За 2025 год фізічным асобам неабходна выплаціць транспартны, зямельны падаткі і падатак на нерухомасць не пазней за 16 лістапада 2026 года. Хто павінен разлічыцца з дзяржавай, для каго прадугледжаны льготы, як змяніўся разлік падатку пры сумеснай уласнасці і што чакае тых, хто не паспее заплаціць своечасова, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб — начальнік упраўлення падаткаабкладання маёмасці і прадпрымальніцкай дзейнасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс Церашкоў.
У Беларусі ўжо праведзены разлік маёмасных падаткаў фізічных асоб за 2025 год. Падатковыя органы пачалі накіроўваць грамадзянам паведамленні на выплату адзінага маёмаснага плацяжу. Яны паступаюць у асабістыя кабінеты плацельшчыкаў, на электронную пошту, а таксама ў паштовыя скрыні па месцы рэгістрацыі. Пры гэтым у сёлетняй кампаніі ёсць некалькі змяненняў, якія варта ўлічыць.
Якая маёмасць абкладаецца падаткам
Падатак на нерухомасць выплачваецца за аб’екты, якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці або былі набыты ў лізінг. Гэта могуць быць кватэры, жылыя дамы, садовыя домікі, дачы, гаражы, машына-месцы, а таксама іншыя аб’екты нерухомасці, у тым ліку офісныя будынкі, складскія памяшканні і магазіны.
Зямельны падатак разлічваецца за ўчасткі, якія атрыманы ў спадчыну, знаходзяцца ва ўласнасці, пажыццёвым спадчынным валоданні або часовым карыстанні. У пералік уваходзяць таксама самавольна занятыя зямельныя ўчасткі.
Транспартны падатак выплачваецца фізічнымі асобамі за транспартныя сродкі, зарэгістраваныя за імі ў Дзяржаўтаінспекцыі.
Стаўкі падаткаў у параўнанні з мінулым годам у цэлым не змяніліся. Аднак самі сумы маглі крыху павялічыцца, паколькі штогод індэксуюцца на ўзровень інфляцыі. Таму для большасці грамадзян істотнага павелічэння плацяжоў не чакаецца.
Для каго падатак на аўтамабіль можа быць вышэйшым
У 2025 годзе быў перагледжаны пералік транспартных сродкаў павышанай камфортнасці. Таму ўладальнікі некаторых аўтамабіляў люкс-класа, якія летась атрымалі паведамленні са звычайнай сумай падатку, сёлета могуць убачыць большы плацеж.
Колькасць такіх аўтамабіляў таксама вырасла: калі ў мінулым годзе пад павышанае падаткаабкладанне трапіла каля 500 транспартных сродкаў, то сёлета іх ужо прыкладна 3 тысячы. Пры гэтым, як падкрэсліў Дзяніс Церашкоў, у агульнай колькасці аўтамабіляў гэта нязначная доля.
Новы парадак для сумеснай уласнасці
Змяненні закранулі і разлік зямельнага падатку і падатку на нерухомасць за маёмасць, набытую ў сумесную ўласнасць і зарэгістраваную адразу за некалькімі ўдзельнікамі.
З чэрвеня мінулага года ў заканадаўстве адбыліся адпаведныя змяненні. Раней сумесную ўласнасць звычайна афармлялі на мужа або жонку — цяпер рэгістрацыя правоў ажыццяўляецца адразу за двума ўдзельнікамі сумеснай уласнасці.
У сувязі з гэтым пры разліку падаткаў за 2025 год і наступныя гады прымяняецца іншы падыход. Калі кватэра або іншы аб’ект сумеснай уласнасці зарэгістраваны адначасова за мужам і жонкай, падатак разлічваецца кожнаму з іх, але з паніжальным каэфіцыентам 0,5. «То-бок, напрыклад, калі падатак за кватэру 70 рублёў, то кожнаму з удзельнікаў трэба выплаціць па 35 рублёў», — растлумачыў прадстаўнік МПЗ.
Што прадугледжана за нявыплату
Змяніўся і падыход да адказнасці фізічных асоб за несвоечасовую выплату або нявыплату маёмасных падаткаў.
У гэтым годзе ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях былі ўнесены адпаведныя змяненні. Несвоечасовая выплата або нявыплата маёмасных падаткаў больш не прызнаецца адміністрацыйным правапарушэннем.
