Top.Mail.Ru

Майстар вытворчага навучання — аб прафесіі, навучэнцах і конкурсах прафмайстэрства

Натхняць любоўю да справы.


Швейная справа гэта гарманічны сінтэз фантазіі і тэхналогіі. Каб асвоіць яе, трэба выдаткаваць нямала сіл і часу. Таццяна Раманюк у прафесіі больш за 40 гадоў. А цяпер працуе майстрам вытворчага навучання ў Мінскім дзяржаўным каледжы індустрыі моды, паспяхова рыхтуе вучняў да конкурсаў прафесійнага майстэрства, паказвае, якімі цікавымі і займальнымі могуць быць прафесіі швачкі і закройшчыка.

Дарога да прызвання

Яе шлях да швейнай справы пачаўся з паходу ў атэлье з мамай. Таццяна Анатольеўна ўспамінае, што гэта зрабіла незабыўнае ўражанне.

— Заходзіш туды і быццам бы апынаешся ў сапраўднай казцы. Я так натхнілася, што пытанне з будучай прафесіяй вырашылася само сабой, — падзялілася Таццяна Раманюк.

Нягледзячы на высокі конкурс, у хуткім часе наша гераіня стала студэнткай Мінскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 13 бытавога абслугоўвання насельніцтва (старая назва Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды. — «Зв.») і скончыла яго з чырвоным дыпломам.

 Наперадзе — размеркаванне, прычым не куды-небудзь, а ў славутае атэлье «Дом мод», якое размяшчалася на вул. Мельнікайтэ. І там, пасля адпрацоўкі належнага тэрміну, дзяўчыну ахапілі сумненні — а ці яе гэта шлях?
— Тады мне здавалася, што ў мяне шмат чаго не атрымліваецца, што некаторыя рэчы раблю недастаткова добра. У нейкі момант адбылася размова з загадчыцай, якая са здзіўленнем спытала: «Калі ў вас не атрымліваецца, тады ў каго, увогуле?»
Менавіта гэтыя словы і адыгралі вырашальную ролю ў той пераломны момант, адзначае Таццяна Раманюк.

І яна засталася, і ў далейшым ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.
— Я люблю маю прафесію, нават можна сказаць, што я фанат яе. Развіваюся ў ёй і сёння. Вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, а ім падабаецца — са мною. Увогуле, я цвёрда перакананая, што зацікавіць навучэнцаў можна толькі тады, калі ты сам захоплены прафесіяй, — падзялілася суразмоўніца.

Вучыць з задавальненнем

Таццяна Раманюк з тых майстроў, што працуюць на вынік. Сярод яе выпускнікоў мноства дастойных спецыялістаў: майстроў, выкладчыкаў, дызайнераў, швачак...

Адзін з сакрэтаў поспеху — у адказным стаўленні да заняткаў.
— Заўжды рыхтуюся і хвалююся, як у першы раз. Мне хочацца, каб у мяне быў кантакт з навучэнцамі, каб яны чулі і разумелі мяне, каб была сапраўдная зацікаўленасць, а не абыякавасць, — падзялілася яна.
 Заняткі ідуць па пэўнай тэме, якая прадугледжана праграмай. Доўжацца 6-8 гадзін у дзень у залежнасці ад курса. Таксама ў каледжы ёсць сваё атэлье, дзе навучэнцы пад кантролем майстра выконваюць індывідуальныя заказы рознай складанасці.
— У асноўным у наш каледж ідуць творчыя і натхнёныя людзі, у якіх ёсць пэўная цяга да гэтага кірунку. На першым курсе яны яшчэ неяк так прыглядаюцца. А вось на трэцім ужо вельмі многія ўлюбляюцца ў прафесію. На пачатку вучобы дзецям можа падацца, што ўсё вельмі складана. Формулы нейкія, пабудовы чарцяжоў канструкцыі адзення... Але з цягам часу гэтыя пазлы складаюцца ў адзін паўнавартасны малюнак. І ў нас, як правіла, з кожнай групы 7–10 чалавек пераходзяць на новую прыступку — атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта пра многае гаворыць, — падзялілася майстар.
Яшчэ адзін складнік поспехаў навучэнцаў, паводле яе слоў, — добрая матэрыяльная база:

— У нас новыя безматорныя машыны. Такое адчуванне, што яны самі шыюць!

Як убачыць адораных

Значнае месца ў працоўнай дзейнасці Таццяны Раманюк — падрыхтоўка навучэнцаў да конкурсаў прафесійнага майстэрства.
— Я рыхтую да конкурсаў з самага пачатку іх з’яўлення ў нашай краіне і магу з упэўненасцю сказаць: цяперашні ўзровень нельга параўноўваць з тым, што было раней. Заданні сталі больш складанымі. Часам узнікае пытанне: а я сама змагла б такое зрабіць? Ніхто наперад не ведае, якія будуць заданні, таму стараемся прапрацаваць усе магчымыя варыянты, — расказала яна. — А ўвогуле, адораных дзяцей бачна ўжо на першым курсе. Тым не менш шмат залежыць і ад асабістага стаўлення навучэнца да прафесіі. Хтосьці баіцца цяжкасцяў, лянуецца і закопвае свой патэнцыял, а хтосьці, наадварот, пры меншых зыходных здольнасцях, але пры вялікім жаданні дасягае значна лепшых вынікаў.
Дарэчы, заслугі майстра вытворчага навучання ацэнены на самым высокім узроўні. Сярод дасягненняў Таццяны Раманюк — узнагарода Прэзідэнта за падрыхтоўку адоранай моладзі, а таксама нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі».

Слова навучэнцам

  • 23–26 мая ў сталіцы пройдзе VІ рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства ProfSkіlls Belarus 2025, на якім Мінскі дзяржаўны каледж індустрыі моды прадставіць пераможца гарадскога этапу, навучэнка 3-га курса па кваліфікацыі «Візажыст, швачка, закройшчык» Паліна Дытман.
— Я не чакала, што займу першае месца на гарадскім этапе. Гэта была ў добрым сэнсе шакавальная навіна. Варта аддаць належнае: Таццяна Анатольеўна нас вельмі добра падрыхтавала, — распавяла Паліна.
Калі Паліна паступала ў каледж, то думала, што асноўнай яе спецыяльнасцю стане «Візажыст». Аднак чым больш паглыблялася ў швейную справу, тым больш яна ёй падабалася.
— Удзел у конкурсе наогул адкрыў прафесію з іншага боку. Вельмі карысны практычны досвед. Да рэспубліканскага этапу ўжо таксама гатова. Спадзяюся на добрыя вынікі, — падзялілася дзяўчына.
 У найбліжэйшыя два гады яна збіраецца паступаць у гэты ж каледж на кваліфікацыю «Мадэльер-канструктар. Тэхнік-тэхнолаг». А далей... Магчыма стане майстрам вытворчага навучання ў альма-матар, а можа вырашыць развівацца ў нечым іншым. У адным Паліна ўпэўнена: са швейнай справай ёй сапраўды па дарозе.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю