Дырэктар фірмы, які браў перадаплату за замену агароджаў, дзвярэй і вокнаў, марнаваў грошы на асабістыя патрэбы і жыў на шырокую нагу, паведамляе Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Дырэктар фірмы, які здзейсніў буйную аферу, экстрадаваны з Расіі ў Беларусь і заключаны пад варту.
«УСК па Брэсцкай вобласці ўстаноўлены абставіны махлярства, учыненага ў асабліва буйным памеры. Мужчына выкраў грошы ў 138 пацярпелых», — сказана ў паведамленні на сайце СК.
На дадзены момант следчыя ўстанавілі, што 28-гадовы жыхар Віцебска стварыў таварыства з абмежаванай адказнасцю па аказанні мантажных работ — арандаваў у Брэсце і Гродне памяшканні пад офісы і наняў работнікаў. Праз час фірме сталі паступаць заказы. Акрамя таго, менеджары альбо асабіста дырэктар адпраўляліся самастойна ў вёскі на пошукі двароў з трухлявымі платамі, дамоў са старымі дзвярыма-вокнамі і прапаноўвалі паслугі па іх замене.
«Для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці дырэктар заключыў пагадненні з банкамі, у выніку чаго меў доступ да іх праграмнага забеспячэння і мог на месцы афармляць кліентам крэдыты на "паслугі" і заключаць дагаворы. Грошы адразу пералічваліся на рахункі фірмы», — расказалі ў СК.
Аднак, атрымаўшы перадаплату, дырэктар ТАА не спяшаўся выконваць абавязацельствы: тэрміны пачатку работ пераносіліся то са спасылкай на дрэннае надвор’е, то на недахоп рабочых, то на адсутнасць матэрыялаў. Часам «фірмач» і зусім не адказваў на званкі.
«Пасля масавых зваротаў падманутых грамадзян у праваахоўныя органы, мужчына ўцёк у Расійскую Федэрацыю. Падчас следства абвінавачаны быў абвешчаны ў вышук. Ва ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі мужчыну затрымалі і экстрадавалі ў Беларусь», — паведамілі ў камітэце.
Крыху не разлічыў
У Следчым камітэце таксама расказалі, што падчас допытаў дырэктар ТАА спрабаваў апраўдацца, спасылаючыся на нібыта няправільныя разлікі камерцыйнай рызыкі, выдаткаў на матэрыялы і паліва.
Разам з тым устаноўлена, што грошы, атрыманыя ад кліентаў, дырэктар не траціў на выкананне заказаў.
«Практычна адразу пасля паступлення сродкаў на рахункі фірмы, абвінавачаны пераводзіў іх на сваю карту, а затым выдаткоўваў на выплаты заробкаў супрацоўнікам і асабістыя патрэбы. Вёў марнатраўны лад жыцця, арандаваў дарагія кватэры і аўтамабілі», — паведамілі ў СК.
Па даных камітэта, за год пранырлівы віцябчанін завалодаў грашыма 138 грамадзян з Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей на агульную суму больш за 420 тысяч беларускіх рублёў.
Яму прад’яўлена абвінавачанне ў махлярстве ў асабліва буйным памеры, а гэта значыць па ч. 4 арт. 209 КК Беларусі, санкцыі якой прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў. Мужчына ўзяты пад варту, гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.