Top.Mail.Ru

«Мая Беларусь»: усе на выстаўку ў Белэкспа!

Пакуль у краіне доўжацца дастаткова працяглыя выхадныя, трэба правесці іх не толькі дома ў ляноце, але і актыўна — напрыклад, наведаць выстаўку ў міжнародным выставачным цэнтры «Белэкспа», які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў напярэдадні Новага года. Наш карэспандэнт пераканалася асабіста — тут ёсць на што паглядзець і ёсць чым ганарыцца. Усе дасягненні краіны — у адным месцы. Гайда з намі!


Што рабіць некалькі дзён запар? Хатнія справы перароблены, стравы на наступны тыдзень (і Раство, безумоўна) прыгатаваны. Адказ вельмі просты — ідзём на выстаўку «Мая Беларусь», што пачала дзейнічаць зусім нядаўна. Шмат аб ёй чула, але ўбачыць на ўласныя вочы — гэта зусім іншае ўспрыманне. 

Для тых, хто на ўласным транспарце — «заганіце» ў навігатар адрас — Паліны Мядзёлкі, 24 і наперад! Для тых, хто вырашыў скарыстацца грамадскім, — таксама добрыя навіны — два разы на гадзіну адыходзяць аўтобусы: з прынынкаў побач са станцыямі метро Акадэмія навук і Пушкінская. Ну што? Пагналі!

...На падыходзе нас сустракае экспазіцыя на адкрытай пляцоўцы: тут прадстаўлена розная тэхніка — ад безпілотнага трактара «Беларус» да... танка. Так, сапраўднага танка. 

Дарэчы, менавіта ён карыстаецца асаблівым попытам у наведвальнікаў — на ім з задавальненнем фатаграфуецца малеча, якая ўяўляе сябе будучымі абаронцамі Радзімы. Між іншым, тут таксама прадстаўлены камбайны «Гомсельмаш», розная іншая тэхніка. 

Унутры наведвальнікаў сустракаюць некалькі залаў. 

За галоўнай лакацыяй «Мая Беларусь» ідзём наперад і трапляем ў месца, дзе нараждаююцца ўспаміны аб дзяцінстве, тактыльныя адчуванні хлебнай руні, карацей, інтэрактыўнага месца, дзе да ўраджаю можна літаральна дакрануцца рукой. Прычым на апошніх хвілінах сонца, якое адыходзіць да сну... Нараджаецца адчуванне лёгкасці і непарыўнай сувязі з бацькоўкай хатай, родным куточкам сваёй зямлі. 

Далей — болей. Інтэрактыў на гэтым не скончваецца. Спачатку — гукі роднай краіны: ад спеву птушак да песень жаб. Трэба сказаць, гэты канцэрт можна пачуць на пачатку лета нават у некаторых раёнах Мінска — ад салаўніных спеваў да жабіных канцэртаў — але не ўсім шчасціць, таму, калі ўзнікла жаданне ўзгадаць гукі краіны, — запрашаем на выстаўку.

Акрамя таго, сваю краіну можна не толькі пачуць, але і адчуць яе водар. У розных праявах: духмянай гарбаты з ліпавым мёдам і свежымі абаранкамі, смалістага лесу з ядлоўцам, смачнага застолля з салам, салёным агурком і часныком, ягадных «пацеркаў» з суніц і чарніц, што нанізвалі малымі на травіну і з задавальненем потым з’ядалі... Мммм... Смаката! 

Што парадавала: на лакацыі «Лугавыя травы» разам са зборам духмяных траў — чабору, каласоў, палыну — побач стаіць кніжка «Летнім часам» Якуба Коласа, выдадзеная ў нашым выдавецкім доме «Звязда». 

Удыхнуў водар — перанёсся ў летні вечар, дзе пахне чаборам, спелымі суніцамі і ліпавым мёдам. Дзе тоўстыя чмялі гудуць дзесьці над вухам, а ў хаце чакае шклянка цёплага малака і кніжка... Калі казаць аб маёй улюбёнай — то гэта «Росківіт рэспублікі маёй», выдадзенай дзесьці напачатку 80-х мінулага стагоддзя. У ей, дарэчы, таксама сабраны самыя яскравыя і годныя дасягненні тагачаснай БССР. 

Аднак жа вернемся да сучаснай рэчаіснасці. На выстаўцы можна пазнаёміцца з касмічнымі дасягненнямі нашай краіны (нават сфатаграфавацца на фоне капсулы, якая вярнула на Зямлю нашага першага ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўта Марыну Васілеўскую з арбітальнай станцыі), яе спартыўнымі, прамысловымі, культурнымі і іншымі поспехамі! Літаральна дакрануцца да ўсяго можна будзе асабіста. Прыходзьце абавязкова — не пашкадуеце!

Адразу скажам — уваход бясплатны. Для ахвотнікаў паслухаць якасную музыку такая магчымасць будзе — тут ладзяцца выступленні розных калектываў. 

І падсілкавацца таксама зможаце — унутры працуе фудкорт з самымі дэмакратычнымі цэнамі: дранікі па 3,5 рублі, безалкагольны глінтвейн — 2,5, гарбата — 1,5 рубля. Карацей, асалода будзе не толькі вачам, але і страўніку.

Як працуе выстаўка?

Па выхадных: з 11.00 да 21.00, у буднія дні — з 12.00 да 21.00.

У панядзелак — выхадны. 

Людзі кажуць 

Святлана Іванаўна з Мінска:

— Прыехалі сёння ўсёй сям’ёй, не пашкадавалі. Ёсць на што паглядзеці і што паказаць дзецям. Гэта наш айчынны гонар — нашы дасягненні. Замест таго, каб тысячу раз сказаць, што і як у нас вырабляецца, дастаткова адзін раз тут апынуцца і ўбачыць на ўласныя вочы. Я вельмі задаволена ад таго, што мы тут убачылі!

Сям’я Іванчыкавых. Бацька сямейства Алег Міхайлавіч кажа:

— Выбраліся ўсе разам — з бабуляй, дзецьмі, нават сябрамі — і рады таму, што не засталіся дома! Тут, сапраўды, сабрана ўсё самае лепшае, што ёсць у краіне па ўсіх галінах: лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, машынабудавання. Мы ўсе вельмі ўражаны аб убачанага! 

Да яго далучаецца жонка Аліна:

— Ведаеце, увесь гэты інтэрактыў робіць свою справу: я быццам апынулася ў дзяцінстве, калі бяжыш басанож на траве, адчуваеш водар траў, а потом дакранаешся да спелых каласоў далонямі — закрыла вочы і я — у вёсцы, бабуля кліча на падворак, заганяць і даіць кароў (гэтаму я навучылася з маленства). А на прыпячку чакае вячэра — малочная зацірка ці бульба з кіслым малаком. Хоць ты не расплюшчвай вочы... 

Мацвей, 9 гадоў:

— А мне спадабаўся лічбавы цір — я нават трапіў у 10-ку! І наогул, тут столькі ўсяго цікавага! 

Маргарыта ЗАРОЎКІНА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю