдабыўных запасаў, якія могуць стаць асновай для далейшага развіцця нафтагазавай галіны.

«Тэма канферэнцыі невыпадковая. Традыцыйныя радовішчы паступова высільваюцца, а сусветная эканоміка па-ранейшаму залежыць ад вуглевадародаў. Гэта прымушае нас шукаць адказы на выклікі, звязаныя з распрацоўкай цяжказдабыўных запасаў. Але менавіта тут крыецца вялікі патэнцыял, здольны забяспечыць энергетычную стабільнасць на дзесяцігоддзі наперад, — лічыць міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Не трэба забываць і экалагічныя аспекты, бо важна не толькі здабываць, але і рабіць гэта экалагічна, мінімізуючы ўздзеянне на прыроду і клімат».

Для вырашэння такіх задач неабходны намаганні ўсіх зацікаўленых унутры краіны, а таксама ўзаемадзеянне са спецыялістамі на міжнароднай арэне. Сяргей Масляк зрабіў акцэнт на тым, што айчынным спецыялістам ёсць што прадставіць калегам за мяжой у частцы выкарыстання сучасных тэхналогій — ад лічбавага мадэлявання пластоў да інавацыйных метадаў павелічэння нафтааддачы. 

«Упэўнены, што ўдзел нашых расійскіх і кітайскіх калег і прадстаўленне іх напрацовак будуць толькі садзейнічаць развіццю сумесных праектаў у даследаванні важнай для ўсіх тэмы цяжказдабыўных запасаў нафты. У канчатковым выніку агульныя намаганні дазволяць ператварыць „цяжкія“ запасы ў рэсурс будучыні», — сказаў на заканчэнне кіраўнік Мінпрыроды. 

Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» з 21 па 23 мая праводзіць маштабную міжнародную канферэнцыю «Цяжкія, але здабыўныя запасы нафты: ад ацэнкі да распрацоўкі». Арганізатарам паступіла больш за 150 заявак ад дзяржаўных і прыватных кампаній, профільных ведамстваў Беларусі, Расіі і Кітая. Форум стаў платформай для абмену вопытам прафесіяналаў нафтагазавай галіны, дэманстрацыі перадавых распрацовак і пошуку рашэнняў у галіне працы з цяжказдабыўнымі запасамі нафты.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю