З плёнам творчасці мастака Антона Цыбізава можна пазнаёміцца сёння ў галерэі «Арт-Фабрыка» — у адной з яе зал працуе выстаўка графікі аўтара «Prima manus» (з першых рук), што будзе дзейнічаць да 5 чэрвеня.
Антон Цыбізаў, які, між іншым, з’яўляецца майстрам мастацкай татуіроўкі і займаецца афармленнем інтэр’ераў, вядомы ў якасці аўтара, зацікаўленага ў пераасэнсаванні сюжэтаў і матываў перыяду Антычнасці. Яе культурныя здабыткі ён успрымае не толькі як апірышча ў творчасці, але і як шлях да стварэння новай прасторы, дзе ўладараць свае законы і ўстаноўлены пэўныя традыцыі. Гэты цалкам ізаляваны ад усяго жывога свет не ўспрымаецца як зямны, няхай там існуюць пазнавальныя і не вельмі героі, — з той прычыны, што чорна-белая графіка мастака выяўляе толькі вынікі яго меркаванняў і роздумаў, прысвечаных абстрактным паняццям, а не само жыццё ці, напрыклад, выбраныя яго сюжэты, нават не ўяўленні аб іх. Месцамі графіку ўдаецца перадаць асаблівую адрывачнасць светаўспрымання і пачуццяў асобы — нібыта апісваецца сон, што не можа падацца тлумачэнню.
З інструментаў аўтара — графітавы аловак, якому ўласцівы цвёрдасць грыфеля, што вызначае насычанасць і цемнату лініі, а таксама зручнасць выкарыстання. З яго дапамогай Антон Цыбізаў адлюстроўвае сваё бачанне святла і ценю ў графіцы, эксперыментуе з аб’ёмам і перспектывай. Аднак галоўнае, што інтрыгуе ў яго творчасці, — ідэйны складнік. Мастак не імкнецца расшыфраваць сэнс сваіх работ, не спяшаецца адказаць на пытанні, якія нібыта ўзнікаюць і ў яго самога падчас працы, і ў гледача, калі той знаёміцца з яе вынікам, — Антон Цыбізаў запрашае да дыялогу, які павінен узнікнуць на аснове прапанаванага ім разважання на тэму... Тым часам глеба, на якой грунтуюцца такія роздумы, даволі хісткая — ці зручна будзе на ёй гледачу? Ці знойдзецца таму, што адказаць?.. Дапамагчы адказаць на гэтыя пытанні можа кніга водгукаў наведвальнікаў выстаўкі. Госці экспазіцыі падкрэсліваюць увагу аўтара да класічных матываў, тэхніку — найперш дэталізацыю як адзін з асноўных метадаў, мяркуюць і пра адасобленасць мастака ад штодзённасці. Што датычыцца пачуццяў, то, натуральна, многія дзякуюць Антону Цыбізаву за натхненне, а яшчэ — за дзіўнае адчуванне спакою, за ўпэўненасць, што ўсё ў жыцці ідзе сваім парадкам... Тым часам шэраг запісаў сведчыць пра тое, што некаторыя гледачы ўлавілі скрытыя сэнсы работ, засяродзіліся на мудрагелістасці сюжэтаў, ацанілі філасофію майстра, аднак больш глыбокія развагі можа даць толькі гутарка з сузіральнікам, гатовым да разважанняў і абмеркаванняў. Да гэтага працэсу мастак падштурхоўвае і тым, што не дае работам назвы.
Характэрная рыса твораў графіка — фрагментарнасць, яна перадаецца праз штосьці накшталт калажу. Гэты прыём дае мастаку безліч варыянтаў для ўвасаблення задум. Пераасэнсаваць вобраз Атланта? Калі ласка. Адлюстраваць магутнасць, сілу і ўладу праз супрацьпастаўленне прыроды і створанага чалавекам? Проста. Паказаць крохкасць чалавечага жыцця, дэманструючы вынікі роздумаў аб волі багоў? І да гэтай тэмы аўтар падыходзіць без цырымоніі. Выявіць стаўленне да старажытных архітэктурных помнікаў? Антон Цыбізаў робіць гэта з асаблівай радасцю. Аб’ядноўвае работы лаканізм апісанняў — сцісласць формы. У свеце, поўным празмернасці, гэтая характарыстыка ўспрымаецца большасцю выключна станоўча, аднак толькі калі суправаджаецца ідэйнай змястоўнасцю. Менавіта імкненне да ажыццяўлення той ці іншай ідэі вызначальнае і рухае не толькі мастаком, але і яго героямі, якія тысячагоддзямі пакутуюць над уласнымі новымі стварэннямі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара