Top.Mail.Ru

Пра сакрэт «аліўе» і тое, як не патраціць на гатаванне ўвесь дзень

Кожнае 31 снежня нехта ідзе ў лазню, а мы рэжам тазік «аліўе» і прыкладна столькі ж «селядца пад футрам». Гэта галоўныя навагоднія салаты, і яны павінны быць дасканалымі, ідэальнымі і проста вельмі смачнымі. Пажадана, кожны год рознымі, але ў той жа час — вядомымі і звыклымі. Аднак будзем шчырымі: штосьці ў традыцыях навагодняй гатоўкі мяняецца. Сённяшнія гаспадыні не жадаюць з раніцы і да бою курантаў шчыраваць на кухні, і тут на выручку прыходзяць розныя памочнікі. Дык як жа зрабіць святочны стол з класічнымі стравамі смачным і неардынарным? Пра сакрэт «аліўе» і тое, як не патраціць на гатаванне ўвесь дзень, расказалі эксперты.


Галоўныя трэнды

Як адзначае прафесійны шэф-кухар, аўтар і вядучы кулінарнага шоу «Смачна есці» на тэлеканале «Беларусь 2» Арцём РАКЕЦКІ, навагоднія трэнды з года ў год адны і тыя ж — класічныя салаты «аліўе» і «селядзец пад футрам», але штогод — у новай інтэрпрэтацыі.

— Калі гатуем «аліўе», можна замяніць пэўныя прадукты, напрыклад, замест мяса кураня дадаць індычку. І самы важны момант: у навагодніх салатах агародніну я заўсёды запякаю на солі. За кошт гэтага яна захоўвае ўсе свае карысныя ўласцівасці, пры гэтым у яе выдатны смак, — дзеліцца шэф-кухар.

Што да парад па здаровым харчаванні, то ўсімі любімы маянэз можна замяніць соусам ці запраўкай з ёгуртам. Напрыклад, ёгурт добра спалучаецца амаль ва ўсіх запраўках. Таксама ў аснове запраўкі для салатаў можна выкарыстоўваць нятлустую смятану.

Хутка, смачна, па-беларуску

Класічны набор з салатаў «аліўе», крабавага і «селядца пад футрам» будзе ў папулярнага беларускага фуд-блогера Паўла КРАМАРА. Аднак ён звяртае ўвагу, што каб стол ламіўся, неабавязкова праводзіць увесь дзень каля пліты.

— Штогод нашы харчовыя вытворцы не перастаюць здзіўляць і тым самым палягчаюць нам жыццё. Зусім нядаўна з’явіліся гатовыя наборы для салатаў. Цяпер класічныя «селядзец пад футрам» ці «аліўе» можна ўзяць у магазіне ў скрынцы, дзе ўсё зварана і парэзана. А для арыгінальнасці вараную каўбасу замяніць індычкай. Сёлета Мінскі маргарынавы завод выпусціў маянэз з дабаўленнем труфеля — у вас атрымаецца класічны «аліўе», але ў цікавай інтэрпрэтацыі, — дзеліцца фуд-блогер.

Ён звяртае ўвагу, што ў магазінах з’явілася і шмат паўфабрыкатаў для запякання. Іх робяць многія беларускія вытворцы.

— У продажы ёсць фантастычныя навагоднія стравы, якія неабавязкова заказваць у рэстаране па высокай цане, а можна набыць у магазіне і самастойна запекчы. Гэта і ростбіф, і кураня, і нават фазан. Дзякуючы навінкам вытворчасці наш навагодні стол штогод становіцца разнастайным, а яго падрыхтоўка — больш простай. І таму цяпер не трэба, як раней, пачынаць гатаваць раніцай 31 снежня і займацца гэтым цэлы дзень, — адзначае Павел Крамар.

Можна заказаць стравы ва ўстановах харчавання, напрыклад, такую складаную, як фаршыраваная качка, якую мала хто адважыцца гатаваць дома.
— А на маім навагоднім стале яна будзе са шпінатнымі блінамі і курагой — шыкоўная страва, якая лёгка засвойваецца. Увогуле ў маёй сям’і класічны стол: «селядзец пад футрам», «аліўе», крабавая салата, абавязкова гарачае і газіроўка, — дзеліцца суразмоўца.


Самы сок!

Што датычыцца напояў, то, бадай, ніводзін навагодні стол не абыходзіцца сёння і без сокавай прадукцыі. Паліцы магазінаў прапануюць шырокі асартымент. Пра яе адметнасці і як зрабіць правільны выбар, расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Наталля КАМАРОВА. Нягледзячы на тое, што на ўсіх упакоўках яркія выявы садавіны, звяртаць увагу рэкамендуецца не на іх, а на надпісы, якія часта знаходзяцца не на самых заўважных месцах.

Максімальна натуральны прадукт — сокі. Яны ўтрымліваюць толькі фруктовы цукар, у іх не дапускаецца дабаўленне кансервантаў, фарбавальнікаў, падсалоджвальнікаў, араматызатараў. Другі прадукт гэтай катэгорыі — нектары. У іх утрыманне натуральнага соку складае ад 20 да 50 %, астатняе — лёгкі сіроп (вада і цукар), таксама можа дадавацца лімонная кіслата. У нектарах таксама не дапускаецца дабаўленне кансервантаў, фарбавальнікаў, падсалоджвальнікаў і араматызатараў, але ў лепшым выпадку гэта толькі напалову сок.
У трэцім відзе — сокаўтрымліваючых напоях або морсах соку яшчэ менш — ад 5 да 15 % у залежнасці ад віду фруктаў. Гэта самы ненатуральны прадукт з гэтай групы. У іх могуць прысутнічаць араматызатары, падсалоджвальнікі і, вядома, цукар. Таму, каб правільна выбраць напой, варта ўважліва чытаць маркіроўку.

Дарэчы, беларускія навукоўцы распрацоўваюць не толькі смачныя, але і карысныя для здароўя напоі. Сёлета НПЦ па харчаванні скончыў работу над тэхналогіяй вытворчасці пекцінутрымліваючай кансерваванай прадукцыі. Гэта лінейка нектараў з мякаццю, а таксама фруктовыя пюрэ і дэсерты, узбагачаныя пекцінам. Яны прызначаны як для масавага ўжывання, так і для ўжывання работнікамі, звязанымі са шкоднымі ўмовамі вытворчасці ў якасці прафілактыкі і зніжэння рызыкі захворванняў за кошт ачышчэння арганізму ад цяжкіх металаў і радыенуклідаў. Утрыманне вугляводаў у гэтай прадукцыі зніжана да 20 %, а ўтрыманне пекцінавых рэчываў складае да 1,5 %.

Калі ўсе разам

Што ж датычыцца таго, як не сапсаваць самаадчуванне на наступныя дні за багатым навагоднім сталом, тут парада адна — захоўваць стрыманасць. І памятаць пра лёгкія стравы з агародніны.

— У традыцыях беларусаў тое, што цяпер прынята называць ферментаванай агароднінай — квашаная капуста, яблычкі. У свеце пра іх сёння гавораць як пра ноу-хау, а на стале ж беларусаў яны абавязкова былі яшчэ стагоддзі таму, — адзначае дацэнт кафедры педыятрыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя Ірына НЕНАРТОВІЧ.

Ну і бадай галоўная парада — сустрэць Новы год са сваімі блізкімі, бо ў беларускай традыцыі галоўнае зімовае свята — гэта не пра банкетаванне, а пра ўсю сям’ю разам.

Алена КРАВЕЦ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю