«Аграэкатурызм-унікальная магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні, атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды, умацаваць здароўе і дакрануцца да самабытных традыцый беларускай вёскі. Беларускія аграэкасядзібы — не проста месцы для адпачынку, а сапраўдныя цэнтры прыцягнення для тых, хто шануе экалагічна чыстыя прадукты, актыўны адпачынак на прыродзе, душэўныя зносіны і магчымасць пагрузіцца ў атмасферу беларускай вёскі», — адзначылі ў Нацыянальным агенцтве па турызме.
У аграсядзібах можна паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах, пазнаёміцца з народнымі рамёствамі, прыняць удзел у традыцыйных абрадах і святах.
У месяц аграэкатурызму запланавана шырокая праграма мерапрыемстваў. У іх ліку прэс-канферэнцыі і інфармацыйныя сустрэчы для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця, абмену вопытам паміж прафесіяналамі галіны, анонсу новых праектаў і ініцыятыў.
Адбудуцца маніторынгі дзейнасці аграэкасядзіб. Спецыялісты правераць выкананне заканадаўства, адпаведнасць стандартам якасці і гатоўнасць да прыёму гасцей у летні сезон.
Акрамя таго, з 5 па 26 мая запланаваны дні адчыненых дзвярэй у аграэкасядзібах. Турысты змогуць наведаць розныя аграэкасядзібы, пазнаёміцца з іх асаблівасцямі, паспрабаваць мясцовыя дэлікатэсы і прыняць удзел у майстар-класах па народных рамёствах. Агратурыстычныя комплексы прэзентуюць свае магчымасці і на рэгіянальных святах, прысвечаных 9 Мая.
Будуць праведзены раённыя агляды-конкурсы на лепшую аграэкасядзібу і ўзнагароджванні лаўрэатаў. Прадугледжана арганізацыя анлайн-семінараў, круглых сталоў з растлумачэннем заканадаўства ў сферы аграэкатурызму, у тым ліку на пляцоўцы аблвыканкамаў.
«На 10 красавіка 2025 года найбольшая колькасць аграэкасядзіб зарэгістравана ў Мінскай (393), Брэсцкай (278) і Гродзенскай абласцях (276). Усяго ў Беларусі на дадзены момант дзейнічае 1368 аграэкасядзіб», — прывялі такія дадзеныя ў Дэпартаменце па турызме Мінспорту.
Намінацыя «Аграэкасядзіба года» прадстаўлена на рэспубліканскім турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь» у 2025 годзе. У 2024 годзе заяўкі на ўдзел паступілі ад 107 аграэкасядзіб.