Top.Mail.Ru

Мастацтва галаграфіі: выстаўка, якая аб’ядноўвае навуку і мастацтва

Калі надакучылі традыцыйны жывапіс і класічная фатаграфія, мастацкая галерэя «Высокае мѣста» запрашае на ўнікальны праект «Мастацтва галаграфіі», дзе можна пазнаёміцца з цікавай гісторыяй развіцця і замацавання гэтай тэхналогіі стварэння аб’ёмных выяў на тэрыторыі Беларусі. 


Галаграфія — спосаб атрымання аб’ёмных выяў людзей і прадметаў на фотапласцінцы пры дапамозе кагерэнтнага выпраменьвання лазера. У адрозненне ад звычайнага фотаздымка, які рэгіструе і перадае толькі размеркаванне інтэнсіўнасці светлавой хвалі, галаграма дазваляе фіксаваць і фазу хвалі. Дзіўна, што сама галаграма ў таўшчыню меншая за 0,01 мм, а адноўленая ёю выява мае памеры рэальнага аб’екта, што стварае сапраўдны эфект прысутнасці.

У Беларусі адзіным стваральнікам мастацкіх галаграм з’яўляецца навукова-вытворчае прадпрыемства «Магія святла», заснаванае ў 1988 годзе беларускім навукоўцам з сусветным імем доктарам фізіка-матэматычных навук Леанідам Таніным.

На выстаўцы «Мастацтва галаграфіі» дэманструецца калекцыя рэдкіх мастацкіх галаграм — дакладных выяў культурных каштоўнасцей, артэфактаў, рарытэтаў, якія былі перададзены музеямі ў мастацкую лабараторыю лазернай оптыкі для стварэння аптычных выяў. Тут можна ўбачыць сапраўдныя беларускія рэліквіі ХІV—XVI стагоддзяў — пояс Вітаўта і шведскі кубак 1693 г., які з’яўляецца часткай Мінскага скарбу (быў знойдзены 4 жніўня 1988 года на тэрыторыі сучаснага сквера імя Міцкевіча падчас пракладкі цеплатрасы), іншыя ўнікальныя прадметы мінулага.

Экспазіцыю можна падзяліць на тры тэматычныя зоны: першая знаёміць з самымі вядомымі культурнымі каштоўнасцямі і апошнімі тэхналагічнымі дасягненнямі нашай краіны, другая частка прысвечана рэлі-гійным артэфактам, трэцяя адлюстроўвае багацце і разнастайнасць беларускай флоры і фаўны, а таксама знаёміць з такім незвычайным відам мастацтва, як арт-галаграфія.

Увазе наведвальнікаў прапаноўваюцца галаграфічныя выявы вядомых гістарычных каштоўнасцей, археалагічных знаходак і тэхнічных распрацовак апошніх дзесяцігоддзяў. Тут можна ўбачыць Новы запавет і Псалтыр, які быў выдадзены ў 1652 годзе ў друкарні Куцеінскага Богаяўленскага манастыра. Майстэрня заснавана асветнікам і друкаром Спірыдонам Собалем у 1630–1631 гг. і доўгі час з’яўлялася цэнтрам беларускага кірылічнага друкарства. Таксама ў экспазіцыі дэманструецца галаграфія «Другой кнігі Царстваў» Францыска Скарыны, выдадзенай у Празе ў 1518 годзе.

Аматараў археалагічных даследаванняў зацікавіць галаграфічная серыя «Скарбы зямлі беларускай», дзе прадстаўлены самыя цікавыя знаходкі апошніх дзесяцігоддзяў. Наведвальнікі змогуць убачыць у галаграфічным адлюстраванні збор беларускіх Багародзічных абразоў і Напрастольных крыжоў, сярод іх — Жыровіцкі абраз Божай Маці, абраз Божай Маці Юравіцкай, Крыж Ефрасінні Полацкай.

Цікавасць выклікае і разнастайнасць метадаў стварэння галаграмы: манахромныя і каляровыя, аналагавыя і лічбавыя, анімацыйныя і інш. Для тых, хто натхніцца гэтым незвычайным відам мастацтва, у экспазіцыі дэманструецца мабільная ўстаноўка для запісу галаграм.

Выстаўка працуе да 20 ліпеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю