Top.Mail.Ru

Матрона Маркевіч была простай сялянкай, але вышыты ёй арнамент аздабляе Дзяржаўны сцяг Беларусі

Знакі сонца, вечнасці і руху

Унучка Матроны Маркевіч жыхарка г. Сянно Дзіна КАЦАР падзялілася з карэспандэнтам «Звязды» ўспамінамі пра драматычны і высакародны лёс сваіх продкаў. Яна не раз чула гэтыя расказы ад сваёй маці, сёння 102-гадовай Зінаіды Пашкевіч, якая жыве на Міншчыне. Дзіна Кацар знайшла і дакументальнае пацверджанне многім фактам.

У дачным доміку на Чашніччыне яна вядзе летапіс сям’і і падтрымлівае атмасферу мінулага. Тут у яе шмат фотаздымкаў родных, тэматычныя кнігі і артыкулы, копіі дакументаў, аўтэнтычныя даматканыя посцілкі, вышыванкі, лавы і ложкі — усё так, як магло быць даўней. Частку каштоўных экспанатаў яна перадала ў Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Сястра

...У вялікай сям’і сялян Кацараў (дзявочае прозвішча Матроны Маркевіч) з вёскі Клімавічы Сенненскага раёна ўсіх семярых дзяцей з маленства прывучалі да працы. Аднойчы маці Феадосія Аляксандраўна пасадзіла побач з сабой дачку Матрону: «Ты становішся дарослай, час рыхтаваць пасаг. Я навучу цябе вырабляць узор, якому мяне навучыла твая бабуля, а яе — прабабуля. Гэты арнамент перадаецца ў нашай сям’і па жаночай лініі са спрадвечных часоў».

Дачка ўжо ўмела добра прасці, вязаць, ткаць, вышываць. За сакральную працу прынялася з глыбокім пачуццём: чырвонай ніткай па белым даматканым палатне будучага ручніка-ўціральніка вышывала свае надзеі на шчасце. У цэнтры размяшчала ромб — сімвал узыходзячага сонца, ад якога адводзіла «рогі». Маці тлумачыла, што гэта знакі вечнасці, руху. Людзі павінны нястомна працаваць, мець светлыя думкі і моцную веру. Тады іх насенне дасць добры плён, прынясе багацце і дабрабыт.

Брат

У простай, але прагрэсіўнай сям’і Кацараў удзялялі ўвагу не толькі выхаванню ў дзяцей працавітасці, але і іх адукацыі, інтэлектуальнаму развіццю. Так, малодшы брат Матроны Міхаіл вучыўся ў земскай школе, служыў у Чырвонай Арміі.


Вялізны ўплыў на выбар яго будучай прафесіі аказаў беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, фалькларыст, дзеяч нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя Максім Гарэцкі. У 1925 годзе ён пэўны час жыў у сям’і Кацараў на Сенненшчыне і захоплена вывучаў мясцовы фальклор. Важнасць гэтай справы ўсвядоміў і юны Міхаіл, які рушыў услед за настаўнікам: на працягу многіх гадоў, аж да 1941-га, ён ездзіў у экспедыцыі, замалёўваў узоры ткацтва, вышывак, вязання майстрых. Так у яго скарбонцы і аказаліся арнаменты старэйшай сястры.

Міхаіл Кацар скончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, працаваў у Траццякоўскай галерэі.

Муж

...Як толькі Аляксей Маркевіч з суседняй вёскі Касцелішча ўбачыў на вяселлі ў агульных знаёмых высокую прыгажуню Матрону з вянком з багатых кос на галаве, то зразумеў: гэта яго лёс! З заручынамі не цягнуў — ужо праз два тыдні заслаў сватоў. Дзяўчына прыняла прапанову працавітага прыстойнага хлопца з добрай, як і ў яе, сялянскай сям’і. Жылі душа ў душу: дыхтоўны дом, моцная гаспадарка, здаровыя дзеці, павага і цёплыя адносіны.

У 1932 годзе муж, які не пажадаў уступіць у калгас, быў асуджаны на год пазбаўлення волі. Аднак меркавання свайго не змяніў, і 10 кастрычніка 1937 года яго рэпрэсіравалі як кулака-адзінаасобніка. Маёмасць, уключаючы трох коней, пяцярых кароў і 15 дзесяцін зямлі, была канфіскавана. Вынеслі і хатнія пажыткі, якія ён майстраваў сваімі рукамі: кажухі, валёнкі, чамаданы, а заадно і рукадзелле Матроны.