Цяпер для фізічных асоб дзейнічае іншая норма. Калі да канца бягучага года грамадзянін не выканае свае падатковыя абавязацельствы і сума нявыплаты будзе перавышаць адну базавую велічыню, то ў наступным годзе да налічанай сумы яму дадаткова прад’явяць 15 працэнтаў ад таго плацяжу, які не быў выплачаны ў бягучым годзе.
Паводле слоў спецыяліста, колькасць фізічных асоб, якія маюць запазычанасць па адзіным маёмасным плацяжы, штогод памяншаецца, але такія выпадкі ўсё яшчэ ёсць. Таму новая норма накіравана на тое, каб стымуляваць грамадзян своечасова і поўнасцю выконваць падатковыя абавязацельствы.
Ільготы, якія дапамагаюць
Заканадаўствам прадугледжаны шырокі пералік выпадкаў, калі фізічныя асобы вызваляюцца ад выплаты маёмасных падаткаў.
Перш за ўсё гэта шматдзетныя сем’і. Яны вызваляюцца ад падатку на нерухомасць па ўсёй маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Ільгота распаўсюджваецца на ўсе кватэры, жылыя дамы, гаражы, дачы, машына-месцы і незавершаныя капітальныя будынкі.
Што датычыцца транспартнага падатку, то поўнай ільготы для шматдзетных няма: стаўка зніжаецца на 50 працэнтаў пры наяўнасці сапраўднага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі.
Да іншых ільготных катэгорый адносяцца пенсіянеры па ўзросце, асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту з правам на яго зніжэнне, інваліды І і ІІ груп, непаўналетнія, недзеяздольныя грамадзяне, асобы, якія праходзяць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу, а таксама грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзеянне закона аб ветэранах.
Для гэтых грамадзян ільгота ў выглядзе вызвалення ад падатку дзейнічае ў дачыненні да адной кватэры, аднаго жылога дома, усіх садовых домікаў, усіх гаражоў і машына-месцаў. Таксама яна распаўсюджваецца на адзін участак, дадзены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, а таксама на ўсе іншыя ўчасткі, прызначаныя для мэт, не звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Стаўка транспартнага падатку зніжаецца на 50 працэнтаў пры наяўнасці адпаведнага вадзіцельскага пасведчання.
Калі ў пенсіянера, напрыклад, дзве кватэры, ад падатку вызваляецца тая, па якой падатковая база вышэйшая. Такім чынам, падатковая льгота прымяняецца да больш дарагой кватэры, а за другую сума прад’яўляецца да выплаты. Такі ж парадак дзейнічае пры наяўнасці некалькіх жылых дамоў.
Ёсць і асобная льгота па падатку на нерухомасць для грамадзян, якія зарэгістраваны і пражываюць у сельскай мясцовасці, працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах і ў арганізацыях, што займаюцца сельскагаспадарчай вытворчасцю, а таксама ў размешчаных у сельскай мясцовасці установах адукацыі, аховы здароўя і культуры. Пры выкананні гэтых умоў яны вызваляюцца ад выплаты падатку на нерухомасць практычна па ўсіх аб’ектах, размешчаных у сельскай мясцовасці. Гэтая льгота прызначана ў першую чаргу для падтрымкі насельніцтва па-за гарадамі.
Калі трэба заплаціць
Ужо сфарміравана больш за 3,5 млн паведамленняў на аплату. Да 1 кастрычніка яны павінны быць дастаўлены плацельшчыкам.
Даведацца пра суму падатку можна і раней. Для гэтага неабходна зайсці ў асабісты кабінет плацельшчыка. Яшчэ адзін спосаб — скарыстацца АРІП, выбраўшы свой раён і ўвёўшы свой уліковы нумар плацельшчыка.
Калі такой магчымасці няма, можна звярнуцца ў падатковую інспекцыю па месцы жыхарства або па месцы знаходжання аб’екта і атрымаць дублікат паведамлення. Той жа парадак дзеянняў прадугледжаны, калі да 1 кастрычніка паведамленне не было атрымана.
За 2025 год тры віды маёмасных падаткаў неабходна выплаціць не пазней за 16 лістапада 2026 года. Дата змянілася на дзень, паколькі 15 лістапада сёлета выхадны.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