Засталіся ёй голыя сцены, шасцёра дзяцей ды горкая карціна, як выводзяць прывязанага да сядла Аляксея — назаўсёды. Яго расстралялі ў лістападзе таго ж года ў Оршы. Рэабілітавалі ў кастрычніку 1989-га.

З голаду памёр сын Матроны — немаўля Сцёпачка, пазней ад тыфу —маленькая дачушка Лідачка. Каб выжыць і паставіць на ногі астатніх дзяцей, Матрона працавала ў калгасе, на лесапавале нароўні з мужчынамі, да крывавых мазалёў, выбіваючыся з сіл, раней часу старэючы.

Партызанская пякарня

Сенненшчына была акупіравана ў ліпені 1941-га. На родную зямлю прыйшла сапраўдная бяда. Старэйшую дачку Аляксандру фашысты забралі на прымусовыя работы. Калі і была ў душы Матроны крыўда на савецкую ўладу, яна зрабіла свой маральны выбар, не здрадзіла Айчыне і землякам.

Дом Матроны Маркевіч стаў партызанскай пякарняй. Яна вырабляла хлеб для народных мсціўцаў. Дзеці, Зінаіда і Аркадзь, насілі ім у лес той хлеб і малако.

Аднойчы ў ціхае Касцелішча наляцелі немцы і паліцаі, расправіліся з суседскай сям’ёй. Маркевічаў таксама вывелі да глухой сцяны іх дома і аб’явілі, што за сувязь з партызанамі яны прыгавораны да расстрэлу. «Мама не крычала, не галасіла, не выпрошвала літасці. Толькі прыхінула нас з братам да сябе, схавала нашы галовы ў сябе на грудзях. І калені ў яе дрыжалі дробна-дробна», — расказвала дачцэ Дзіне яе маці.

Немцы і паліцаі ўжо ўскідвалі зброю, калі з недалёкага хмызняку пачуліся стрэлы. Гэта адзін з партызанаў, які стаў выпадковым сведкам расправы, не стрымаўся і паспрабаваў дапамагчы. Ад нечаканасці каты кінуліся ў сховішча, а Матрона з дзецьмі — ад іх, у хмызняк і далей у лес. Пазней хаваліся ў сваякоў у Чашніцкім раёне.

Кросны ў зямлянцы

Калі Маркевічы вярнуліся пасля вызвалення Сенненшчыны дадому, аказалася, што Касцелішча — усе 12 хат — фашысты дашчэнту спалілі ў сакавіку 1944-га. Маці з дзецьмі пабудавала зямлянку. Нават у такім жытле ў яе стаялі кросны — яна ткала. Жылі бедна, нестарая яшчэ Матрона пакутавала ад хваробы нырак.

Толькі ў 1957 годзе яна стала атрымліваць пенсію з нагоды страты старэйшага сына Міхаіла. Вясной 1941-га яго, калгаснага малатабойца, прызвалі на тэрміновую службу ў армію, а ў жніўні 1944-га ён прапаў без вестак.

Выжыў, каб уславіць

Восенню 1941 года палітрук 525-га супрацьтанкавага артылерыйскага палка Міхаіл Кацар (брат Матроны) стаяў на абароне Масквы. Быў цяжка паранены ў Кліне, яго выратавалі мясцовыя жыхары, і калі ў выніку контратакі горад быў адбіты, перадалі ў шпіталь. Лячэнне цягнулася доўгія сем месяцаў, да страявой службы палітрука прызналі непрыдатным.

Пасля вызвалення Мінска ў складзе спецыяльнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды навуковец удзельнічаў у раскопках масавых пахаванняў, у тым ліку ў Трасцянцы, фіксаваў маштабы разбурэння помнікаў архітэктуры, у прыватнасці на Віцебшчыне.


Галоўным вынікам усіх даследаванняў і жыцця доктара мастацтвазнаўства, прафесара Міхаіла Кацара яго нявестка Дзіна Кацар лічыць кнігу «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка». У ёй вучоны расшыфраваў глыбінныя коды беларусаў і падкрэсліў, што тонкія работы многіх майстрых можна прыраўняць да твораў мастацтва.

Хоць брат і сястра, Міхаіл Кацар і Матрона Маркевіч, пасля арышту ў 1937-м яе мужа Аляксея не мелі стасункаў да канца дзён, Міхаіл паспрыяў таму, каб арнамент Матроны «Узыходзячае сонца» ўпрыгожыў Дзяржаўны сцяг Беларусі.

Код шчасця

Калі ў 1951 годзе Вярхоўны Савет БССР даручыў Акадэміі навук стварыць эскіз Дзяржаўнага сцяга рэспублікі, у яго хацелі ўнесці элемент, які б падкрэсліваў самабытнасць і менталітэт нашага народа. Загадчык кафедры этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Міхаіл Кацар унёс арыгінальную прапанову: на сцягу павінен з’явіцца арнамент. 

Гэта не проста дэкаратыўны элемент: у ім зашыфраваны векавыя традыцыі, пасланні і знакі. Пачалася вялікая даследчая работа. Вучоныя разглядалі старыя гербоўнікі, фонды музеяў. Спыніліся на атрыманым у ходзе этнаграфічнай экспедыцыі эскізе арнаментальнага ўзору «Узыходзячае сонца», вышытым Матронай Маркевіч. На яго падставе падрыхтавалі праект для сцяга, які быў калегіяльна зацверджаны ў снежні 1951-га.

Дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 года стаў першым у сусветнай гісторыі дзяржаўным сцягам з нацыянальным арнаментам і паслужыў прыкладам для стварэння іншых падобных палотнішчаў. 

На рэспубліканскім рэферэндуме 1995 года больш за 75 % яго ўдзельнікаў прагаласавалі за чырвона-зялёны Дзяржаўны сцяг. У многім на такое рашэнне беларускага народа паўплывала тое, што перыяд 1951–1991 гадоў быў самым стваральным у гісторыі савецкай Беларусі.

Сучасны сцяг адпавядае узору сцяга БССР, з якога выдалены савецкія сімвалы — серп, молат і зорка. Колер арнаменту інвертаваны: цяпер ён адлюстроўваецца чырвоным на белым фоне замест белага на чырвоным.

Замест эпілога

Хоць самой Матроне Сяргееўне і яе блізкім было добра вядома, як выглядае Дзяржаўны сцяг БССР, яна і не здагадвалася, што менавіта яе арнамент упрыгожвае адзін з дзяржаўных сімвалаў рэспублікі. Падрабязнасці гісторыі яго стварэння сталі шырока вядомыя значна пазней дзякуючы намаганням ініцыятыўнай групы на чале з сенненскім краязнаўцам Васілём Банадарэвічам.

«Бабуля Матрона пайшла з жыцця 10 кастрычніка 1957 года, у тую ж дату, калі 20 гадоў таму арыштавалі яе мужа. Ёй быў 71 год, — расказала Дзіна Кацар. — Памятаю, што восень была дажджлівая, усё неба доўгі час было зацягнута хмарамі. Нечакана, калі мы развітваліся з ёй, скрозь гэту сырую імглу прабіліся сонечныя прамяні. Яны быццам лашчылі яе твар, гладзілі бялюткія валасы — дзякавалі за цяжкі, але сумленны жыццёвы шлях».


Матрона Маркевіч пахавана на могілках у Касцелішчы. Месца яе спачыну даглядае ўнучка, якая марыць знайсці спонсараў, каб устанавіць больш прыстойны помнік на магіле жанчыны, чыя творчасць стала сімвалам беларускай душы і адраджэння народа. Перажывае Дзіна Кацар і за тое, што на месцы меркаванага пакарання яе дзядулі Аляксея Маркевіча і іншых рэпрэсіраваных на Кабыляцкай гары ў Оршы няма памятнага знака.

Затое памятны знак «Родны край», адзін з элементаў якога — выява Дзяржаўнага сцяга Беларусі, — стаў культавым месцам у Сянне. Сюды, на алею знакамітых землякоў і герояў, сенненцы прыходзяць у самыя ўрачыстыя дні. Лёс кожнага з нас мудрагелістым арнаментам уплятаецца ў гісторыю нашай краіны.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота аўтара і з архіва Дзіны КАЦАР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю